Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каму там вочы коле герб Расейскай імпэрыі?» Дырэктар каледжу ў Відзах пра памятны знак


Памятны знак у Відзах. Фота Зьмітра Казакевіча
Памятны знак у Відзах. Фота Зьмітра Казакевіча

Апроч Расейскай імпэрыі «ніхто нічога для беларускай зямлі не рабіў», — лічыць дырэктар каледжу ў Відзах Міхаіл Сьмірноў.

Памятны знак з выявай герба Расейскай імпэрыі ўсталяваны ў цэнтры мястэчка Відзы Браслаўскага раёну ў гонар заснаваньня 1 верасьня 1803 года Відзаўскага павятовага вучылішча. На ім па-расейску напісана, што вучэльня заснавана па ўказу цара Аляксандра І.

Фотаздымак памятнага знаку з выявай царскага гербу зьмясьціў у фэйсбуку журналіст Зьміцер Казакевіч, які паходзіць з Відзаў. Памятны знак выклікаў абураныя камэнтары ў сацсетках і публікацыі ў СМІ.

Дырэктар Відзаўскага дзяржаўнага прафэсійна-тэхнічнага каледжу Міхаіл Сьмірноў сказаў Свабодзе, што не разумее тых людзей, «якія гатовыя зжэрці, зьмяшаць».

«Гэта проста глупа — зьдзекавацца зь людзей, якія нешта робяць», — сказаў Міхаіл Сьмірноў.

Паводле дырэктара, гэта «ўсяго толькі даніна памяці гісторыі». Знак усталяваны па ініцыятыве «ўсяго калектыву» за пазабюджэтныя сродкі каледжу.

«Гэтую гісторыю ў нас скралі гісторыкі»

Дазволу на ўсталяваньне памятнага знаку ўстанова не прасіла.

«А навошта яго браць, калі гэты знак стаіць на нашай тэрыторыі, за нашы грошы, у нашым студэнцкім сквэры і каля будынкаў 1870 і 1903 гадоў. Навошта мне яшчэ ў некага браць дазвол? Мы гэта зрабілі для сябе, найперш для сваіх студэнтаў», — сказаў Міхаіл Сьмірноў.

Паводле дырэктара, пошукавая праца ў архівах па гісторыі каледжу працягвалася пяць гадоў.

«Вучэльня працавала пасьпяхова і была філіяй Віленскага ўнівэрсытэту цягам 150 гадоў. І гэтую гісторыю ў нас скралі гісторыкі. Яны казалі, што мы былі заснаваныя толькі ў 1954 годзе. А дзе дагэтуль былі 150 гадоў? Нам уцюхвалі, што мы саўдэпаўскія, і ў 1954 годзе была заснавана школа мэханізацыі. Ці ж гэта справядліва?»

Паводле Міхаіла Сьмірнова, навучэнцам каледжа «прыемна ведаць, што ў іх такая багатая гісторыя».

«Ня важна, хто там быў. Была б Польшча, мы напісалі б, што пры Польшчы. Была б гэта іншая дзяржава, не варожая нам, была б там і адзначаная. Але і прэзыдэнт кажа, што ў нас адзіная гісторыя. Каму там вочы коле, я ня ведаю, герб Расейскай імпэрыі? Ён што недарэчны ці што? Мне падабаецца. Мне падабаецца ўсё, што справядліва.

Мне не падабаюцца кітайская герогліфы, якія на кожным рагу, і ніхто ня ведае што яны абазначаюць. Мне не падабаецца, што ў нас у Менску ўсё на ангельскай мове напісана. Мы проста абавязаныя ведаць сваю гісторыю. Гэта і прэзыдэнт сказаў. Мы павінны глыбока ведаць карані, адкуль мы», — кажа Міхаіл Сьмірноў.

Якія яшчэ «імпэрскія» помнікі ёсьць у Беларусі?

Скульптура «царскага гарадавога» ў Менску ў форме часоў Расейскай імпэрыі.

Ён быў усталяваны пры міністру ўнутраных спраў Шуневічу ў 2017 годзе, насупраць будынку МУС на 100-годзьдзе савецкай міліцыі. Пры тым гісторыя бальшавіцкай міліцыі пачалася якраз з разгону гарадавых і паляваньня на іх. Скульптуру пастаянна ахоўваюць, а за любыя дзеяньні зь ёю могуць затрымаць.

Бюст Сталіна ў гарадзкім пасёлку Сьвіслач (Гарадзенская вобласьць).

Упершыню гэты помнік ва ўвесь рост зьявіўся ў 1939 годзе, а потым зьнік напрыканцы 50-х. Летам 2000 года яго вярнулі ў выглядзе бюста.

Помнік Аляксандру Неўскаму, ягонай жонцы Аляксандры і сыну Васілю ў Віцебску.

Пастаўлены на плошчы 1000-годзьдзя. Скульптурная кампазыцыя вышынёй 4 мэтры адлюстроўвае гістарычны факт: сустрэчу ў Віцебску князя Аляксандра са сваёй жонкай Аляксандрай з полацка-віцебскай галіны Рурыкавічаў і сынам Васілём. Пастамэнт пад помнік зьявіўся яшчэ ў 2011 годзе. Аднак праз крытыку помніка князю, які фактычна ня мае сувязі зь Віцебскам, усталяваньне кампазыцыі адкладалі.

Аляксандар Неўскі (1220 — 1263) — князь Наўгародзкі, Цьвярскі, вялікі князь Кіеўскі, Уладзімірскі. Прылічаны Расейскай праваслаўнай царквой да сьвятых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG