Спэцназ штурмаваў дом былога прэзыдэнта Кіргізстану Алмазьбека Атамбаева. Па паведамленьнях СМІ, падчас шторму былі стрэлы, некалькі чалавек атрымалі раненьні. У чэрвені парлямэнт краіны пазбавіў Атамбаева яго недатыкальнасьці, яму пагражае крымінальны перасьлед.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў Кіргізстану затрымалі былога прэзыдэнта Алмазбэка Атамбаева. Пра гэта паведамілі ў сераду агенцтву ТАСС у штабе былога кіраўніка дзяржавы.
«Байцы спэцназу затрымалі Атамбаева і павезьлі яго ў невядомым накірунку», — сказаў прадстаўнік штабу. Разам з тым, як сцьвярджаў суразмоўца, унутры дома Атамбаева працягвалася страляніна.
Кіргізская служба Свабоды вядзе жывую відэатрансьляцыю:
Дзяржаўны камітэт нацыянальнай бясьпекі (ДзКНБ) Кыргызстану пацьвердзіў, што «спэцапэрацыю па затрыманьні былога прэзыдэнта Алмазбека Атамбаева праводзяць сілы спэцыяльнага прызначэньня ДзКНБ КР».
Па папярэдніх дадзеных, каля 10 чалавек, у тым ліку журналісты, былі параненыя, у іх трапілі гумовыя кулі.
На пачатку рэйду Атамбаеў паціскаў рукі прыхільнікам у двары. Пасьля гэтага яго забралі зь месца здарэньня ахоўнікі.
Стрэлы можна было пачуць паблізу, прынамсі адзін чалавек атрымаў траўму нагі. Прынамсі двое іншых пацярпелі падчас сутыкненьня. Адзін зь іх прадставіўся грамадзкім абаронцам Атамбаева Нурбекам Касімекавым. Ён заявіў, што яго зьбілі супрацоўнікі спэцслужбаў.
*****
Атамбаеў узначальваў Кіргізстан з 2011 па 2017 год. Ён стаў першым прэзыдэнтам, які добраахвотна пакінуў пасаду пасьля першага тэрміну, а ня быў зрынуты ў выніку рэвалюцыі. Пасьля яго да ўлады ў Кіргізстане прыйшоў Сааранбай Джээнбекаў.
Неўзабаве пасьля сыходу ў адстаўку на некалькіх бліжэйшых паплечнікаў Атамбаева былі заведзены крымінальныя справы, у асноўным па абвінавачваньнях у карупцыі. Былы прэзыдэнт пасьля гэтага адкрыта перайшоў у апазыцыю да цяперашняй улады. Пасьля гэтага ў чэрвені 2019 году дэпутаты парлямэнту Кіргізстану пераважнай большасьцю галасоў пазбавілі Атамбаева недатыкальнасьці і статусу экс-прэзыдэнта, што азначае, што яго цяпер могуць у любы момант прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці.
Генпракуратура Кіргізстану сьцьвярджае, што знайшла падставы завесьці крымінальныя справы супраць Атамбаева і ўжо тройчы выклікала былога прэзыдэнта на допыт у якасьці сьведкі. Але Атамбаеў на допыты не зьяўляўся, лічачы, што яго пазбавілі недатыкальнасьці незаконна. Таксама раней ён заяўляў, што гатовы да ўсяго, у тым ліку і да ўзброенага супраціву. «У мяне ёсьць узнагародная зброя, спэцыяльна кажу пра гэта. Я баюся за звычайных хлопчыкаў і дзяўчатак, якія прыйдуць мяне забіраць, выконваючы няправільны загад начальства», — заявіў Атамбаеў і ўспомніў кіргіскую прыказку: «Лепш памерці адстрэльваючыся, чым лежачы».
Ужо некалькі месяцаў у Кой-Таш разам з прэзыдэнтам жывуць яго прыхільнікі. Таксама Атамбаеў некаторы час таму лётаў у Расею і сустракаўся з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, але карыстаўся для гэтага не кіргіскай авіяцыяй, а прыватным самалётам, які вылецеў і прыляцеў з расейскай ваеннай базы ў Канце. Экспэрты тлумачылі гэта тым, што былы прэзыдэнт не давярае прадстаўнікам новай улады.
Ягоны папярэднік на прэзыдэнцкай пасадзе Курманбек Бакіеў, завочна асуджаным кіргіскім судом на 30 гадоў пазбаўленьня волі праз абвінавачаньне ў саўдзеле ў масавым забойстве, уцёк з краіны і ад 2010 году жыве ў Беларусі.
У красавіку 2005 году ў выніку народнага пратэсту «цюльпанавай рэвалюцыі», прэзыдэнт Аскар Акаеў склаў зь сябе паўнамоцтвы, парлямэнт дэ-юрэ прыняў адстаўку. Пры дапамозе спэцслужбаў Акаеву ўдалося выехаць з тэрыторыі Кіргізстану. Каля 14 гадоў ён жыве ў Расеі, займаецца навуковай дзейнасьцю.