Беларускі паралімпіец Дзьмітры Рышкевіч загінуў на трэніроўцы падчас падрыхтоўкі да чэмпіянату сьвету па акадэмічным веславаньні, піша Міністэрства спорту.
Акалічнасьці сьмерці 33-гадовага спартоўцы-вазочніка зь Ліды высьвятляе аўстрыйская паліцыя.
Дзьмітры Рышкевіч — майстар спорту Беларусі па акадэмічным веславаньні. У 2003 годзе ён патрапіў у аўтамабільную аварыю, пасьля чаго перанёс каля 20 апэрацый і вярнуўся ў спорт як паралімпіец. Ён неаднаразова станавіўся чэмпіёнам і прызёрам міжнародных спаборніцтваў па акадэмічным веславаньні.
Міністэрства спорту і турызму Беларусі выказала спачуваньні родным і блізкім Дзьмітрыя Рышкевіча.