Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо не траціна, але яшчэ за два мільёны. Колькі ў Беларусі бедных


Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі выдаў штогадовы статыстычны даведнік (PDF). Адзін з разьдзелаў — пра ўзровень жыцьця — дэманструе пазытыўныя зьмены.

Колькасьць бедных беларусаў пачала зьніжацца ўпершыню пасьля 2014 году. Праз эканамічны крызіс у 2015–2016 гадах упершыню з 1995-га афіцыйнай статыстыкай зафіксаванае падзеньне рэальных заробкаў.

За 2018 год у Беларусі налічылі каля 2 667 100 чалавек, якія маюць наяўныя сярэднедушавыя рэсурсы, меншыя за мінімальны спажывецкі бюджэт. Цяпер гэты бюджэт, які зацьвярджае Савет Міністраў, складае 145–230 даляраў для розных катэгорыяў насельніцтва: для працаздольных 473,67 рубля, для пэнсіянэраў — 368,92 рубля, для студэнтаў — 349,16 рубля, для маладой сям’і з трох чалавек — 403,4 рубля.

Такім чынам, 29,4% жыхароў Беларусі ня маюць дастаткова грошай «для задавальненьня асноўных фізыялягічных і сацыяльна-культурных патрэбаў». У 2017-м такіх было 3,01 млн, або 33,9%, а ў «найлепшы» 2014 год — 1,6911 млн, або 18,9%.

Таксама за 2018 год налічылі каля 511 500 чалавек зь сярэднедушавымі наяўнымі рэсурсамі, меншымі за бюджэт пражытковага мінімуму. БПМ складаў у 2018 годзе 210,6 рубля на месяц, цяпер (ад 01.08.19) — у сярэднім на душу насельніцтва 230,91 рубля.

Гэта значыць, 5,6% насельніцтва Беларусі ня мае мінімальных сродкаў, неабходных для забесьпячэньня здаровага жыцьця. Да таго было горш: у 2017 годзе такіх было 528,1 тысячы, або 5,9%. Колькасьць абсалютна бедных пачала расьці пасьля 2014 году, калі такіх налічылі 431,9 тысячы, або 4,8%.

Паводле зьвестак Белстату, сярэднедушавыя даходы ў Беларусі ўтрая большыя за бюджэт пражытковага мінімуму, намінальныя налічаныя заробкі — у чатыры разы большыя (да вынятку падаткаў і збораў), а сярэднія налічаныя пэнсіі большыя ўдвая.

Больш як дзьве траціны малазабясьпечаных гаспадарак — зь дзецьмі да 18 гадоў. 10% найбольш забясьпечаных хатніх гаспадарак у шэсьць разоў багацейшыя за 10% найбяднейшых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG