Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Google прызнаўся, што яго супрацоўнікі і кліенты слухаюць вашы галасавыя каманды


Супрацоўнікі Google праслухоўваюць галасавыя каманды, выдадзеныя карыстальнікамі прылад Google Home і Google Assistant, і перадаюць іх іншым кампаніям. Пра гэта паведамляецца ў карпаратыўным блогу кампаніі. Публікацыя зробленая пасьля таго, як бэльгійскі канал VRT News паведаміў аб атрыманьні больш чым тысячы аўдыёзапісаў галасавых каманд ад аднаго з падрадчыкаў кампаніі.

У рэпартажы канала распавядалася, што частка атрыманых аўдыёзапісаў утрымлівала асабістыя дадзеныя карыстальнікаў і размовы, не прызначаныя для пабочных асобаў. У некаторых выпадках людзі ня ведалі, што прылада іх слухае, каманды запісваліся па памылцы.

У карпарацыі заявілі, што прымаюць меры, каб пазбавіць асабістай ідэнтыфікацыі запісаныя паведамленьні і забараняюць расшыфроўваць фонавыя размовы. Перадачу размоваў там тлумачаць неабходнасьцю удасканальваць сыстэмы галасавога кіраваньня. У кампаніі заяўляюць, што даюць карыстальнікам магчымасьці ацаніць, якія дадзеныя яны перадаюць, і выдаліць іх з агульнага карыстаньня.

Карыстальнікі разумных прылад часьцяком не разумеюць, што іх прыватная інфармацыя можа апынуцца ў чужых руках, адзначае выданьне The Verge. Журналісты зьвяртаюць увагу на тое, што сытуацыя з Google адбылася праз тыдзень пасьля таго, як стала вядома, што кампанія Amazon не выдаляе частку дадзеных пра карыстальнікаў свайго галасавога памочніка нават пасьля таго, як тыя думаюць, што гэта зроблена.

За апошнія некалькі гадоў стала вядома, што дадзеныя прылад, якія карыстальнікі лічаць цалкам аўтаматызаванымі, атрымліваюць супрацоўнікі або падрадчыкі кампаній, зьвязаных з тэлевізарамі Samsung, разумнымі дзьвярнымі званкамі Amazon, і іншымі разумнымі прыладамі.

Гэтая інфармацыя можа быць выкарыстана ня толькі зламысьнікамі, але і спэцслужбамі, паведамляў WikiLeaks. У сакавіку расейская газэта «Коммерсантъ» пісала, што ўрад Расеі абавяжа пастаўшчыкоў бытавой тэхнікі з выхадам у інтэрнэт даваць спэцслужбам доступ да інфармацыі, атрыманай праз гэтыя прылады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG