У Віцебску паводле некалькіх „карупцыйных“ артыкулаў Крымінальнага кодэксу судзяць супрацоўніка Мёрскага РАУС Аляксандра Літвінава, паведамляюць «Народныя навіны Віцебска».
Былога старшага апэратыўнага ўпаўнаважанага аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі абвінавачваюць:
- у атрыманьні хабару (ч. 1 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі),
- у бязьдзейнасьці службовай асобы (ч. 2 арт. 425 КК)
- у перавышэньні службовых паўнамоцтваў з карысьлівых мэтаў (частка 2 арт. 426 КК).
«Справа ўжо даўно ў вядзеньні абласнога суду. Разглядаецца яна ў закрытым судовым пасяджэньні», — паведаміла афіцыйная прадстаўніца Віцебскага абласнога суду Натальля Платоненка.
Падрабязнасьці арышту Літвінава невядомыя.
Характэрна, што яшчэ ў канцы мінулага году ён даваў інтэрвію мясцовай газэце, дзе апісваў сытуацыю з карупцыяй у рэгіёне:
«Такія злачынствы, як атрыманьне або даваньне хабару, больш уласцівыя буйным гарадам. На Мёршчыне падобных фактаў у апошнія гады ня выяўлена», — прыводзіць словы Літвінава раённая газэта «Міёрскія навіны».