Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праўнучка Ігната Дамейкі: Мой прадзед — містычная істота


Пас Дамейка
Пас Дамейка

31 ліпеня 1802 году ў маёнтку Мядзьведка Наваградзкага павету нарадзіўся Ігнат Дамейка, удзельнік паўстаньня 1830-31 гадоў і славуты чылійскі навуковец. Нашчадкі Ігната Дамейкі жывуць сёньня ў Чылі, ЗША і Аўстраліі.

У студзені 2017 года Свабода адшукала праўнучку навукоўца Пас Дамейку ў аўстралійскім Сіднэі.

Сьцісла пра Ігната Дамейку:

  • Ігнат Дамейка — філямат, удзельнік паўстаньня 1830—1831 гадоў, беларускі, польскі і чылійскі навуковец-дасьледнік, геоляг, мінэроляг, рэктар Чылійскага ўнівэрсытэту, Нацыянальны герой Чылі.
  • 2002 год у сувязі з 200-годзьдзем нараджэньня Дамейкі UNESCO назвала «Годам Ігната Дамейкі».
  • Імя Дамейкі носіць у тым ліку вульканічны ланцуг гораў у Андах (Cordillera Domeyko); мінэрал дамейкіт (domeykite, Cu3As); фіялкавая кветка (віёла дамейкона, Viola domeykana); малая плянэта 2784 Domeyko; шэраг аб’ектаў тапанімікі і грамадзкіх установаў па ўсім сьвеце.
  • У лісьце Адаму Міцкевічу з Чылі Дамейка напісаў: «Натуральна, перарадзіцца я нiколi не змагу і спадзяюся на Бога, што я — ці ў Кардыльерах, або ў Панар (Вільня) — усё роўна памру ліцьвінам ...»​

Уцёкі праўнучкі Дамейкі ад Сальвадора Альендэ

Знасьці Паc было не складана. Для гэтага дастаткова было ўпісаць у пошукаваю сыстэму па-ангельску два словы «сваякі Дамейкі». Празь некалькі сэкундаў мы набіраем нумар у Сіднэй і размаўляем з унучкай сусьветна вядомага навукоўца, народжанага на тэрыторыі сёньняшняй Карэліччыны.

Пас Дамейка з унукамі
Пас Дамейка з унукамі

Спадарыня Паc, гэта вялікі гонар з Вамі размаўляць. Ваш прадзед зь Беларусі уцякаў у Чылі, а як Вы апынуліся ў Аўстраліі?

— Я нарадзілася ў Аргентыне. Мой бацька працаваў у чылійскай дыпляматычнай службе, таму мы вельмі шмат падарожнічалі па сьвеце. Калі мне было пяць гадоў, мы пераехалі з Аргентыны ў Чылі, а потым у Бразылію і ЗША. Калі мне споўнілася 18 гадоў, я вярнулася ў Чылі і выйшла замуж. На радзіме я працавала для амэрыканскай амбасады, узначальвала Амэрыканскі культуры цэнтар. Але калі да ўлады прыйшоў Сальвадор Альендэ, мяне пачалі перасьледаваць. Я была вельмі напужаная і прыняла рашэньне выехаць у Аўстралію. Так у 1972 годзе я трапіла ў Сыднэй. Я вельмі люблю гэты горад і краіну, я тут вельмі шчасьлівая.

Паз Дамейка з дачкою і ўнучкаю
Паз Дамейка з дачкою і ўнучкаю

А дзе сёньня жывуць Дамейкі і ці вялікая ваша сям’я?

—​ Мой прадзед ажаніўся з чылійскай дзяўчынай. Ёй было ўсяго 15 гадоў, а яму 48. Яны былі вельмі шчасьлівыя, у іх было чацьвёра дзяцей. Але толькі ў малодшага сына былі дзеці. У яго было некалькі сыноў, і яны пладзіліся як чума (сьмяецца). Ажно чатыры сыны. У тых было шмат дзяцей. Цяпер жыве чацьвёртае пакаленьне Дамейкаў. Наш род вельмі рэлігійны, і таму ў нас заўсёды было шмат дзяцей. Сёньня ва ўсім сьвеце жыве больш за 200 нашчадкаў Ігната Дамейкі. Каля сотні ў Чылі, а рэшта ў ЗША і Аўстраліі. Напрыклад, у мяне пяцёра дачок.

Пас Дамейка з дочкамі
Пас Дамейка з дочкамі

У Эўропе род Дамейкаў памёр

—​ А ці застаўся нехта ў Эўропе?

​— На жаль, ані ў Беларусі, ані ў Літве ці Польшчы ўжо няма нікога з Дамейкаў. Пасьля эміграцыі Ігната ў Жыбартоўшчыне каля Дзятлава засталася толькі яго дачка Ганна, а сыноў не было. Такім чынам у Эўропе род Дамейкаў памёр.

—​ Ці перадаў ваш прадзед сваім нашчадкам мовы, на якіх ён размаўляў?

​— На жаль, мае дзяды ўжо не гаварылі па-беларуску ці па-польску. У Чылі мае прадзеды гаварылі па гішпанску і па-француску.

​—​ А чым сёньня займаюцца Дамейкі? Нехта пайшоў сьлядамі свайго вядомага прадзеда?

​—​ Унукі Дамейкі ўсе былі вельмі адукаванымі людзьмі. Мой бацька быў, напрыклад, дыпляматам. Сёньня ў нашай сям’і шмат архітэктараў, адвакатаў, лекараў. Дамейкі вельмі прыгожыя, добра выглядаюць. У Чылі нашая сям’я адносіцца да эліты грамадзтва. Усе нашы сваякі вельмі рэлігійныя.

Сям'я Хуана Дамейкі, часовага паверанага Чылі ў Аўстраліі, 1955-1959 гады. Другая справа - Пас Дамейка.
Сям'я Хуана Дамейкі, часовага паверанага Чылі ў Аўстраліі, 1955-1959 гады. Другая справа - Пас Дамейка.

Доўгі час Менск не цікавіўся Дамейкамі

​—​ Міністар замежных справаў Беларусі сказаў нядаўна, што іншыя краіны крадуць у краіны гісторыі і ўзгадаў Ігната Дамейку. А ці часта з вамі кантактуюцца афіцыйныя чыноўнікі? Магчыма, тэлефануюць дыпляматы з Канбэры?

​—​ Да мяне неаднаразова зьвярталіся літоўскія і польскія дыпляматы. Я ўжо не кажу пра гісторыкаў адтуль. Але ніхто і ніколі зь беларускіх дыпляматаў са мной не кантактаваўся. На жаль, ніякіх афіцыйных стасункаў не было. Напрыклад, цяпер у Беларусі перакладаюць маю кнігу пра Ігната Дамейку. Але гэтая ідэя зьявілася спантанна, дзякуючы знаёмаму беларусу з Аўстраліі, які паехаў да брата ў Гомель і захапіў з сабою адзін асобнік кнігі. Там і зьявілася ідэя яе перакласьці на расейскую. Гэту кнігу я напісала па-гішпанску ў 2002 годзе. У 2004 годзе яна выйшла па-ангельску ў выдавецтве «Random House». Яна называецца «Ігнат Дамейка: жыцьцё ў эміграцыі». У нашай сям’і ёсьць вялікая калекцыя дакумэнтаў і лістоў Дамейкі. Мой бацька сабраў багата рэчаў, зьвязаных з продкамі. У гэтай кнізе будзе шмат унікальных дакумэнтаў і цікавых рэчаў, якіх няма больш нідзе. Я адмыслова езьдзіла ў Францыю, Чылі, Польшчу, Літву і двойчы была ў Беларусі, каб зьбіраць матэрыялы.

  • Праз два месяцы пасьля публікацыі гэтага інтэрвію з Пас Дамейка скантактаваліся беларускія дыпляматы ў Аўстраліі і зладзілі сустрэчу. А неўзабаве ў Беларусі па-беларуску выйшла кніга Пас Дамейкі.

Фальварак Дамейкаў Жыбартоўшчына каля Дзятлава
Фальварак Дамейкаў Жыбартоўшчына каля Дзятлава

Жыбартоўшчына сёньня
Жыбартоўшчына сёньня

​— І якія вашы ўспаміны пра тыя візыты ў Беларусь?

​— Вельмі маляўнічыя. Гэта было надзвычай цікавае падарожжа. Упершыню я была ў Беларусі ў 1999 годзе. Памятаю, што тады была жахлівая інфляцыя. Я знайшла маладую пару, якая размаўляла па-ангельску. Яны вазілі мяне сваёй машынай. Я была ў Мядзьвядцы, наведвала школьны музэй Дамейкі, была ў Міры, у Наваградку і Жыбартоўшчыне, былой сядзібе Дамейкаў, якая сёньня ў руіне. Я правяла там некалькі дзён. Калі б не дапамога Скарынаўскага цэнтру, то візыт наўрад ці атрымаўся б. Другі раз я была ў 2002 годзе. У Вільні праходзіла сьвяткаваньне 200-годзьдзя Дамейкі. Я таксама там была і потым на адзін дзень паехала ў Беларусь.

​— А ці хацелі б Вы зноў наведаць радзіму прадзеда?

​— Вельмі. Мне неўзабаве 80 гадоў, але я пляную ўлетку паехаць у Вільню. Там мае адбыцца вялікая дамейкаўская канфэрэнцыя. Са мною хоча паехаць мая сястра Сэсілія і іншыя чальцы сям’і. Было б цудоўна наведаць Беларусь напрыканцы ліпеня, калі будзе адзначацца 215-годзьдзе Ігната Дамейкі. Тым больш, што цяпер перакладаецца яго кніга. Я ведаю, што ў перакладчыцы ёсьць вялікая праблема зь яе выданьнем. Калі б удалося выдаць кнігу да 215-годзьдзя, гэта было б шыкоўна. Спадзяюся, што ня будзе праблемаў і зь візай. Я чула, што Беларусь адмяніла візы для многіх замежнікаў. Але зь Вільні я хачу ехаць цягніком. Спадзяюся, што ўдасца атрымаць візу.

  • Напрыканцы ліпеня 2017 года Пас Дамейка разам зь іншымі нашчадкамі роду наведала Беларусь. Іх прыняў асабіста міністар замежных справаў Уладзімер Макей.

Урад Чылі абяцае стварыць у доме Дамейкі нацыянальны музэй

​— А як сёньня Дамейку памятаюць у Чылі? Ці сапраўды яны так карыстаюцца беларускай гісторыяй, асобай, народжанай і выхаванай у Беларусі, у сваіх інтарэсах?

​— Ігнат Дамейка найбольш вядомы сярод польскай дыяспары ў Лацінскай Амэрыцы. Канешне, у Чылі ён вядомы дзякуючы таму, што стварыў Чылійскі ўнівэрсытэт і зрабіў шмат адкрыцьцяў. Я правяла летась у Чылі тры месяцы, і ў мяне адчуваньне, што сёньня там мала хто цікавіцца гісторыяй. Яны больш клапоцяцца пра іншыя рэчы. У Чылі ёсьць дом Дамейкі. Ён належыць аднаму з маіх братоў. Там жыве цяпер сям’я. Некалькі месяцаў таму чылійскі ўрад паабяцаў стварыць там нацыянальны музэй. Дом дакладна такі, якім яго пакінуў прадзед, нават некаторая мэбля захавалася.

Мой прадзед — гэта для мяне містычная істота. Ня так даўно я зьвярталася ў думках да яго, каб ён паслаў мне цікавую сустрэчу. І бачыце, я размаўляю з вамі, упершыню зь беларускім журналістам. Дарэчы, пра містыку. У доме прадзеда была карціна з родных мясьцін. Там выява краявіду. Калі я была ў Беларусі, то адзін знаёмец вазіў мяне па ваколіцах Жыбартоўшчыны. І мне раптам захацелася спыніцца, каб зрабіць здымак. Калі я вярнулася, то пабачыла, што гэта дакладна тое самае месца, якое адлюстравана на карціне. Гэта быў маленькі цуд. Я вельмі хачу пабачыць гэтыя краявіды зноў.

Жыбартоўшчына. Карціна дачкі Ігната Дамейкі Ганны, 1908 год.
Жыбартоўшчына. Карціна дачкі Ігната Дамейкі Ганны, 1908 год.

Жыбартоўшчына. Здымак Пас Дамейкі, 1999 год.
Жыбартоўшчына. Здымак Пас Дамейкі, 1999 год.

У кастрычніку 2018 года чацьвёра нашчадкаў Ігната Дамейкі ізноў наведалі мясьціны, зьвязаныя з жыцьцём свайго продка. Яны пабывалі ў Менску, Мядзьвядцы, Горадні, трапілі на канфэрэнцыю, прысьвечаную Адаму Міцкевічу ў Наваградку, і дамовіліся зь Беларускім геаграфічным таварыствам, каб стварыць фонд імя Ігната Дамейкі дзеля дапамогі здольным студэнтам зь Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG