Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ёсьць і ў нас сакрэты, якімі мы з Расеяй ня дзелімся». Ці высылалі зь Беларусі Героя Расеі?


Пасольства РФ у Менску
Пасольства РФ у Менску

Кадравы расейскі вайсковец Раман Сьпірыдонаў, які ў 2018–2019 гадах быў вайсковым аташэ расейскай амбасады ў Беларусі, больш не працуе на гэтай пасадзе. Зьвесткі пацьвердзілі ў амбасадзе Расеі і патлумачылі ад’езд аташэ «заканчэньнем ягонай камандзіроўкі».

«Гэта наша звычайная кадравая сытуацыя», — цытуе агенцтва Інтэрфакс прэсавага сакратара амбасады Расеі ў Беларусі Аляксея Маскалёва.

Паводле неназваных крыніц Telegram-каналу Harbatsevich, былы вайсковы аташэ Раман Сьпірыдонаў быў высланы «ў сувязі зь дзейнасьцю, якую не назавеш дыпляматычнай». Расейскія СМІ абмяркоўвалі вэрсію, што Сьпірыдонава маглі выслаць за шпіянаж.

Раман Сьпірыдонаў — прафэсійны вайсковы выведнік, ваяваў у Чачні, узнагароджаны зоркай Героя Расеі, працаваў на дыпляматычнай пасадзе ў Францыі. У Беларусь прыехаў пасьля таго, як паслом Расеі быў прызначаны Міхаіл Бабіч, зь імем якога зьвязваюць зьяўленьне напружанасьці ў адносінах зь беларускім кіраўніцтвам. У выніку Бабіча адклікалі назад у Расею.

Ці магло стацца так, што Рамана Сьпірыдонава сапраўды ў Беларусі абвясьцілі «пэрсонай нон грата» і выслалі за шпіёнскую дзейнасьць? Такое пытаньне карэспандэнт Свабоды задаў незалежнаму вайсковаму экспэрту Аляксандру Алесіну.

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Экспэрт патлумачыў, што збор выведных дадзеных — гэта асноўная частка працы любога вайсковага аташэ. Але прызнаў, што сытуацыя з вайсковым аташэ расейскай амбасады асаблівая.

«Вайсковыя аташэ на тое і існуюць, каб з маўклівай згоды бакоў яны вялі легальную выведку. Каб у іх не было патрэбы займацца нелегальнай выведкай, іх інфармуюць, паказваюць, запрашаюць на розныя мерапрыемствы, кшталту манэўраў. А за нелегальную выведку адказвае іншы чалавек у амбасадзе, ім можа быць першы сакратар амбасады, другі сакратар, дарадца — па-рознаму. Вось нехта зь іх можа займацца агентурнай выведкай, то бок нелегальнай. Ці ёсьць такі чалавек у расейскай амбасадзе, мне цяжка ацэньваць, бо сытуацыя неадназначная», — сказаў Аляксандар Алесін.

Экспэрт нагадаў, што Беларусь і Расея — вайсковыя саюзьнікі, і ў межах гэтага саюзу паміж краінамі заключанае пагадненьне, каб ня весьці адзін супраць аднаго нелегальнай выведкі.

«Бакі праводзяць сумесныя калегіі міністэрстваў абароны, дзеляцца вайсковымі сакрэтамі, зацьверджаная сумесная палітыка ў сфэры вайскова-тэхнічнага забесьпячэньня. Мы ўдзельнічаем і ў іхным абаронным заказе, пастаўляем прадукцыю для самага сакрэтнага расейскага ўзбраеньня, таму ў мяне вялікія сумненьні, што аташэ Сьпірыдонаў сапраўды быў высланы з прычыны шпіянажу. Магчыма, ён зьехаў, бо скончыўся тэрмін кантракту, магчыма, спатрэбіўся былому паслу Бабічу на іншым месцы, бо Сьпірыдонаў зьявіўся ў Беларусі ў складзе каманды Бабіча», — мяркуе экспэрт Аляксандар Алесін.

Што можа быць цікава расейцам пра вайсковыя справы Беларусі?

Экспэрт Аляксандар Алесін мяркуе, што такія тэмы апошнім часам зьявіліся і аташэ Сьпірыдонаў мог імі цікавіцца.

«Гэта нашы замежныя пастаўкі зброі і вайсковай тэхнікі, у чым мы часам аказваемся канкурэнтамі расейцам. Бывае, перашкаджаем адзін аднаму, бывае, дамаўляемся. Вось на апошняй выставе ўзбраеньняў Milex, якая праходзіць у Менску, у кулюарах прадстаўнікі Расеі прызнавалі, што шмат дзе мы ўжо канкурэнты. Прыкладам, у рамонце і мадэрнізацыі ўзбраеньняў», — нагадаў экспэрт Алесін.

Паводле Аляксандра Алесіна, расейскую выведку можа таксама цікавіць вайсковае супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем, якое паступова пашыраецца, і стасункі ў вайсковай галіне з Украінай, якія не спыняюцца.

«Усё ж ёсьць і ў нас сакрэты, ёсьць шэраг дзеяньняў у вайсковай галіне, якімі мы да часу з Расеяй ня дзелімся, тым больш улічваючы, што і расейцы часта сябе паводзяць гэтаксама», — кажа экспэрт Аляксандар Алесін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG