Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што паказвае ў Беларусі «баромэтар рэвалюцыі»?


Лукашэнка прымае прэзыдэнцкую прысягу, 20 ліпеня 1994.
Лукашэнка прымае прэзыдэнцкую прысягу, 20 ліпеня 1994.
  • «Хто, калі ня ён?» — рытарычнае пытаньне і практычныя адказы
  • Трук склейкі ад афіцыёзу: Лукашэнка як бацька-заснавальнік Беларусі і стваральнік беларусаў
  • БРСМ — школа ляяльнасьці ці абыякавасьці?

Пра Аляксандра Лукашэнку для розных пакаленьняў беларусаў разважаюць аглядальнік Радыё Свабода Юры Дракахруст, журналістка «Белсату» Любоў Лунёва, рэдактар новых мэдыяў Радыё Свабода Францішак Вячорка і рэдактарка палітыка-эканамічнага блёку навінаў парталу Tut.by Вольга Лойка.

Лунёва: Многія ў 1994 годзе былі прыхільнікамі Лукашэнкі не таму. што ён ім падабаўся харызмай, а таму што спадзяваліся на аднаўленьне страчанай БССР.

Большасьць яго тагачасных прыхільнікаў ужо сышлі з жыцьця, а тыя, каму тады было 30, цяпер ужо пэнсіянэры. Яны цяпер кажуць, што лепшыя гады жыцьця правялі ў балоце, шкадуюць, што ў краіне няма выбараў і немагчыма мірным шляхам зьмяніць сытуацыю.

Леў Троцкі: Моладзь — баромэтар рэвалюцыі

Вячорка: Моладзь не цікавіцца палітыкай. Яны нават не ўяўляюць, што такое ўплываць на палітычныя працэсы.

У стужку Фэйсбуку і Інстаграму палітыка трапляе з Кіева ці Масквы, але не з Беларусі.

Для моладзі няма Лукашэнкі. Паздыманыя яго партрэты ў Менску.

Моладзь адкрывае для сябе, што, аказваецца, было ў Беларусі палітычнае жыцьцё, была палітычная канкурэнцыя.

Лойка: БТ і СБ — ня самыя папулярныя рэсурсы. Але самыя папулярныя — гэта забаўляльныя, моладзь пераважна там.

Аналітычныя тэксты і на TUT. BY — ня самыя чытэльныя.

Гэта не зьвязана са страхам, у нас людзі не настолькі запалоханыя.

Склейка часоў: незалежнасьць пачалася з Лукашэнкі

Францішак Вячорка
Францішак Вячорка

Вячорка: Бальшыня людзей, у тым ліку і моладзь, ня можа адрозьніць БССР ад БНР, прыгадаць, што было ў 1918-м, што ў 1991-м, што ў 1994-м.

Моладзь разважае — гэта было ня з намі, не пры нас, так што няважна, што там было.

Для моладзі незалежнасьць — каштоўнасьць. Дэрусіфікацыя адбылася, у тым ліку і дзякуючы склейцы 1991-га і 1994-га гадоў.

Лойка: У палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў, бізнэсоўцаў, у дасьведчаных людзей, склейкі 1991-1994 няма. Тады было вельмі шмат фактараў, якія супрацьдзейнічалі прыходу да ўлады Лукашэнкі. Гэта проста фантастыка, што ў яго гэта атрымалася.

Вельмі многіх уразіў сэрыял «Чарнобыль» нават ня новым поглядам, а канстатацыяй самога факту — аказваецца, такое было. Масавы чытач ня памятае нават нядаўніх падзеяў.

Лунёва: У нас склейка на склейцы, дастаткова паглядзець школьныя падручнікі.

У музэі гісторыі нядаўна ўбачыла — ляжыць княская булава, а за ёй аўтамат Калашнікава. А паміж імі хіба нічога не было?

«Хто, калі ня ён?»

Вольга Лойка
Вольга Лойка

Лойка: Да зьяўленьня ва Ўкраіне Зяленскага ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнта можна было сказаць, што ў нас няма грамадзкага запыту на альтэрнатыву. Відавочная перавага Лукашэнкі над апазыцыйнымі лідэрамі. А чыноўнікі ніколі не прэтэндавалі на тое, каб быць альтэрнатывай.

Са зьяўленьнем Зяленскага многія падумалі — а чаму б і не? Беларусам да 40 гадоў Кіеў паказаў, як гэта можа быць. Мяркую, што менавіта цяпер запыт на альтэрнатыву ў Беларусі зьявіўся.

Лунёва: Людзі кажуць падчас апытаньняў, што ня хочуць асобы, хочуць парлямэнцкую рэспубліку. За яе выказваюцца нават людзі сталага веку.

Вячорка: Сыстэма навучылася нэўтралізоўваць любыя альтэрнатыўныя фігуры, постаці. Іх альбо зьнішчаюць, альбо бяруць на кручок, альбо выкідаюць за мяжу.

Самацэнзура спрацоўвае і ў чыноўнікаў, і ў бізнэсоўцаў.

Адзін беларускі бізнэсовец, які падтрымлівае беларускія праекты, сказаў мне: Вы думаеце, што я несьвядомы? Я сьвядомы, але калі я скажу, для чаго я гэта раблю, мой бізнэс закрыюць, а мяне пасадзяць.

Людзі гатовыя быць альтэрнатывай, але пры ўмове, што яны будуць часткай непэрсаналізаванага руху. Так яны падтрымлівалі «антыдармаедзкія» пратэсты, так яны падтрымлівалі БНР-100.

Людзі мне казалі — вось вам тысяча даляраў на БНР-100, але пра мяне ні слова не пісаць.

Ці зьяўляецца БРСМ «кузьняў кадраў» для апарату?

Лунёва: У савецкія часы многія шчыра верылі ў камунізм. Для мяне гэта не было цынізмам. Я зразумела, што дзядуля Ленін — сволач, калі ў ВНУ пачала канспэктаваць яго творы.

Цяпер ідэйных брсмаўцаў ня існуе.

Паводле статуту піянэраў, піянэр мусіць паведамляць важатым, пра што размаўляюць бацькі.

Я калі гэта прачытала, сказала маці: Паглядзі, выхоўваюць Паўлікаў Марозавых. Сын, які прысутнічаў пры размове, пытае: А хто такі гэты Марозаў? Мая маці адказвае: Быў такі хлопчык, які запісаўся ў БРСМ, дык яго задушыла ўласная бабуля.

Сьвята вышыванкі, зладжанае БРСМ, ліпень 2018
Сьвята вышыванкі, зладжанае БРСМ, ліпень 2018

Лойка: Калі раней кампаніі па ідэалягічным выхаваньні хаця б выглядалі моцна, то цяпер яны выглядаюць вартымі жалю.

Адсюль гісторыі, калі нехта плаціць унёскі за чальцоў БРСМ, якія паняцьця ня маюць, што яны чальцы БРСМ.

Цяпер лідэр БРСМ — гэта ня той, хто стане лідэрам потым.

Вячорка: БРСМ як «кузьня кадраў» для апарату здох. Такой «кузьняй» зьяўляецца акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце. Праўда, многія паступаюць туды па рэкамэндацыі БРСМ. Але ня толькі, гэта не адзіны і нават не асноўны мэханізм, каб патрапіць туды.

Некаторыя ідуць у БРСМ таму што хочуць змагацца за незалежнасьць Беларусі. Многія брсмаўцы прыходзілі на сьвяткаваньне БНР-100 і БНР-101 і з гонарам потым пісалі пра гэта ў сацсетках.

Задача выхоўваць ляяльнасьць да рэжыму ўжо не стаіць у прынцыпе. Стаіць задача — максымальна дэпалітызаваць людзей, якія маглі б патэнцыйна стаць лідэрамі.

XS
SM
MD
LG