Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракапеня, Чыж, Шарэйка… Каго доўга трымалі ў СІЗА, а пасьля адпускалі


Сьледчы ізалятар №1 у Менску — «Пішчалаўскі замак» на вуліцы Валадарскага
Сьледчы ізалятар №1 у Менску — «Пішчалаўскі замак» на вуліцы Валадарскага

Галоўны інжынэр МЗКТ Уладзімер Галавач правёў на «Валадарцы» чатыры гады, але так і ня быў прызнаны вінаватым. Свабода ўзгадвае іншыя выпадкі, калі людзі правялі працяглы час у СІЗА, але ў калёнію так і ня трапілі. А некаторыя ня трапілі нават на лаву падсудных.

Андрэй Галавач, галоўны інжынэр МЗКЦ. 4 гады ў СІЗА

19 ліпеня суд Першамайскага раёну Менску вынес апраўдальны прысуд галоўнаму інжынэру Менскага заводу колавых цягачоў Андрэю Галавачу. Абвінавачанага вызвалілі ў залі суду. Справа для Беларусі сама па сабе рэдкая. Яшчэ больш унікальнай яе робіць тое, што гэты апраўдальны прысуд для Галавача стаў чацьвёртым, а да моманту вызваленьня з-пад варты ён правёў у СІЗА чатыры гады.

Гісторыя займела розгалас і дайшла да самога Лукашэнкі. «У хуткім часе мы з усёй праваахоўнай сыстэмай, хутчэй за ўсё, на наступным тыдні, сустрэнемся і пагаворым па надзённых пытаньнях, — сказаў кіраўнік краіны на сустрэчы з кіраўніком Сьледчага камітэту Іванам Наскевічам. — Павінен наўпрост сказаць, што апошняй кропляй, якая прымусіла мяне сплянаваць такое мерапрыемства (...) — гэта празьмернае зацягваньне сьледчых дзеяньняў. І апошні факт, які мне быў даложаны, па галоўным інжынэру заводу колавых цягачоў. Вы вялі сьледчыя дзеяньні чатыры зь лішнім гады і так нічога ў судзе не даказалі».

Акрамя СК, ад кіраўніка краіны дасталася і Генэральнай пракуратуры, якая пасьля апраўдальнага прысуду Галавачу ўжо пасьпела яго аспрэчыць.

Саша Варламаў, мадэльер. 14 месяцаў у СІЗА

Вядомага беларускага мадэльера арыштавалі ў траўні 2011 году. Варламава абвінавацілі ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, махлярстве ў асабліва буйным памеры, а таксама ў крадзяжы праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі.

Сьледзтва працягвалася амаль два гады, увесь гэты час Варламаў правёў у СІЗА на вуліцы Валадарскага. Мадэльера абвінавацілі ў тым, што ён прысвойваў грошы, якія дзяржава выдзяляла на правядзеньне фэстывалю «Млын моды». Сам Варламаў катэгарычна абвяргаў абвінавачаньні і сьцьвярджаў, што ня толькі траціў усе атрыманыя грошы на фэстываль, але яшчэ і ўкладаў у яго правядзеньне ўласныя сродкі.

Сьведкамі на працэсе Варламава праходзілі больш за 800 чалавек, яшчэ 350 былі прызнаныя пацярпелымі. 23 ліпеня 2013 году, праз 14 месяцаў пасьля арышту, суд апраўдаў Варламава па артыкуле аб крадзяжы з дапамогай злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі і прызнаў вінаватым у махлярстве. Мадэльер атрымаў пакараньне ў выглядзе пяці гадоў абмежаваньня волі і быў вызвалены ў залі суду.

Абскарджваць прысуд мадэльер ня стаў. Фэстывалем «Млын моды» ён больш не займаецца.

Ганна Шарэйка, чалец Савету Рэспублікі. 12 месяцаў у СІЗА

Дырэктарку Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі і члена Савету Рэспублікі Ганну Шарэйку арыштавалі ў жніўні 2014 году. Каб прад’явіць ёй абвінавачаньні і асудзіць, Шарэйку пазбавілі недатыкальнасьці. Дырэктарку птушкафабрыкі разам з шасьцю падначаленымі абвінавацілі ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі. Па вэрсіі сьледзтва, яна з мэтай атрыманьня прыбытку ўступіла ў злачынную змову са сваім знаёмым, грамадзянінам Літвы Вальдэмарасам Норкусам. Чым нанесла шкоду птушкафабрыцы.

Працэс па справе Ганны Шарэйкі ішоў у Вярхоўным судзе зь лютага па чэрвень 2016 году. Увесь гэты час супрацоўнікі птушкафабрыкі прыяжджалі зь Віцебску на паседжаньні— падтрымаць сваю былую начальніцу.

10 чэрвеня 2016 году быў агучаны прысуд — Шарэйку прызналі вінаватай, прыгаварылі да 2,5 гадоў пазбаўленьня волі і штрафу памерам 160 базавых велічынь. Аднак з улікам амністыі і ўжо адбытага ў СІЗА тэрміну вызвалілі ў залі суду, а таксама зьнялі зь яе судзімасьць.

Сваёй віны Ганна Шарэйка так і не прызнала, аднак прысуд абскарджваць ня стала. Пасьля вызваленьня яна вярнулася да працы на птушкафабрыцы. У лютым 2019 году яна стала Чалавекам году Віцебшчыны.

Вальдэмарас Норкус, дырэктар літоўскай кампаніі «Даймас». 13 месяцаў у СІЗА

Грамадзянін Літвы Вальдэмарас Норкус супрацоўнічаў зь беларускімі прыватнымі і дзяржаўнымі прадпрыемствамі пачынаючы з 1998 году. Ягоная фірма «Даймас» зь сядзібай у Коўне пастаўляла ў Беларусь камбікармы і кармавыя дабаўкі для птушкафабрыкі, дырэктаркай якой была Ганна Шарэйка. Паводле вэрсіі сьледзтва, Норкус уступіў з Шарэйкай у злачынную змову, сьвядома заніжаў цэны на свае камбікармы, каб выйграваць тэндэры ў беларускіх вытворцаў. А пасьля тэндэраў цэны на тавар літоўскай кампаніі павышаліся, чым, на думку боку абвінавачваньня, наносілася шкода беларускім кампаніям.

У выніку 10 чэрвеня 2016 году Вярхоўны суд прызнаў Вальдэмараса Норкуса вінаватым і прысудзіў да двух гадоў пазбаўленьня волі. У адрозьненьне ад Ганны Шарэйкі, Норкус ня трапіў пад дзеяньне амністыі і правёў за кратамі яшчэ месяц. Яго вызвалілі 10 ліпеня, пасьля чаго бізнэсовец адразу зьехаў на радзіму ў Літву.

Віны Вальдэмарас Норкус таксама не прызнаў, прысуд не абскарджваў. Празь месяц пасьля вызваленьня ён ажаніўся з Ганнай Шарэйкай. Вясельле згулялі ў Беларусі. Ягоная кампанія працягвае супрацоўніцтва з птушкафабрыкай жонкі.​

Юры Чыж, бізнэсовец. 6 месяцаў у СІЗА

Аднаго з самых уплывовых бізнэсоўцаў Беларусі арыштавалі 11 сакавіка 2016 году.

«На хуткасьці 220 кілямэтраў у гадзіну накіроўваўся ў бок дзяржаўнай мяжы», — паведамлялі падрабязнасьці пра арышт Чыжа праваахоўныя органы. Пасьля арышту Юры Чыж трапіў у СІЗА КДБ, вядомае таксама як «Амэрыканка». Разам з Чыжом КДБ арыштаваў яшчэ 5 чалавек. Усіх іх абвінавацілі ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДБ Валер Вакульчык казаў, што дзеяньні Чыжа нанесьлі шкоду дзяржаве ў памеры 12 мільёнаў даляраў.

Роўна праз шэсьць месяцаў пасьля арышту бізнэсоўца, 11 верасьня 2016 году, пра справу выказаўся Лукашэнка.

«Ён недалёка часам быў ад прэзыдэнта, — сказаў кіраўнік краіны. — Многія асацыявалі яго паводзіны зь імем прэзыдэнта. Мне гэта не абыякава, шчыра кажу... Ёсьць эканамічныя злачынствы, нявыплата падаткаў і гэтак далей — множце на тры, а некаторыя на пяць, плаціце за ўсё, што скралі ў дзяржавы, і ідзіце працуйце».

Праз тры дні пасьля гэтага Юры Чыж быў вызвалены з-пад варты. Як сказаў Свабодзе сам бізнэсовец, яго вызвалілі да суду пад падпіску аб нявыезьдзе. Але на лаву падсудных Юры Чыж так і ня трапіў. Прынамсі, пра працэс па ягонай справе нічога не вядома дагэтуль.

Уладзімер Беражкоў, журналіст і спартовы мэнэджэр. 7 месяцаў у СІЗА

Беражкова, які на той момант быў генэральным мэнэджэрам хакейнага «Дынама», затрымалі 13 жніўня 2015 году. Афіцыйную прычыну затрыманьня раскрылі толькі праз два тыдні на брыфінгу Сьледчага камітэту.

Паведамлялася, што былы галоўны рэдактар газэты «Прессбол» фіктыўна ўладкаваў на працу ў «Дынама» свайго знаёмага, аформіў плястыкавую банкаўскую картку на яго імя і здымаў зь яе грошы, вывеўшы з клюбу такім чынам каля 1 мільярда недэнамінаваных рублёў.

Беражкова абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — злоўжываньне ўладай і крадзеж з дапамогай злоўжываньня ўладай. Зь СІЗА КДБ ён выйшаў толькі на пачатку красавіка 2016 году. Па словах самога Беражкова, з гэтым дапамаглі ўплывовыя людзі.

Суду ў выніку так і не было. Уладзімер Беражкоў прысутнічаў на працэсе па справе іншага функцыянэра хакейнага «Дынама» — Максіма Суботкіна. Ён адмовіўся даваць паказаньні, таму пракурор зачытваў іх з матэрыялаў сьледзтва. Таксама Беражкоў кампэнсаваў матэрыяльную шкоду, якую нібыта нанесьлі дзяржаве ягоныя дзеяньні.

Згоду на спыненьне крымінальнага перасьледу Беражкова даў асабіста Аляксандар Лукашэнка.

Віктар Пракапеня, бізнэсовец. 8 месяцаў у СІЗА

Віктара Пракапеню затрымалі на пачатку красавіка 2015 году. Яго зьмясьцілі ў СІЗА КДБ і абвінавацілі ў атрыманьні прыбытку памерам 650 тысяч даляраў ад прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі ў якасьці суб’екта гаспадараньня. На волю Віктар Пракапеня выйшаў толькі ў канцы 2015 году пад падпіску аб нявыезьдзе. А ўжо ў лютым 2016 году справу супраць Віктара Пракапені закрылі праз адсутнасьць складу злачынства.

Невядома, ці спрабаваў Віктар Пракапеня атрымаць кампэнсацыю за час, праведзены ў СІЗА. Восеньню 2017 году стала вядома, што шэраг беларускіх СМІ па просьбе юрыстаў бізнэсоўца карэктавалі альбо цалкам выдалялі публікацыі са зьвесткамі пра затрыманьне Пракапені.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG