Прэмʼер-міністар Беларусі Сяргей Румас прыбыў з рабочым візытам Кіргізстан. Як паведамляецца на сайце кіргіскага ўраду, візыт адбываецца ў межах удзелу ў юбілейным пасяджэньні Эўразійскага міжурадавага савету.
Чакаецца, што Сяргея Румаса прыме прэзыдэнт краіны Сааранбай Жээнбекаў. Чарговае пасяджэньне Эўразійскага міжурадавага савету з удзелам кіраўнікоў урадаў краін-удзельніц Эўразійскага эканамічнага саюзу адбудзецца 9 жніўня 2019 году ў горадзе Чалпон-Ата Ісык-Кульскай вобласьці.
У гэты ж дзень спэцназ Кіргізстану затрымаў былога прэзыдэнта краіны Алмазбека Атамбаева ў сяле Кой-Таш, здолеўшы з другой спробы ўзяць штурмам ягоную рэзыдэнцыю.
У Беларусі з 2010 году жыве былы прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў, які еў быў прэзыдэнтам Кіргізстану з 2005 па 2010 год. Ён прыйшоў да ўлады на хвалі так званай «Тульпанавай рэвалюцыі» супраць ураду Аскара Акаева. У 2010 годзе апазыцыя адхіліла Бакіева ад улады. Разам зь сямʼёй ён прыбыў у Менск на асабістае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі. Тады сьцьвярджалася, што на загад Лукашэнкі сам кіраўнік службы ягонай бясьпекі займаўся дастаўкай Бакіева ў Менск.
Цяпер ён грамадзянін Беларусі і лічыць сваю экстрадыцыю ў Бішкек немагчымай. Бакіеву і яго сям’і выдзелілі ўчастак у 15 сотак недалёка ад «Мінск-Арэны». На працягу 5 гадоў ён будаваў там дом, а да гэтага жыў у рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Драздах і плаціў за камунальныя паслугі.
У Беларусі знаходзяцца і жонка Курманбека Бакіева, і брат — экс-старшыня Службы дзяржаўнай аховы Жаныш Бакіеў, асуджаны кіргіскім судом на пажыцьцёвае зьняволеньне. Таксама ў Беларусі ёсьць нехта вельмі падобны да былога прэм’ера Даніяра Ўсенава — ён пад імем Данііл Урыцкі ўзначальвае ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя», пятай часткай якога валодае пляменьнік Бакіева (гэта там дэкляравалі сярэдні заробак у 26 тысячаў даляраў, але потым назвалі гэта памылкай).