Прызначаны на 25 верасьня працэс над актывістам анархісцкага руху Зьмітром Паліенкам Менскі гарадзкі суд вырашыў зрабіць закрытым ад грамадзкасьці. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі 20 верасьня ў прэсавай службе Вярхоўнага суду. Але на якой падставе было прынята такое рашэньне? Атрымаць камэнтар у Менскім гарадзкім судзе не ўдалося.
Былы судзьдзя, юрыст Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла назваў прычыны, дзеля якіх працэс могуць зрабіць закрытым.
«Паводле 23 артыкула Крымінальна-працэсуальнага кодэксу гэта:
- каб не дапусьціць разгалошваньня дзяржаўных сакрэтаў;
- калі падсудным ці пацярпелым у судзе зьяўляецца непаўналетні;
- калі разглядаецца справа аб палавых злачынствах;
- калі трэба забясьпечыць бясьпеку пацярпеламу ці іншым удзельнікам працэсу.
Што тычыцца закрыцьця працэсу над актывістам Зьмітром Паліенкам — гэта чыста палітычнае рашэньне, зьвязанае выключна зь ягонай палітычнай актыўнасьцю. Бо ніякіх дзяржаўных сакрэтаў ды іншых законных прычын закрываць суд я ня бачу», — мяркуе былы судзьдзя Гары Паганяйла.
Зьміцер Паліенка быў арыштаваны сёлета ў сакавіку, і з таго часу яго ўтрымліваюць у менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага. Вядома, што адпачатку Паліенка не прызнаваў віны і тлумачыў перасьлед сваёй грамадзкай актыўнасьцю. Чаму праваабаронцы дагэтуль не прызналі яго палітвязьнем і пры якіх умовах ён можа атрымаць гэты статус?
Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч сказаў, што дагэтуль для назіральнікаў застаецца няясным эпізод, паводле якога Зьмітра Паліенку абвінавачваюць у злосным хуліганстве — што ён распыліў сьлезацечны газ у твар чалавека, якога сустрэў у падʼезьдзе. Паводле Валянціна Стэфановіча, да гэтай гісторыі шмат пытаньняў. І закрытасьць працэсу ня зробіць яе больш зразумелай, але паспрыяе таму, каб Паліенку прызналі вязьнем сумленьня, лічыць праваабаронца.
«Для праваабаронцаў вельмі важным заставаўся эпізод аб злосным хуліганстве. Гэта вельмі сурʼёзнае абвінавачаньне, і таму надзвычай важна яго вывучыць у адкрытым працэсе. Паслухаць, што кажа пацярпелы, што абвінавачаны. Ці ёсьць сьведкі, або ўсё грунтуецца толькі на словах пацярпелага. Бо, можа, мела месца самаабарона ў мэтах прадухіленьня гвалту з боку пацярпелага. Таму мы настойваем на адкрытым працэсе. Калі сьледзтва сьцьвярджае, што Паліенка такі нягоднік і хуліган, дык пакажыце гэта грамадзкасьці, пераканайце нас у гэтым. Інакш у нас узьнікаюць пытаньні, і мы рэальна сумняёмся ў тым, што ім ёсьць што паказваць», — сказаў Валянцін Стэфановіч.
Паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, справа Зьмітра Паліенкі выклікае вялікі грамадзкі інтарэс па ўсіх эпізодах. І таго, што ён нібыта распальваў варожасьць да міліцыянтаў, і што нібыта абразіў тагачаснага міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. У гэтых абвінавачаньнях праваабаронца бачыць палітычны складнік і адзначае, што міліцыя — не асобная сацыяльная група. Што да выказваньняў на адрас Ігара Шуневіча, як заўважае праваабаронца, відэаролік на ягоны адрас дагэтуль знаходзіцца ў сеціве ў адкрытым доступе, а словы пра Шуневіча нельга разглядаць асобна ад той крытыкі, якая гучала на адрас экс-міністра за мэтады ягонай працы.
Валянцін Стэфановіч нагадаў прынятую сярод праваабарончых арганізацый сьвету практыку: калі падобныя працэсы праходзяць закрытымі, гэта расцэньваецца як парушэньне права на абарону, і асуджаныя актывісты прызнаюцца палітычнымі вязьнямі. «У такім разе нам давядзецца зьбірацца і прымаць адпаведнае рашэньне адносна Зьмітра Паліенкі», — сказаў Валянцін Стэфановіч.
Суд над Зьмітром Паліенкам мае пачацца а 10 гадзіне 25 верасьня ў Менскім гарадзкім судзе. Як вядома зь ліста актывіста на волю, ён на знак пратэсту супроць закрытасьці працэсу зьбіраецца на ім маўчаць. Будучы працэс Зьміцер Паліенка назваў расправай з прадвызначаным вынікам і папярэдзіў, што будзе вымушаны пайсьці на іншыя формы пратэсту, калі суд ня зробяць адкрытым.
Нявеста Зьмітра Паліенкі Наста Гусева паведаміла карэспандэнту Свабоды, што яе выклікалі ў суд на допыт у якасьці сьведкі на 14 гадзіну дня. Наста Гусева нагадала, што на пачатку сьледзтва праходзіла па справе ў якасьці падазронай і толькі ў сярэдзіне лета ёй зьмянілі статус на сьведку.
«Але я адпачатку адмаўлялася супрацоўнічаць са сьледзтвам і зьбіраюся прытрымлівацца гэтай пазыцыі далей», — сказала Наста Гусева.
Наста Гусева таксама мяркуе, што прысуд Зьмітру Паліенку ўжо вынесены, і на судзе яго толькі абвесьцяць.
Паводле Насты Гусевай, яны са Зьмітром Паліенкам паспрабуюць заключыць шлюб адразу пасьля абвяшчэньня прысуду, калі актывіст яшчэ будзе ў СІЗА на Валадарскага. «Пакуль будзе чакаць разгляду касацыйнай скаргі», — удакладніла нявеста Паліенкі Наста Гусева.
Што важна ведаць пра справу Паліенкі
Зьмітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка за тое, што ён распыліў газавы балёнчык у твар мужчыну, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэньне на лесьвічнай пляцоўцы (сам Паліенка казаў, што скарыстаў балёнчык у мэтах самаабароны — толькі тады, калі на яго напаў п'яны мужчына).
Пазьней сьледчыя прадʼявілі яму яшчэ некалькі крымінальных абвінавачаньняў:
- «Псаваньне маёмасьці ў грамадзкім месцы» — за графіці на Ахоцкай вуліцы ў Менску (арт. 341).
- «Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» — за словы на адрас былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча (арт. 369).
- «Асабліва злоснае хуліганства» — за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводзкім раёне Менску (ч. 3 арт. 339).
- «Распальваньне сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130).