Ганконская паліцыя ўжыла ў суботу сьлезацечны газ для разгону пратэстаў. Жыхары гораду выйшлі на мітынг недалёка ад мяжы зь Кітаем.
Пратэстоўцы выйшлі на вуліцы, нягледзячы на пагрозу гвалту з боку ўзброеных груповак, якія ўжо зьбілі дэманстрантаў у мінулыя выходныя. Мітынг ня быў санкцыянаваны: паліцыя папярэдзіла, што ўсе ўдзельнікі маршу пратэсту будуць лічыцца правапарушальнікамі.
21 ліпеня ўдзельнікі бандыцкіх груповак пачалі зьбіваць людзей на чыгуначнай станцыі Юэнь-Лунь. Пацярпелі ўдзельнікі пратэстаў, журналісты і звычайныя наведвальнікі вакзалу — усяго 45 чалавек.
Многія ўдзельнікі пратэстаў купілі напярэдадні ахоўны рыштунак, баючыся гвалту з боку паліцыі, якая ўжывае дубінкі і гумовыя кулі.
Ганконг перажывае найцяжэйшы палітычны крызіс з 1997 году, калі Брытанія перадала гэтую тэрыторыю пад пратэктарат Кітаю. У чэрвені мільёны гараджанаў двойчы наладзілі масавыя пратэсты з прычыны закону аб экстрадыцыі зьняволеных. Закон у выніку адмянілі, аднак пратэсты ня скончыліся: цяпер ганконгцы выступаюць супраць дзеяньняў паліцыі, паведамляе Голас Амэрыкі.