Прэзыдэнт Ізраілю Рэўвэн Рыўлін заявіў, што ў новы ўрад пасьля ўсеагульных выбараў 17 верасьня павінны ўвайсьці прадстаўнікі партыі «Лікуд», якую ўзначальвае прэм’ер Біньямін Нетаньяху, і «Кахоль-лава» на чале з Бэні Ганцам.
Пры такім складзе ўраду можна будзе, на думку прэзыдэнта, дамагчыся ўстойлівай кааліцыі.
Рыўлін выступіў са сваімі камэнтарамі падчас сустрэчы з прадстаўнікамі палітычных партый. Прэзыдэнт Ізраілю, як піша агенцтва Reuters, хацеў пачуць ацэнкі партыйных лідэраў адносна таго, хто павінен стаць кіраўніком ураду пасьля парлямэнцкіх выбараў.
Партыя «Лікуд» заваявала на выбарах 31 дэпутацкі мандат. Апанэнты Нетаньяху дамагліся 33 месцаў у парлямэнце. AFP называе такі вынік «тупіковым», таму што ніводная зь дзьвюх вядучых партый ня зможа сфармаваць дзеяздольную кааліцыю.
Гэта выклікала асьцярогі, што давядзецца праводзіць трэція ў гэтым годзе парлямэнцкія выбары.
Прэзыдэнт Рэўвэн Рыўлін працягвае кансультацыі зь лідэрамі палітычных партый Ізраілю, каб вызначыць, каму даверыць фармаваньне ўраду. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што зробіць усё магчымае, каб пазьбегнуць новых пазачарговых парлямэнцкіх выбараў.