Паліцыя ў амэрыканскім штаце Тэнэсі заклікала мясцовых жыхароў не змываць у каналізацыю наркатычныя рэчывы. У звароце на сацыяльных сетках, які цытуе тэлеканал CNN, паліцэйскі дэпартамэнт гораду Ларэта папярэджвае, што гэта можа прывесьці да зьяўленьня «мэтамфэтамінавых алігатараў».
Паліцыя апублікавала гэта папярэджаньне ў суботу, пасьля таго як падазраваны падчас ператрусу ў сваім доме паспрабаваў змыць вялікую дозу мэтамфэтаміну. Паводле паліцыянтаў, наркотык не фільтруецца ачышчальнай сыстэмай і ў выніку трапляе ў мясцовую раку.
У паведамленьні гаворыцца, што за апошнія некалькі тыдняў былі зафіксаваныя выпадкі «жывёлаў на мэтамфэтаміне» (methed up animals).