Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпіс 181: дзяржаве лепей ведаць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі існуе сьпіс забароненых для жанчын прафэсій. Мы ня можам быць шахцёркамі, трактарысткамі, ня маем права кіраваць цягнікамі мэтро і зьбіраць ураджай на ўзроўні вышэй за паўтара мэтра. Цалкам сьпіс зьмяшчае 181 пункт, і ўлады нібыта гатовыя яго скарачаць, але цалкам адмяняць адмаўляюцца. Аргумэнтацыя пры гэтым такая ж, як у бацькоў-тыранаў: мы лепш ведаем, што вам трэба, вы ня можаце самі зрабіць правільны выбар.

Сьцісла:

  • Дзяржава лічыць, што жанчыны ня здольныя самастойна ацэньваць рызыкі і абіраць месца працы.
  • Дзяржаўная абарона мацярынства ў гэтым выпадку зводзіцца да дыскрымінацыі жанчын на рынку працы, а як пры гэтым паклапаціцца пра ўжо народжаных дзяцей, уладаў, здаецца, зусім не хвалюе.
  • Паводле спэцыялістаў, у палове выпадкаў бясплодныя пары ня маюць дзяцей з прычыны мужчынскага бясплодзьдзя.

Ад таксычных бацькоў, якія праяўляюць гіперапеку і дыктуюць, як жыць, псыхолягі раяць дыстанцыявацца. І звычайна ад іх можна зьехаць, спыніць хоць на нейкі час камунікацыю, можна нават зьмяніць нумар тэлефону і заблякаваць іх у сацыяльных сетках. Але што рабіць, калі тыран — гэта дзяржава?

Намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак кажа, што захаваньне сьпісу «адпавядае прыярытэту дзяржавы па абароне працоўных, перш за ўсё жанчын, на фоне існуючай дэмаграфічнай сытуацыі». Ніколі такога не было, і вось зноўку! Жанчын зводзяць фактычна да маціцы на ножках, вартасьць нашых жыцьцяў вымяраецца тым, наколькі эфэктыўна працуе нашая рэпрадуктыўная сыстэма, а самі мы нібыта настолькі дурныя, што ня можам вызначыцца з прыярытэтамі і зрабіць найлепшы для сябе выбар.

І што атрымліваецца ў рэальнасьці? Жанчыны ня маюць доступ да пэўных прац і фактычна ня могуць палепшыць умовы жыцьця ўжо народжаных дзяцей дзеля дзяцей гіпатэтычных, якіх яны нібыта змогуць у будучыні нарадзіць. Але ці стануць у такіх умовах?

Дзяржаўная абарона мацярынства ў гэтым выпадку зводзіцца да дыскрымінацыі жанчын на рынку працы, а як пры гэтым паклапаціцца пра ўжо народжаных дзяцей, уладаў, здаецца, зусім не хвалюе. А жанчынам, між іншым, на выхаваньне дзяцей патрэбныя грошы. Але з шэрагу працаў з высокай аплатай яны аказваюцца выключаныя, затое заўжды могуць пайсьці працаваць, напрыклад, санітаркамі ў бліжэйшую лякарню і за ўмоўныя 200 рублёў літаральна цягаць пацыентаў. Гэта для іх здароўя, аказваецца, ня шкодна. Іншая справа ў шахце працаваць за заробак, вышэйшы за сярэдні па краіне! Там адразу маціца апусьціцца, а яечнікі перастануць працаваць.

Румак жа ўпэўнены, што аніякай дыскрымінацыі няма, бо «жаночы арганізм, у сілу сваёй меншай здольнасьці да адаптацыі, спраўляецца са шкоднымі ўмовамі працы горш, чым мужчынскі». Па-першае, гэта тлумачэньне, якое нічога не тлумачыць. Дапусьцім, што жаночы арганізм і праўда горш адаптуецца, але як гэта адмяняе дыскрымінацыйную сутнасьць сьпісу? Дзеяздольныя жанчыны — гэта не малыя дзеці, няздольныя самастойна пралічваць рызыкі і прымаць рашэньні. Па-другое, было б дужа цікава ўбачыць дасьледаваньне, якое паказвае, што жаночы арганізм адаптуецца да шкодных умоваў горш за мужчынскі.

Намесьнік міністра ўвогуле кажа пра шматлікія дасьледаваньні, якія праводзіла сыстэма аховы здароўя, і я хацела б пачытаць гэтыя дасьледаваньні. Як фармавалася выбарка, якой была мэтадалёгія дасьледаваньня, якія высновы рабіліся.

Дарэчы, калі спэцыялісты ў рэпрадукталёгіі заводзяць гаворку пра бясплодзьдзе, дык кажуць, што прыблізна ў палове выпадкаў прычына бясплодзьдзя асобнай пары — не жаночае, а мужчынскае бясплодзьдзе. Ці ня хоча міністэрства працы імкнуцца да паляпшэньня ўмоваў працы для ўсіх, а ня проста забараняць жанчынам працаваць у 181 прафэсіі? Так, дарэчы, больш шанцаў палепшыць дэмаграфічную сытуацыю.

А яшчэ, дарэчы, здароўю жанчыны наносяць вялікую шкоду цяжарнасьць і роды. Так-так, каб мець магчымасьць вынасіць і нарадзіць у будучыні, жанчыне лепей не нараджаць зараз. Ці не прапануе міністэрства аховы здароўя жанчынам адмаўляцца ад мацярынства, каб захаваць магчымасьць стаць маці?

Канечне, такі заклік назвалі б абсурдным. Але чаму нядопуск 54% насельніцтва краіны да шэрагу прафэсій — гэта не абсурд? Хопіць нас ужо «аберагаць», бо ад такога клопату дыхаць немагчыма. І вельмі, вельмі хочацца дыстанцыявацца. Прыдумаць бы, як.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG