Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мае 45 хвілін і 57 дзён


Ганна Севярынец
Ганна Севярынец

Я ў адпачынку. У нашым сьвятым, выпакутаваным, сьлязьмі і потам шматкроць акупленым настаўніцкім адпачынку даўжынёй у немагчымыя 57 дзён. За гэты адпачынак нас цэлы год сьцябаюць, цягаюць працаваць па суботах, нагружаюць рознай арганізацыйнай і папяровай лухтой, каб толькі выпрацавалі свае гадзіны, і болей за іх, і цяжэй за іх, але мы вытрывалі, дапаўзьлі, дацярпелі. Усё.

Не хачу нічога чуць і бачыць. Ані гэтыя новыя праграмы, ані гэтыя новыя вучэбныя пляны, ані вынікі тэставаньня, гары яно гарам усё, я падумаю пра гэта ў верасьні, усё адно будзе так, як будзе, сыстэма схопіць цябе за каўнер, узьлезе на карак, пагоніць у шыю, плясьне кіпнем на патыліцу. Бог зь імі. У мяне ёсьць 57 дзён.

Што тут думаць і камэнтаваць усё гэта. Канцэптуальна вымалевалася агульная лінія нашай сучаснай адукацыі: заціснуць разумных, падмануць дурных. Гэта было бачна і тады, калі спрашчаліся праграмы і зьнішчаўся сыстэмны падыход да навучальнага матэрыялу, і тады, калі хітрай шматхадовачкай забіваліся гімназіі, і цяпер, калі паводле новай сыстэмы падліку балаў ЦТ «батанікі» прайгралі, а няздары выйгралі.

Калісьці, кіруючы аддзелам аптовых продажаў у прыватнай кампаніі, я падбірала свайму супрацоўніку сакратарку. Гэта павінна была быць ня проста сакратарка — «правая рука». Каб адсочвала кліентаў, вырашала іх праблемы, каардынавала пастаўкі, сядзела на тэлефоне, пакуль ён «у палёх» займаецца непасрэдна продажам. Дзяўчат я падбірала адукаваных, спрытных, кемлівых. І нешта ніхто яму не падабаўся. Адну адкіне, другую забракуе. «Што ты перабіраеш? Якое яшчэ золата табе патрэбнае?» — неяк ня вытрывала я. «Ну... Ты мне ўсё нейкіх надта вумных знаходзіш. Яны пачынаюць пытацца, потым разьбірацца, а потым камандаваць. Нашто мне такія? Ты мне дурненькую падбяры».

Шчэ аднойчы, седзячы ў журы раённага конкурсу прамоўцаў, я спытала ў калег: «Слухайце, а чаму вы патураеце дзецям, якія тупа зазубрываюць чужыя тэксты на памяць? Хіба ж гэта ёсьць майстэрствам прамоўцы?» Калегі мае шчыра зьдзівіліся: «А вы хочаце, каб яны казалі тое, што самі прыдумалі? Вы разумееце, што яны тады тут нагавораць?»

Але я пра гэта ня думаю. Няхай гэта будзе не маёй бядой і не маёй адказнасьцю. Бо як міне 57 дзён — я падыду да дзьвярэй клясы, адчыню іх, пачую знаёмы гул за партамі, зайду, шчыльненька зачыню за сабою дзьверы і павітаюся зь дзецьмі. І тыя 45 хвілін, што нікога рэальна не цікавяць — праверкі надзвычай рэдка ходзяць на ўрокі, гібеючы над паперамі — гэтыя 45 хвілін я буду рабіць у клясе ўсё, што я хачу. А я хачу спрачацца і шукаць, зьдзіўляцца і зьдзіўляць, даваць дзецям волю і адчуваць яе для сябе. Гэта можна рабіць зь любымі праграмамі і пры любых ЦТ.

Таму, дарагія мае рэфарматары адукацыі, можаце спакойна радавацца ўсім сваім рэформам, высокім балам ЦТ, аднолькавым школам і неталенавітым праграмам, мазаць іх на хлеб, сыпаць у гарбату, класьці пад падушку, люляць у спрацаваных далонях — няхай гэта будзе з вамі. А са мной — мае 45 хвілін і 57 дзён. Амэн.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG