Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафесары ў спадніцах і супраціў прыродзе


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

У верасьні 2010 году я была студэнткай-першакурсьніцай аддзяленьня філязофіі факультэту філязофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У першым сэмэстры навучаньня было вельмі мала дысцыплін па спэцыяльнасьці, і адну зь іх — «Філязофію старажытнага Ўсходу» — вяла доктарка навук, якая ўжо на першым занятку абвясьціла, што жанчына-філёзаф на самой справе і не жанчына, і не філёзаф.

Гэтым летам я скончыла магістратуру катэдры філязофіі культуры, але так і не зразумела, на якім этапе я павінна перастаць быць жанчынай і чаму ня маю нават гіпатэтычных шанцаў на прафэсійную самарэалізацыю. Безумоўна, можна доўга спрачацца пра тэрміналёгію і якасьць сучаснай беларускай вышэйшай адукацыі, але ў гэтых спрэчках ніколі не становіцца зразумела, навошта падтрымліваць гендэрныя стэрэатыпы.

Абясцэньваньне сябе, сваіх намаганьняў і вынікаў уласнай працы — вельмі характэрная для жанчын рыса, якой у патрыярхальным грамадзтве дзяўчатак навучаюць яшчэ з раньняга дзяцінства. Калі штодзень даводзіцца чуць, нібыта жанчыны горш за мужчын кіруюць аўтамабілем, горш за мужчын разьбіраюцца ў палітыцы і міжнароднай эканоміцы, маюць горшыя за мужчын хобі і трацяць грошы ўпустую, у гэта вельмі проста паверыць.

А потым гэтыя дзеці вырастаюць і трансьлююць адпаведныя штампы мысьленьня незалежна ад таго, ці адпавядаюць яны рэальнасьці. Неяк я чытала інтэрвію зь юнаком, які ладзіў акцыі ў падтрымку Надзеі Саўчанкі і вельмі перажываў, што суседзі могуць даведацца пра ягоную палітычную пазыцыю. Надзею ён пры гэтым называў слабой і безабароннай жанчынай. Можна сказаць, паблажліва шкадаваў. Здаецца, ён ня бачыў у сваіх словах нічога дзіўнага і не заўважаў іранічнасьць сытуацыі.

Моцных жанчын увогуле прынята параўноўваць з мужчынамі. Стандартны падыход — назваць пасьпяховую ў чымсьці жанчыну прафэсарам, адвакатам, Пушкіным — і ўвогуле кім заўгодна — «у спадніцы». Той факт, што жанчыны даўно ўжо носяць ня толькі спадніцы, і што фармальна маюць аднолькавы доступ да адукацыі і роўныя сацыяльна-эканамічныя правы з мужчынамі, мала хвалюе аматараў такога кшталту лексыкі.

Я неаднаразова чула, што Беларусь называюць краінай, у якой перамог фэмінізм. Кожны раз я шчыра ўпэўненая, што гэта кажуць з сарказмам, і вельмі зьдзіўляюся, калі аказваецца, што суразмоўца не жартуе. Але Беларусі неверагодна далёка нават да фармальнай перамогі фэмінізму, і адукацыйную і прафэсійную сфэры ніяк нельга назваць выключэньнем з агульнага правіла. У нас існуе сьпіс афіцыйна забароненых для жанчын прафэсій і практыкуецца ўстанаўленьне розных прахадных балаў для жанчын і мужчын пры паступленьні ва ўнівэрсытэт на тую самую спэцыяльнасьць.

У 2016 годзе ў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь рабіўся набор на дзевяць спэцыяльнасьцяў (дзённая форма навучаньня), і толькі на тры зь іх маглі паступаць і жанчыны. На спэцыялізацыю «Судова-пракурорска-сьледчая дзейнасьць» жанчын прымалі без уступных экзамэнаў, затое ў двух іншых выпадках патрабаваньні да абітурыентак значна больш жорсткія, чым для абітурыентаў. «Мужчынскі» прахадны бал на спэцыялізацыі «Крымінальна-выканаўчая дзейнасьць» — 167, «жаночы» — 309. А каб вучыцца на спэцыяльнасьці «Судовыя крыміналістычныя экспэртызы», жанчынам трэба было набраць ня менш за 372 балы, мужчынам — ня менш за 216.

Студэнткі Акадэміі МУС неаднаразова сутыкнуцца зь нібыта сьмешнымі жартамі і пра малпу з гранатай, і пра франтавых жонак, і пра рэдкія кветкі ў суворым калектыве. А пасьля атрыманьня дыплёма яны штодня будуць выкладвацца на службе на 200%, каб аднойчы іх, магчыма, маглі ўспрымаць сур’ёзна.

Відавочна разумнейшыя за калегаў, якія падавалі дакумэнты са 167 баламі, былыя выдатніцы абавязкова сутыкнуцца з так званай шкляной стольлю — тупіком у кар’ернай лесьвіцы, прабрацца празь які не атрымаецца па той простай прычыне, што яны жанчыны.

Некаторыя з гэтых жанчын, стаміўшыся ад сізіфавай працы, здадуцца і «пойдуць у дэкрэт». І іх калегі абавязкова скажуць «Мы так і ведалі! Правільна, што не далі ёй падвышэньне, хіба ж на бабу можна спадзявацца!» І ня ўбачаць гэтыя калегі ў сваіх словах нічога дзіўнага, і не заўважаць іранічнасьці сытуацыі.

А ў працоўнай дыскрымінацыі вінаватая, канечне ж, прырода. Гэта найвышэйшыя сілы забаранілі беларускім жанчынам кіраваць бульдозэрам і тушыць пажары.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG