Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра Лукаша Калюгу — пісьменьніка, які не здаваў сваіх


Лукаш Калюга
Лукаш Калюга

Сёньня, 27 верасьня, спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэньня клясыка беларускай літаратуры, празаіка і перакладчыка Лукаша Калюгі (1909–1937).

Пры жыцьці ў яго ня выйшла ніводнай кнігі, але напісанае ім карысталася вялікай папулярнасьцю сярод моладзі. Любіў адзіноту і пазьбягаў тлумных кампаній. Быў сябрам літаратурнай суполкі «Ўзвышша». Тонкай, мілагучнай мовай прозы Лукаша Калюгі захапляўся Кузьма Чорны і прарочыў яму вялікую будучыню. Быў чулы да сяброў-літаратараў. Калі незадоўга да арышту да яго прыйшоў Уладзімер Жылка і жаліўся, што ня мае працы, то Лукаш Калюга аддаў яму частку свайго заказу — пераклад «Швейка».

У 1933-м яго арыштавалі, а праз чатыры гады расстралялі.

Лепшыя творы Лукаша Калюгі — «Ні госьць ні гаспадар», «Нядоля Заблоцкіх», «Лукʼян — капераціўскі сабака», «Трахім — штучны чалавек» — і цяпер успрымаюцца надзвычай сьвежа, ярка, надзённа.

1. Быў адным з самых высокіх беларускіх пісьменьнікаў

Лукаш Калюга
Лукаш Калюга

Паводле Леаніда Маракова, рост Лукаша Калюгі — больш за два мэтры. Літаратуразнаўца Яўген Лецка пісаў, што пісьменьнік «...вылучаўся сярод іншых сваёй высознай, даўгавязнай постацьцю і часамі, каб выкінуць бяскрыўднага коніка, мог лёгка, быццам праз зэдлік, пераступіць праз выкладчыцкі стол і сігануць на месца за партай».

2. Немаўляткам дзівіў дарослых, бо амаль ніколі ня плакаў

Сябар Лукаша Калюгі, навуковец Франц Гінтаўт успамінаў: «Цётка Кастуся [сапраўднае імя і прозьвішча пісьменьніка — Кастусь Вашына]... казала... пра яго маленства: „Звычайна дзеці на сьлёзы лёгкія, а Кастусёк, нават калі нарадзіўся, доўга лыпаў вачыма і ніякага голасу не падаваў. Бабка ня ўцерпела — усе ж дзеці родзяцца і кугакаюць, а ён, бач, уздумаў радавацца — і дала яму добрага шляпунца. Кастусёк паморшчыўся, крыху нехаця кугакнуў ды пачаў губамі чмокаць — гэта давай яму есьці“. Цётка ніколі ня чула, каб Кастусь заплакаў... быў не капрызны, і гадаваць яго была адна ўцеха».

3. Яго школьныя краязнаўчыя працы мелі ў навуковых колах Менску высокую ацэнку

Антон Адамовіч
Антон Адамовіч

Паводле літаратуразнаўцы Антона Адамовіча, Лукаш Калюга «яшчэ вучнем апошніх клясаў... захапляецца... краяведнай працай, пачынае запісваць народныя песьні й іншыя фальклёрныя творы свае мясцовасьці, а таксама і асабліва — словы й звароты народнае мовы. Назьбіраныя матарʼялы адсылае ў Інстытут Беларускае Культуры... дзе яны спатыкаюць высокую ацэну, як лепшыя з прысланых у Інстытут матарʼялаў як з гледзішча зьместу й мовы, гэтак і з боку дакладнасьці і акуратнасьці запісу».

4. Быў нязгодны з пазыцыяй сяброў суполкі «Маладняк», якія скептычна ставіліся да літаратурных здабыткаў папярэднікаў

У прадмове да пасьмяротнага выданьня кнігі «Ні госьць ні гаспадар» Яўген Лецка адзначыў: «Калі з кім Калюга палемізаваў, дык гэта з маладнякоўцамі. /.../ Маладнякоўцы... лічылі сябе адзінымі стваральнікамі новага мастацтва Савецкай Беларусі, і таму іх творчыя намаганьні нярэдка былі скіраваны на тое, каб адмежавацца ад так званай „старой“ літаратуры. /.../ У аповесьці [„Ні госьць, ні гаспадар“] у досыць выразнай форме праводзіцца думка аб тым, што маладое пакаленьне павінна пераняць ад бацькоў усё тое каштоўнае, што маецца ў іх характарах, той вопыт, які здабыты прадстаўнікамі старэйшага пакаленьня. Пісьменьнік асуджае пагардлівае стаўленьне дзяцей да бацькоў».

Літаратурнае аб’яднаньне «Маладняк». Сядзяць: Язэп Падабед, Алесь Якімовіч, Міхась Чарот, Алесь Дудар, Язэп Пушча. Стаяць: Адам Бабарэка, Нічыпар Чарнушэвіч, Паўлюк Трус, Анатоль Вольны, Андрэй Александровіч, Кузьма Чорны. 1924–1925 гг.
Літаратурнае аб’яднаньне «Маладняк». Сядзяць: Язэп Падабед, Алесь Якімовіч, Міхась Чарот, Алесь Дудар, Язэп Пушча. Стаяць: Адам Бабарэка, Нічыпар Чарнушэвіч, Паўлюк Трус, Анатоль Вольны, Андрэй Александровіч, Кузьма Чорны. 1924–1925 гг.

5. Умела высьмейваў сваіх крытыкаў

Франц Гінтаўт успамінаў: «Сярод літаратуразнаўцаў было некалькі прыхільнікаў сацыялягічных схем папулярнага ў той час крытыка Л. Бэндэ, іх называлі „каршункамі“. „Каршункі“ мясілі ўсіх, хто не ўкладаўся ў бэндаўскія схэмы... Адзін зь іх заўзята крытыкаваў „узвышэнца“ Лукаша Калюгу, амаль заўсёды знаходзіў прычыну для чарговых наскокаў. Калюга ж звычайна спакойна, з гумарам, як ён выдатна ўмеў рабіць, падаграваў эмоцыі крытыка. „Каршунок“ тады распаляўся ажно да крыку, неяк надзімаўся, каб надаць больш значнасьці сваёй асобе. Побач жа з высачэзным Лукашом нізкарослы, крыху кульгавы „каршунок“ выглядаў ліліпутам, і гэта вельмі пацяшала прысутных».

6. Не паддаўся на ўгаворы Зьмітрака Бядулі і Максіма Гарэцкага напісаць працяг аповесьці «Ні госьць ні гаспадар»

Зьмітрок Бядуля
Зьмітрок Бядуля

Паводле Антона Адамовіча: «Першая частка аповесьці „Ні госьць ні гаспадар“... друкавалася з працягамі ў часапісе „Ўзвышша“ праз цэлы 1928 год... Першы ж разьдзел другое часткі, што меў ісьці ў першым нумары часапісу ўжо ў 1929 годзе, бальшавіцкая цэнзура... зьвярнула назад дзеля „перапрацаваньня“... Аднак малады пісьменьнік станоўка занаравіўся... і заявіў катэгарычна, што ані папраўляць, ані пісаць далей аповесьці... ня будзе, „калі так“ /.../ Угаворваньні не памаглі: дармо нат сам майстар „пісаньня між радкоў“ Зьмітрок Бядуля... спрабаваў паказаць маладому аўтару, як можна „паправіць“, каб і тое, што трэба, сказаць, і людзям зразумець даць, а цэнзуры вочы замыліць, дарма і Максім Гарэцкі прапанаваў прыняты ім спосаб — пісаць... хоць не для друку, дык для магчымай будучыні. „Тады й дапішацца, калі папраўляць ня будзе трэба“, — было апошняе Калюгавае слова...»

7. Не хадзіў у Дом пісьменьніка, бо «не любіў марнай валтузьні»

Вокладка першай (пасьямротнай) кнігі Лукаша Калюгі. «Нядоля Заблоцкіх» (Мюнхэн, 1954). Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Вокладка першай (пасьямротнай) кнігі Лукаша Калюгі. «Нядоля Заблоцкіх» (Мюнхэн, 1954). Нацыянальная бібліятэка Беларусі

На пытаньне паэта Сяргея Грахоўскага: «...Чаму ж ён ніколі не бывае ў Доме пісьменьніка?» быў адказ: «Ня любіць марнай валтузьні і мітусьні, пустой балбатні і ўяўнай фанабэрыі. Ён піша. А гэта галоўнае». Паэт і мовазнаўца Ян Скрыган прыгадваў, як пра гэта казаў Лукаш Калюга: «А што мне рабіць у тым вашым доме? Розуму ж там ні ад кога не набярэсься».

8. Падчас першай хвалі рэпрэсій і далей, калі быў арыштаваны, адмаўляўся супрацоўнічаць з органамі НКВД

Паводле Яўгена Лецкі: «...яго самога не адзін раз выклікалі ў адпаведныя органы — прапаноўвалі, папярэджвалі, пагражалі. Да гонару пісьменьніка, чалавека і грамадзяніна, трэба сказаць, што ён быў адным зь нямногіх, хто ні вусна, ні ў друку ня выступіў зь якімі-небудзь абвінавачваньнямі, разноснай крытыкай у адрас тых, каго білі ці зьбіраліся біць, ня каяўся за памылкі ўласныя, якіх не было, але прымушалі прызнаць».

Апошняе надрукаванае перад арыштам апавяданьне Лукаша Калюгі «Вам знаёмае» (Чырвоная Беларусь. 1933. № 2-3) Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Апошняе надрукаванае перад арыштам апавяданьне Лукаша Калюгі «Вам знаёмае» (Чырвоная Беларусь. 1933. № 2-3) Нацыянальная бібліятэка Беларусі

9. Сядзеў у той жа турме, што і Якуб Колас

Лецка таксама цікава адзначае: «Сядзеў празаік у менскай турме, той самай, дзе да рэвалюцыі за ўдзел у нелегальным настаўніцкім зьезьдзе адбываў пакараньне Якуб Колас. Такім чынам, па волі злога лёсу наладжвалася пераемнасьць былога і цяперашняга...»

10. З усіх беларускіх пісьменьнікаў найбольш шанаваў Кузьму Чорнага

Леанід Маракоў апублікаваў у адным са сваіх артыкулаў цікавыя дакумэнты: «У паказаньнях Л. Калюгі, у ягонай асабовай справе ў НКУС чытаем (стыль і артаграфія арыгіналу захоўваецца): «Кузьма Чорны помог мне войти в литературу... Он первый /.../ напечатал [меня] в „Чырвонам сейбіце“, где я тогда работал, мою первую вещь. Через него я начал печататься в журнале „Узвышша“. Я очень ему благодарен за это. Я приходил — правда редко — к нему на квартиру. Из бесед с ним я вполне убежден, что Кузьма Чорны — советский писатель, такой писатель, который нужен нашей эпохе...»

Першае савецкае выданьне твораў Лукаша Калюгі (Менск, 1974). Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Першае савецкае выданьне твораў Лукаша Калюгі (Менск, 1974). Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Выкарыстаная літаратура

1. Леанід Маракоў. Падстрэлены на ўзьлёце... // Літаратура і мастацтва. 24 верасьня 1999 г. № 38.
2. Ян Скрыган. Каляровы аловак. / Некалькі хвілін чужога жыцця. Мн., 1979.
3. Сяргей Грахоўскі. Лукаш Калюга / Так і было. Мн., 1986.
4. Р. Склют. Уступнае слова / Лукаш Калюга. Нядоля Заблоцкіх. Мюнхэн, 1954.
5. Яўген Лецка. Талент, які многа абяцаў... / Лукаш Калюга. Ні госць ні гаспадар. Мн., 1974.
6. Яўген Лецка. Чараўнік слова / Лукаш Калюга. Творы. Мн., 1992.
7. Франц Гінтаўт. Успаміны пра сябра / Лукаш Калюга. Творы. Мн., 1992.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG