Помнік зьбіраюцца ўсталяваць на магіле Алеся Ліпая ў гарадзкім пасёлку Рудзенску (Пухавіцкі раён Менскай вобласьці) да першай гадавіны ягонай сьмерці, 23 жніўня 2019 году.
Грошы зьбіраюць на краўдфандынгавай плятформе «Вулей».
«Мы лічым, што постаць Алеся і ўсе добрыя справы, якія ён пакінуў пасьля сябе, вартыя памяці. І вартыя помніка», — гаворыцца ў звароце родных, калег і сяброў Алеся Ліпая на старонцы краўдфандынгавай кампаніі.
Рабіць помнік будзе скульптар Вадзім Мацкевіч.
Алесь Ліпай у 1988 годзе стаў першым карэспандэнтам Радыё Свабода ў Беларусі.
Ён быў заснавальнікам і кіраўніком БелаПАН, найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі, якое працуе з 1991 году.
Першую кнігу паэзіі «Пад сьнегам» ён выдаў у 2000 годзе. У 2007 годзе выйшаў зборнік паэзіі «Рэшта», у 2017-м — «Абдымкі».
Алесь Ліпай памёр 23 жніўня 2018 году на 53-м годзе жыцьця.