Балота

«9 тысяч гадоў! Вы толькі падумайце!» — на Ельню нас вядуць два маладыя хлопцы-праваднікі з #YelnyaTrip. Яны вырасьлі ў гэтых краях і пра балота могуць гаварыць бясконца.

Узрост Ельні вызначаюць па таўшчыні тарфяных пакладаў, а тут яны буйныя — у сярэднім пад чатыры мэтры. Ёсьць месцы, дзе слой торфу перавышае 8 мэтраў.

Па плошчы Ельня займае 258 квадратных кілямэтраў. Гэта як скласьці разам, напрыклад, Гомель і Магілёў.

У Беларусі Ельня — самае вялікае верхавое балота. А ў Эўропе — пятае па велічыні. Верхавое — азначае, што вада ў ім толькі з атмасфэры. Зь Ельні выцякаюць тры ракі і ніводная не ўпадае. Там, дзе вада застойваецца, утвараюцца паклады сфагнуму. Таму цэнтар балота выпуклы — уздымаецца над краем на 5–7 мэтраў.

У 1968 годзе тут утварылі рэспубліканскі заказьнік «Ельня». З 2002 году ён мае міжнародны статус.

Дзім Дзімыч

У экспэдыцыі з намі сапраўдны «балотны чалавек» — Дзім Дзімыч. Пакручасты лёс прымусіў яго пражыць на Ельні 6 гадоў. Кажуць, што ніхто не адчувае балота лепш за яго. Дзім Дзімыч распавядае, як служыў на караблях, як у Токіё яго вучылі складаць ікэбану і які ў Гішпаніі музэй Сальвадора Далі. Цытуе Якуба Коласа, Амара Хаяма і Сяргея Ясеніна.

«Аднойчы на карабель "Наватар", на якім я тады хадзіў, прывезьлі "Людзі на балоце" стужку, дзьве сэрыі, — кажа ён. — Пад другую палову першай сэрыі застаўся толькі я і кінамэханік. Мне ж трэба сваё, роднае падтрымаць. Але ўсё нуднае там было, праўда».

Сьцежка

Для нас яе няма. Як сярод купін, імху і дрэваў арыентуюцца праваднікі — загадка. Ісьці па балоце — правальвацца ў мох і ваду ці па костачку — ці па пояс.

Bootstrap

Нам пашанцавала з надвор’ем, вада была прагрэтая. Хоць калі правальваесься глыбей, адчуваеш, наколькі там холадна. Абутак — зручныя красоўкі з трывалай падэшвай і верхам з тканіны, каб не ўбіралі шмат вады.

Гумовыя боты тут не дапамогуць. Дасьведчаныя людзі кажуць, што яны скрадуць траціну тваёй энэргіі. Выліваць зь іх ваду на кожным кроку ты ня будзеш. Падчас руху ня раяць нават размаўляць, бо з размовай сыходзяць сілы.

Паверхня Ельні недзе пакрытая нязначнымі лясамі. Але збольшага — гэта невысокія хвоі, бярозы, зарасьці хмызьняку, буякоў і верасу.

Bootstrap2

Сфагнум

Гэта і ёсьць тарфяны мох, па якім мы ідзем. Падступна мяккі пад нагамі, невыразнага зялёнага колеру,
пад сонцам ён набывае дзесяткі разнастайных адценьняў.

Bootstrap3

Праваднікі кажуць, што за год сфагнум вырастае на мілімэтар і мілімэтар адмірае зьнізу. Дзім Дзімыч распавядае пра яго надзвычайныя антысэптычныя якасьці. Кажа, што сухім сфагнумам можна перавязваць раны, а ў вайну жанчыны, якія хаваліся на балотах, выкарыстоўвалі яго ў гігіенічных мэтах.

Вада

Прапушчаная праз сфагнум вада чыстая, залацістая на сонцы ці проста карычневая, але празрыстая. Піць можна, але напіцца немагчыма.

«Чысты дыстылят», — кажа пра яе Дзім Дзімыч. У ёй мала мінэралаў, і на смак яна падаецца «сухой». Піць можна не паўсюль. Дакладна месцы для піцьця вызначае толькі Дзім Дзімыч.

У заказьніку 118 азёраў і вадаёмаў — вялікіх і малых. Цьвёрдых берагоў часта проста няма — ідзеш па «зыбуну». Шчыльны і мяккі слой імху ўтрымлівае нагу, а пад табой разыходзяцца хвалі.

Назвы ў азёраў паэтычныя. Апроч звыклых Чорнага, Белага і Плоскага, ёсьць Смоўж, Сухое, Бярэжа, Курганістае. І Ельня — канцавы пункт нашай экспэдыцыі. Па плошчы яно самае вялікае — каля 5,5 кілямэтра, але і неглыбокае — ня болей за 3,5 мэтра.

Вада ў азёрах густая, жоўта-карычневая. Ля самага берагу, дзе дно пакрытае тоўстым слоем глейкага торфу, не відаць, наколькі яна празрыстая.

Bootstrap4

Зь некаторых азёраў ваду можна піць. Дзім Дзімыч ведае, зь якіх. Напрыклад, зь Мядзьведжага вушка. Кажуць, што калісьці на Ельню падаў мэтэарыт, і невялічкае маляўнічае возера ўтварылася на месцы варонкі.

Рыбалка

Мясцовыя кажуць, што на азёрах клясная рыбалка. У зыбуне можна зрабіць лунку нават за дзясяткі мэтраў ад возера — і там усё адно будзе рыба.

Рыбацкі промысел стварыў на Ельні сваю інфраструктуру. На рэдкіх цьвёрдых кавалках сушы — рыбацкія стаянкі. У доміку, вышынёй ледзьве паўтара мэтра, можна жыць нават узімку. Дзім Дзімыч у такім і пражыў шэсьць гадоў, часам жыве і цяпер.

На стаянцы — пакінутыя для сябе ці для іншых рыбакоў прылады, посуд і нават прадукты.

Узімку рыбаку лёгка трапіць на азёры па лёдзе — нават вялікая адлегласьць пераадольваецца хутка. Але пра самотных рыбакоў расказваюць трагічныя гісторыі — завязнуць і замерзнуць тут таксама хутка і лёгка.

Ягады

79-гадовая Ірэна Іванаўна Сініца зь вёскі Буды распавядае,
што раней яны нават уцякалі з працы з калгасу ў ягады, каб падзарабіць.

Стагодзьдзямі беларусы хадзілі на балоты ў ягады — брусьніцы, буякі і найперш журавіны. Сэзон на іх яшчэ не пачаўся, але кажуць, што «зьбіраюць тонамі».

Дзім Дзімыч кажа, што ведае месцы, дзе расьце марошка.

Эколягі папярэджваюць, што некантраляваная рыбалка і збор ягад могуць непакоіць птушак, якія прылятаюць на балоты, пашкодзіць іншым рэдкім відам флёры і фаўны.

Пах

«Гэта нам пашанцавала, што вецер, — кажа праваднік. — А то б ад багуна ашалелі б».

Густы пах багуна балотнага стаіць над Ельняй. У гэтай расьліне шмат эфірнага алею, які мае раздражняльнае і наркатычнае дзеяньне. Можа быць атрутны, а ў значных дозах паралізуе нэрвовую сыстэму.

Гарбата з багуном у мясцовых лічыцца лекавай. Дапамагае пры бранхітах і рэўматызьме. Дзім Дзімыч раіць выкарыстоўваць багун асьцярожна.

Дрэвы і травы

На Ельні расьце 405 відаў расьлін. Зь іх 13 — з «Чырвонай кнігі».

Расянку нам ужо на першым прывале паказвае Дзім Дзімыч. На Ельні яе два віды.

Bootstrap5

Імшарніца шматлістая — як і багун, яшчэ адна расьліна сямейства верасовых. Далікатныя кветкі на трывалай сьцябліне з жорсткім лісьцем. Утрымлівае нэўратаксычнае рэчыва родатаксін, якім можна атруціцца да сьмерці. У народнай мэдыцыне выкарыстоўваецца як лекавая. Лісьцем і сьцяблінамі фарбавалі раней тканіну ў чорны колер.

Расьце на Ельні рэдкія карлікавая бяроза, невысокія хвоі, елкі, бярозы.

Найбольш уражваюць сухія шкілеты дрэваў, раскіданыя па ўсёй прасторы. У 1998 і 2002 Ельня палала. Пажары былі настолькі моцныя, што панішчылі больш за палову яе тэрыторыі. А жыхароў бліжэйшых вёсак адсялялі ў іншыя месцы.

Bootstrap6

Партызанскія атрады і бандыты

На рэдкіх кавалках цьвёрдай зямлі, зарослых лесам, калісьці жылі нават вёскі, — кажа Дзім Дзімыч. У вайну мясцовыя сыходзілі ў балота ратавацца. А на самой Ельні разьмяшчаліся тры вялікія партызанскія атрады, адзін зь іх габрэйскі. Лягеры былі настолькі добра ўладкаваныя, што мелі нават аэрадром.

Пасьля вайны на балотах хаваліся дэзэртыры, якія рабавалі навакольныя крамы. Дзім Дзімыч вядзе нас да месца зь іхнай зямлянкай і складам, куды міліцыянты пры штурме кінулі гранаты.

Цяпер балоты прыцягваюць капальнікаў, якія шукаюць тут зброю і каштоўнасьці.

Жывёлы і птушкі

Гадзюка, яшчарка, пара жаб і чародка чаек — вось усё жывое, што паказала нам Ельня. Дзім Дзімыч кажа, што тут ёсьць ласі, дзікі, бачыў ён і рысь. Каля берагоў мноства бабрыных плацін.

Найбольш прыцягвае балота назіральнікаў за птушкамі. Рэдкіх птушак тут можна пабачыць у вялікай колькасьці. Тут бачылі чорнавальлёвага гагача, залацістую сеціўку, куліка-селянца, сярэдняга кулона.

А ўвосень тут зьбіраюцца тысячы шэрых журавоў і іншых мігруючых птушак.

Як гэта было