Прыехаць у Беларусь бязь візы змогуць наведнікі і ўдзельнікі матча па лёгкай атлетыцы паміж зборнымі камандамі Эўропы і ЗША, які пройдзе на менскім стадыёне «Дынама» 9–10 верасьня. Адпаведны ўказ 16 жніўня падпісаў Аляксандар Лукашэнка, піша БелТА.
Што за матч?
У Менску 9–10 верасьня зборныя каманды Эўропы і ЗША будуць спаборнічаць паміж сабой у лёгкаатлетычных відах спорту. У зборныя ўключылі чэмпіёнаў сьвету і Алімпійскіх гульняў.
Лёгкаатлетычны матч Эўропа — ЗША будзе праводзіцца ўпершыню. Падобныя спаборніцтвы праходзілі цягам 1958–1985 гадоў паміж зборнымі ЗША і СССР.
Што ва ўказе?
Для наведвальнікаў, удзельнікаў, арганізатараў і валянтэраў матча ўказ вызначыў:
- бязьвізавы рэжым уезду ў Беларусь;
- бясплатны праезд у грамадзкім транспарце;
- тэрміны дзеяньня адмысловай мытнай працэдуры для замежных тавараў;
- іншыя льготы.