Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімір Цэмах, якога Ўкраіна перадала Расеі, стаў падазраваным у справе аб зьбіцьці самалёта MH17


Уладзімір Цемах
Уладзімір Цемах

Сьледчыя ў Нідэрляндах перакваліфікавалі статус Уладзіміра Цэмаха, сьведкі ў справе аб гібелі ў Данбасе авіялайнэра, які выконваў рэйс MH17, у падазраваныя. Пра гэта ў інтэрвію Deutsche Welle заявіла дэпутатка Эўрапарламэнту ад Нідэрляндаў Каці Піры.

Раней Піры была адной з аўтараў адкрытага ліста прэзыдэнту Ўкраіны Уладзіміру Зяленскаму, у якім заклікала афіцыйны Кіеў не дапускаць перадачы Цэмаха Маскве ў рамках абменамі вязьнямі. Паводле яе, перадаўшы Цемаха, украінскія ўлады ня выканалі сваіх абавязаньняў у рамках міжнароднага супрацоўніцтва ў пошуку адказных за зьнішчэньне авіялайнэра «Малайзійскіх авіяліній».

7 верасьня Расея і Ўкраіна правялі абмен вязьнямі. Сярод перададзеных Маскве асобаў быў і Ўладзімір Цэмах — камандзір падразьдзяленьня СПА прарасейскіх сэпаратыстаў, якое знаходзілася побач з тым месцам, дзе быў зьбіты самалёт «Малайзійскіх авіяліній», які рабіў рэйс з Амстэрдама ў Куала-Лумпур. У выніку той катастрофы ў 2014 годзе ўсе 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце лайнэра, загінулі.

Уладзімір Цэмах узначальваў участак СПА ў Сьнежным у 2014 годзе. Ягоная дачка заявіла ў інтэрвію BBC, што ён атрымаў пасаду пасьля крушэньня «Боінга». У 2019 годзе Цэмах у выніку спэцапэрацыі Службы бясьпекі Ўкраіны быў выкрадзены на не кантраляванай урадам Украіны тэрыторыі Данбасу і вывезены ў Кіеў.

Міністар замежных спраў Нідэрляндаў Стэф Блёк заявіў, што ягоная краіна «вельмі расчараваная» вызваленьнем Цэмаха. Пры гэтым ён адзначыў, што Ўкраіна адклала абмен, каб галяндзкія сьледчыя маглі дапытаць Цэмаха да ягонага выхаду на волю.

«Боінг-777» авіякампаніі Malaysia Airlines, які выконваў рэйс MH17 з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур, быў зьбіты 17 ліпеня 2014 году ў небе над Данбасам. Яго абломкі ўпалі недалёка ад вёскі Грабава на тэрыторыі, якую кантралявалі прарасейскія сэпаратысты. Загінулі ўсе 298 чалавек на борце, больш як дзьвесьце былі грамадзянамі Нідэрляндаў.

У траўні 2018 году Міжнародная сьледчая група JIT пацьвердзіла дачыненьне 53-й зэнітна-ракетнай брыгады, дысьлякаванай у Курску, да катастрофы з «Боінгам».

Пазьней Нідэрлянды і Аўстралія афіцыйна абвінавацілі Расею ў датычнасьці да крушэньня малайзійскага «Боінга». Заяву пра гэта зрабіла МЗС Нідэрляндаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG