Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пры саветах». Тыднёвая падборка з рубрыкі «100 словаў»


Беласток, восень 1939
Беласток, восень 1939

«Пры саветах»

Запыталася маці, якая нарадзілася ў Ваўкавыску ў 1931 годзе, пра яе ўспаміны і атрымала столькі дробных, з гарошыну, але выразных дэталяў! У бацькоўскім доме часта жылі «кварціранты»: і «за польскім часам», і «пры саветах». Улетку 40-га — інтэлігентная сям’я з глыбінь Расеі — Анна і Панцялеймон Строганавы. Спакойныя, ветлівыя. Аднаго разу маці прыбегла з вуліцы і радасна прасьпявала песьню (расейскай мовы дагэтуль ня ведала): «Юбку новую порвали и подбили левый глаз. Не ругай меня, мамаша, это было в первый раз». Усе зьбянтэжана апусьцілі галовы — і бацькі, і кварціранты…

А на выбарчым участку ў нейкія «саветы» ўсім ўдзельнікам раздавалі белае дражэ ў кулёчках.

Вольга Бабкова

***

Праблему вырашылі

У 1939 годзе ў мае Пугачы прыйшлі саветы і, сагнаўшы ўсіх на плошчу, дзе цяпер аўтобусны прыпынак і крама, запыталіся: «Пугачоўцы, ці ёсьць у вас праблемы? Калі ёсьць, мы вам дапаможам пазбавіцца іх!». Адзін з пугачоўцаў сказаў: «У мяне адна праблема- няма рынку збыту збожжа!». І бальшавікі на другі ж дзень увялі яму такі падатак, што ён да новага году вазіў і здаваў збожжа, але так і ня змог разьлічыцца з бальшавікамі. А вясной яму не было ўжо чаго сеяць…

Віктар Шніп

***

Калі рускі зайшоў у хату, у прадзеда выпала брытва

У суботу, 16-га верасьня 1939 году, мой прадзед Антон завёз у Налібакі са свайго хутару чатырох варшаўскіх судзьдзяў. Яны ўцяклі ад немцаў, былі вельмі сумныя, прадчувалі свой канец, але спрабавалі ратавацца ў нашай пушчы.

У нядзелю прадзед зьбіраўся ў касьцёл і брыўся перад люстэркам. Адчыняюцца дзьверы: «Здравствуйце. Мы Красная армія. Прыйшлі вас асвабадзіць». У прадзеда ажно брытва выпала з рук. Ён ведаў рускіх, бо быў на І сусьветнай вайне.

Увечары рускія везьлі ў прычэпе з Налібак варшаўскіх судзьдзяў з апушчанымі галовамі. Насупраць сядзелі салдаты з аўтаматамі. «У Сыбір», — сказаў прадзед дома. Самога яго адправілі туды праз 5 гадоў.

Дзьмітры Гурневіч

***

Лілья бяла

Гадоў у шэсьць я ведала напамяць:

— Kto ty jesteś?

— Polka mała.

— Jaki znak twój?

— Lilia biała.

Відаць, столькі ж гадоў было і бабулі, калі яны вучыла вершык Уладыслава Бэлзы ў польскай школе.

Вольга Навумовіч, прыгожая дачка чыгуначніка, нарадзілася на Карэліччыне. Дзьве веры (бацька праваслаўны, маці каталічка). Дзьве сусьветныя войны. Два пахаваныя мужы. Першага асудзілі на сьмерць за палякамі — «за палітыку». Другога саветы кінулі на перадавую ў 1944-м, бо з акупаваных тэрыторыяў. Ён загінуў праз колькі дзён у Літве.

Некалькі акупацыяў, усяго пара фотакартачак, безьліч магілаў — зашмат для аднаго жыцьця.

Я аднойчы папрасіла: «Бабуля, раскажы пра вайну». А яна моўчкі заплакала.

Аляксандра Макавік

***

Дзед Тумаш

— Фома здесь живет?

— Не, тут такіх няма,- адказаў я пажылому мужчыну з кійком у руцэ.

— Мальчик, обманывать нехорошо, позови дедушку.

Я гукнуў. На ганак выйшаў Тумаш, заключыў незнаёмца ў абдымкі. Селі за стол — выпівалі, плакалі. На вайне дзед быў кулямётчыкам, незнаёмец — другі нумар. Абодвух параніла, абодвум пашчасьціла выжыць.

Назаўтра госьць зьехаў, я спытаў:

— Дзеда, чаму кульгавы называў цябе Фамой?

Тумаш запаліў люльку, адказаў:

— У трыццаць дзявятым прыйшлі саветы, dowód osobisty канфіскавалі. Потым мабілізавалі ў войска, паперы перапісалі на Фаму.

Дзед даўно памёр. На помніку выбіта «Фома Игнатьевич», а я і сёньня чую за сьпінай: «Бачыш, Тумашоў унук прыехаў, хату даглядае».

Сяргей Машанскі

***

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org

«100 словаў» — літаратурны праект, у якім удзельнічаюць чытачы сайту Свабоды. Меркаваньні, выказаныя ў гэтай рубрыцы, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Рубрыка «100 словаў» працуе цяпер крыху інакш, чым раней. Сьвежы тэкст зьяўляецца штодня, ад панядзелка да пятніцы, на старонцы «Толькі пра літаратуру» ў Фэйсбуку; на выходных мы публікуем тэксты за мінулы тыдзень на сайце Свабоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG