Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест «настаўніцы з партай» Лукашэнка звольніў 6 чыноўнікаў. Хто яны?

абноўлена

Сярэдняя школа №15 у Гомлі, дзе настаўніца абражала вучня
Сярэдняя школа №15 у Гомлі, дзе настаўніца абражала вучня

Вышэйшых урадоўцаў і гомельскіх чыноўнікаў прыцягнулі да адказнасьці за інцыдэнт у гомельскай школе № 15, дзе настаўніца нецэнзурна абражала вучня. Адпаведнае распараджэньне падпісаў 19 верасьня Аляксандар Лукашэнка, піша БелаПАН са спасылкай на ягоную прэс-службу.

Каго звольняць?

Паводле распараджэньня старшыня Гомельскага аблвыканкаму Генадзь Салавей мусіць прасачыць, каб свае пасады вызвалілі:

  1. Начальнік упраўленьня адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын. Менавіта ён у дзень канфлікту абвясьціў бацькам пра звальненьне настаўцы Людмілы Чацьвяртковай;
  2. Начальнік упраўленьня адукацыі Гомельскага гарвыканкаму Людміла Крылістэнка;
  3. Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Навабеліцкага раёну Гомля Алена Копа;
  4. Начальнік аддзелу адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Навабеліцкага раёну Гомля Аляксандар Дземянчук;
  5. Галоўны спэцыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму, адміністрацыі Навабеліцкага раёну Гомля Кацярына Шарамава;
  6. Дырэктарка гомельскай школы № 15 Марына Чарненка.

Звольненых перавядуць на іншую працу, куды менавіта — не ўдакладняецца.

Каго ўжо пакаралі?

За непрыманьне мераў па навядзеньні ў школах парадку і невыкананьне даручэньняў кіраўніка дзяржавы «строга папярэдзілі»:

  • прэмʼер-міністра Сяргея Румаса;
  • кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальлю Качанаву;
  • намесьніка прэмʼер-міністра Ігара Петрышэнку.

Міністра адукацыі Ігара Карпенку папярэдзілі аб няпоўнай службовай адпаведнасьці.

Вымову абвясьцілі:

  • намесьніку старшыні Гомельскага аблвыканкаму Ўладзімеру Прывалаву;
  • кіраўніку адміністрацыі Навабеліцкага раёну Гомля Сяргею Казачку;
  • намесьніку старшыні Гомельскага гарвыканкаму Віталю Атаманчуку.

Таксама, паводле распараджэньня, Румас, Качанава, Карпенка і Салавей мусяць забясьпечыць прыцягненьне да адказнасьці іншых службовых асоб, якія вінныя ў «неналежнай працы ўстановаў агульнай і сярэдняй адукацыі».

Што важна ведаць пра канфлікт вакол «настаўніцы з партай»

З чаго ўсё пачалося

Гомельскае выданьне «Сильные новости» апублікавала 13 верасьня відэа, зьнятае вучнямі мясцовай школы №15: настаўніца замахваецца партай на вучня і абражае яго. У прыватнасьці, настаўніца кажа: «Я ў турму пайду, а табе *** [гамон] будзе».

Настаўніца на відэа — Людміла Чацьвярткова. Яна працавала ў школе 35 гадоў і неўзабаве мела выйсьці на пэнсію. Звычайна яна выкладала ў 2 клясе, у 4 кляс у дзень інцыдэнту трапіла на замену. Сьцьвярджаецца, што яна пасьля здарэньня напісала тлумачальную і прызнавала свае дзеяньні няправільнымі.

Настаўніцу спачатку звольнілі

Вечарам 13 верасьня ў школе прайшоў бацькоўскі сход, на якім былі намесьнік старшыні гарвыканкаму Віталь Атаманчук, начальнік упраўленьня адукацыі Сяргей Парошын і іншыя чыноўнікі.

Настаўніца Людміла Чацьвярткова
Настаўніца Людміла Чацьвярткова

На сходзе Парошын патлумачыў бацькам сытуацыю, папрасіў прабачэньня і абвясьціў, што настаўніца звольненая.

Як адрэагавалі бацькі

Бацька 9-гадовага школьніка, на якога кідалася з партай настаўніца, казаў, што абураны рэакцыяй дарослых, якія вінавацяць яго сына ў інцыдэнце. Ён падкрэсьліў, што ягоны сын ня ставіў настаўніцы падножку: гэта вэрсія карыстальнікаў інтэрнэту.

Адзін з бацькоў вучняў школы №15 расказваў, што Чацьвярткова нібыта парвала вуха ягонаму сыну, калі той вучыўся ў першым клясе, і што рэгулярна прыніжала дзяцей і чыніла гвалт адносна іх.

19 верасьня каля 30 бацькоў выйшлі на стыхійны сход да школы, але на перамовах з чыноўнікамі не дамагліся аднаўленьня яе на працы. Бацькі вырашылі зьбіраць подпісы пад пэтыцыяй за вяртаньне дырэктаркі.

Лукашэнка загадаў вярнуць настаўніцу

18 верасьня стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка даручыў аднавіць на працы настаўніцу Чацьвярткову і звольніць дырэктарку школы. Міністра адукацыі Ігара Карпенку папярэдзілі аб няпоўнай службовай адпаведнасьці, «строга папярэдзілі» прэм’ер-міністра, кіраўніцу Адміністрацыі прэзыдэнта і віцэ-прэм’ера, адказнага за адукацыю.

19 верасьня Лукашэнка публічна выказаўся ў падтрымку настаўніцы: маўляў, на яе месцы «галаву б адкруціў шчанюку». Таксама ён заявіў, што са зьдзекаў з настаўнікаў пачынаюцца трагедыі, як у Стоўпцах. Чыноўнікаў ён раскрытыкаваў за тое, што яны «абсікаліся, што іх, бачыце, у сацыяльных сетках разьмясьцілі».

Міліцыя распачала праверку

У сувязі з інцыдэнтам міліцыянты распачалі праверку ў межах адміністрацыйнага заканадаўства, апытвалі ўсіх удзельнікаў канфлікту, у тым ліку сьведак-дзяцей пры ўдзеле бацькоў, а таксама хлопца, на якога настаўніца замахвалася партай, і ягонага бацьку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG