Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінца судзяць па абвінавачаньні ў шпіянажы на карысьць Беларусі цягам амаль 15 гадоў


Беларускія памежнікі, ілюстрацыйнае фота
Беларускія памежнікі, ілюстрацыйнае фота

Грамадзянін Украіны праз амаль 15 гадоў сваёй нібыта супрацы зь беларускімі спэцслужбамі прызнаўся ў шпіянажы на карысьць Беларусі. Адпаведную справу расьсьледавала ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны ў Валынскай вобласьці і накіравала ў суд.

Грамадзяніну Ўкраіны Аляксандру Ч. (прозьвішча вядома) пагражае ад 12 да 15 гадоў зьняволеньня. Паводле рашэньня Валынскага апэляцыйнага суда, абвінаваўчы акт будзе разглядаць Луцкі гарадзкі і раённы суд Валынскай вобласьці.

«Працэдура аўтаматычнага разьмеркаваньня вызначыць склад калегіі судзьдзяў, якія будуць разглядаць гэтую справу. Пасьля гэтага судзьдзі прызначаць дату разгляду справы па сутнасьці», — паведамілі Свабодзе ў Валынскім апэляцйным судзе.

Сьледзтва абвінаваціла ўкраінца ў дзяржаўнай здрадзе, якая была ўчынена наўмысна на шкоду дзяржаўнай і інфармацыйнай бясьпецы Ўкраіны: шпіянаж і дапамога прадстаўнікам замежнай дзяржавы ў правядзеньні дывэрсійнай дзейнасьці супраць Украіны.

Як вынікае з матэрыялаў крымінальнай справы, Аляксандар Ч. у канцы лета 2004 году даў вусную і пісьмовую згоду начальніку аддзелу выведкі Пінскага памежнага атраду «Рэчыца» аб канфідэнцыйным супрацоўніцтве. Паводле дамовы, ён мусіў перадаваць беларускаму боку інфармацыю аб сыстэме бясьпекі дзяржаўнай мяжы і асабістым складзе падразьдзяленьняў на памежных участках у Ратнаўскім і Дубровіцкім раёнах Валынскай вобласьці. Перадача інфармацыі, паводле сьледзтва, ажыцьцяўлялася пры дапамозе сотавай сувязі (у справе зазначаецца дакладны нумар мабільнага тэлефону).

Такім чынам, паводле сьледзтва, Аляксандар Ч. «уступіў у агентурныя адносіны з замежнай спэцслужбай і, адпаведна, стварыў умовы для замежных спэцслужбаў для ажыцьцяўленьня выведвальнай дзейнасьці на тэрыторыі Ўкраіны».

У абвінаваўчым акце адзначаецца, што ўкраінец працягваў супрацу да свайго звароту ў СБУ, у якім і паведаміў аб вэрбаваньні.

Адвакат абвінавачанага Ўладзімір Раманоўскі адмовіўся ўдакладняць дэталі справы і прафэсійную прыналежнасьць свайго кліента: «Я не магу камэнтаваць абставіны гэтай справы».

Сёлета ў жніўні стала вядома, што грамадзянін Украіны добраахвотна зьвярнуўся ў Службу бясьпекі і назваў імя свайго вэрбавальніка ў Беларусі. Ім нібыта быў супрацоўнік Упраўленьня фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Берасьцейскай вобласьці Ўладзіслаў Л. Гэты выпадак адбыўся таксама на Валыні.

Гэта пяты выпадак нібыта вэрбаваньня ўкраінцаў беларускімі спэцслужбамі і першы, калі абвінавачаньне патрабуе пакараньня. Дагэтуль усіх украінцаў, якія добраахвотна паведамлялі аб сваім вэрбаваньні, вызвалялі ад крымінальнай адказнасьці.

Пасьля першых аналягічных гісторый у прэсавым цэнтры Службы бясьпекі Ўкраіны Свабодзе заяўлялі, што такія факты фіксуюцца «амаль сыстэматычна». Што праўда, пра іх ніколі не паведамляюць афіцыйна — усе яны сталі вядомыя пасьля публікацыі судовых рашэньняў аб закрыцьці крымінальных спраў супраць украінцаў, якія добраахвотна паведамілі СБУ пра сваё вэрбаваньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG