Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бессэнсоўны савецкі подзьвіг. Як з Чарнобыля вывозілі ядзерную зброю


Расейская служба Радыё Свабода апублікавала матэрыял Сяргея Лойкі пра тое, як з Чарнобылю пад Кіеў выводзілі забруджаны ракетны дывізіён.

Сьцісла

  • За 6 км ад Чарнобылю ў 1986 годзе месьцілася 96-я Кіеўская зэнітная ракетная брыгада. Апроч аховы АЭС, вайскоўцы абслугоўвалі стратэгічную станцыю раньняга выяўленьня ракетных пускаў з тэрыторыі ЗША.
  • У брыгадзе на ўзбраеньні былі тры ядзерныя боегалоўкі.
  • Калі б, як чакалася, адбыўся другі звышмагутны вадародны выбух, ядзерныя боегалоўкі маглі б здэтанаваць і сурʼёзна пагоршыць сытуацыю.
  • Загад на перабазаваньне прыйшоў толькі праз тры дні пасьля аварыі на ЧАЭС. Уся тэхніка, зброя, рэчы на гэты час былі незваротна забруджаны радыяцыяй.
  • За 5 наступных дзён маёмасьць і зброю перавезьлі ў Барыспаль пад Кіевам. Радыяцыйная калёна праходзіла праз сталіцу Ўкраіны. Ядзерную зброю адвезьлі яшчэ далей — ва Ўмань.
  • Вайскоўцы ж заставаліся ў забруджанай зоне ад двух тыдняў да месяца і даўжэй у чаканьні загаду з Масквы пра поўную эвакуацыю.
    Колішняя станцыя раньняга выяўленьня ракетных пускаў з тэрыторыі ЗША іржавее ў чарнобыльскай зоне
    Колішняя станцыя раньняга выяўленьня ракетных пускаў з тэрыторыі ЗША іржавее ў чарнобыльскай зоне
  • У траўні 1986 году з Масквы загадалі дэзактываваць зброю і тэхніку. Вайскоўцы іх мылі і церлі дзень і ноч, але радыяцыя не зьніжалася.
  • Пасьля гэтага Масква загадала вярнуць усе цягачы і тэхніку назад у чарнобыльскую зону.
  • Раскрадальнікі мэталу пазьней амаль усю гэтую тэхніку расьпілавалі і вывезьлі з зоны.
  • Забруджанае ўзбраеньне захоўвалася ў частцы пад Кіевам да 1989 году.
  • Намесьнік камандзіра брыгады Віктар Чаршнёў сказаў, што з тых, каго ён ведае, некалькі чалавек ужо памерлі, а астатнія — цяжкахворыя. У яго самога праблемы з сэрцам.
  • «Фільм [НВО] — добрае амэрыканскае кіно, — кажа Чаршнёў. — Але яны, вядома, не расказалі нашую гісторыю. Мы таго не заслугоўваем. Ніхто ў сьвеце ня ведае, што мы існавалі і праз што мы прайшлі. Мы нікога не ўратавалі. Мы нічога не ліквідавалі».

Цалкам матэрыял чытайце на сайце Расейскай службы Радыё Свабода

Што важна ведаць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя.

  • У атмасфэру было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасьля атамнага бамбаваньня Хірасімы ў 1945 годзе.
  • З усіх краін ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы Беларусь пацярпела найбольш — на тэрыторыі Беларусі асела звыш 70% радыенуклідаў, найбольш забрудзіўся 21 раён.

  • З 2,2 мільёна чалавек, якія жылі на забруджаных землях, эвакуавалі і адсялілі 138 тысяч, яшчэ каля 200 тысяч самі зьехалі з пацярпелых тэрыторый.
  • У 1986 годзе падчас аварыі на ЧАЭС з разбуранага рэактара было выкінута 1850 пэтабэкерэляў радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цэзію прыпала 270 пэтабэкерэляў. Пэрыяд паўраспаду цэзію-137 — 30 гадоў. Гэта значыць, што на 2016 год яго колькасьць на тэрыторыі Беларусі зьменшылася ўдвая.

Чарнобыль: Поўная храналёгія падзеяў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG