Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прыбярыце сваіх дазымэтрыстаў». Як навуковец спрабаваў пераканаць улады ратаваць людзей пасьля чарнобыльскай катастрофы


Тэлеканал «Настоящее время» апублікаваў вытрымкі з інтэрвію з Васілём Несьцярэнкам, якое запісала Святлана Алексіевіч для сваёй кнігі «Чарнобыльская малітва». Раней гэтая размова нідзе не публікавалася.

29 красавіка 1986 году Васіль Несьцярэнка, дырэктар Інстытуту ядзернай энэргетыкі АН Беларускай ССР, прыехаў у ЦК КПБ расказаць пра сытуацыю, якая склалася пасьля выбуху рэактару на Чарнобыльскай АЭС. Яго прынялі толькі а палове шостай вечара.

Даведаўшыся пра аварыю, Васіль Несьцярэнка стукаў ва ўсе дзьверы, дамагаўся сустрэч з самымі высокімі партыйнымі дзеячамі, каб яны «далі дабро» на ўратаваньне людзей. Але яго ігнаравалі, а пазьней зьнялі з пасады.

«Калі б тады жорстка спагналі, то Чарнобылю б не было»

— Упершыню аб гэтай страшнай аварыі я даведаўся, знаходзячыся ў службовай выправе ў Маскве, 28-га. Хоць аварыя, як вы памятаеце, здарылася ўначы зь пятніцы на суботу, у нядзелю я спакойна паляцеў у Маскву. Гэта значыць, інфармацыі ніякай не давалася. Я, праўда, заўважыў, у мяне заўсёды з сабой бывае дазымэтар, што нешта незвычайнае. Але я вырашыў, што гэта няспраўны дазымэтар: калі самалёт падымаўся ўгору, то недзе ў вышыні заўважыў, што ён занадта шмат паказвае. Але я вырашыў, што прыбор няспраўны, і паляцеў. Гэта было ў нядзелю.

Раніцай (у панядзелак 28 красавіка), я прыйшоў па справах інстытуту ў Крэмль. Зайшоў у аддзел, які займаецца атамнымі станцыямі, кажу: «У мяне назьбіралася куча пытаньняў, давайце вырашым». — «Ды не да цябе, гарыць чарнобыльскі рэактар». Я кажу: «Ну добра, у панядзелак з раніцы — і такія дурныя жарты». Кажа: «Ня жарт — гарыць рэактар».

Я на гэтым рэактары шмат разоў бываў, бываў і на Ленінградзкай атамнай станцыі, і на Смаленскай. То бок, у нас іх некалькі такіх станцый. Быў і на Ігналінскай — гэта такога ж тыпу рэактар. Рэактар гэты цяжкі, гэта адзіны рэактар у сьвеце, які ня мае каўпака бясьпекі, у яго моц — тысяча тон графіту. Дарэчы, графіт там неабходны паводле тэхналёгіі як запавольнік. Альбо вада павінна быць. І калі ён загарэўся, то гэта жахлівая справа.

Падобная аварыя была ў 1975-1976 годзе на Ленінградзкай АЭС: тады выйшлі са строю дзесьці каля 30 каналаў. Падобны эфэкт быў і на Чарнобыльскай станцыі ў 1982-1983 годзе, калі з адным каналам такая бяда здарылася.

Тады я быў чальцом міжведамаснага саюзнай рады ў атамнай энэргетыцы, і гэтыя ўсе выпадкі разьбіраліся, натуральна. Я ведаю, як жорстка патрабаваньні прад’яўляў міністар сярэдняга машынабудаваньня Слаўскі. Але гэтыя станцыі, на жаль, былі ў Міністэрстве энэргетыкі. А далей пачыналася абарона гонару і мундзіру — «Што вы нашых крыўдзіце» — і ўсё спускалася на тармазах. Я думаю, што калі б тады жорстка спагналі, то Чарнобылю б не было.

28 красавіка 1986 году. «Дзьве-тры кропелькі ёду»

— На жаль, я даведваюся, што здарылася аварыя. Вы ведаеце, што нашы вёскі за 7-10 кілямэтраў ад станцыі. Калі яна гарыць, то графіту там столькі, што хопіць гарэць больш за месяц. Я, натуральна, тут жа тэлефаную ў інстытут: увядзіце аварыйную інструкцыю.

Гэты мэханізм добра адпрацаваны. Там цэлы шэраг захадаў: трэба зачыніць форткі, выключыць прытокавую вэнтыляцыю.

У нас такое ёсьць правіла, што калі на рэактары такая бяда адбылася, значыць, будзе выкід радыяактыўнага ёду. Трэба, першае, — правесьці абарону, ёдавую прафіляктыку. Гэта азначае, што людзі павінны [яго] выпіць. Калі гэта прафэсіяналы, то ў іх у спэцвопратцы маецца дзьве-тры таблеткі ёдату калію. А калі дома ня знойдзецца, то тады трэба проста ўзяць шкляначку малака, вады і капнуць: для дзяцей — адна-паўтары кропелькі, для вас — дзьве-тры кропелькі. І тады трапляе гэта ў шчытападобную залозу. І калі прыйдзе радыяактыўнае воблака, там ужо ёсьць стабільны ёд: ён будзе вельмі інтэнсіўна выводзіцца з арганізма — і радыяактыўны выведзе.

Я даведаўся пра (аварыю) дзесьці а палове на дзясятую. Дзесьці ў 10.15, можа быць, у раёне дзесяці, тэлефанаваў у інстытут. Пакуль злучыўся... Як толькі пачынаеш апавядаць, што гэта атамная станцыя гарыць, тут жа сувязь разрываецца. Я кажу: «Не шукайце ў сябе, вы не вінаватыя, гэта ў нашых паўднёвых суседзяў. Прыміце захады абароны».

Яны кажуць: «У нас выяўленая актыўнасьць, у нас у памяшканьнях [узровень радыяцыі] меншы, чым на вуліцы».

Я кажу: «Прымайце меры абароны. І апавясьціце людзей, школу, дзіцячы садок». Папрасіў, каб дадому патэлефанавалі.

Пасьля гэтага я набраў тэлефон прэзыдэнта Акадэміі навук БССР Барысевіча, кажу: «Мікалай Аляксандравіч, такая бяда адбылася, што трэба рабіць?» Коратка яму паўтарыў. Кажа: «Ведаеш, я не змагу, напэўна, пераканаць кіраўнікоў, тэлефануй наўпрост Слюнькову» (першаму сакратару ЦК КПБ. — НВ).

Я адзін, два разы выходзіў на памочніка — не злучаюць, але з трэцяга разу ўсё ж такі выйшаў. Пачынаю распавядаць, што адбылася такая аварыя. «Так, там пажар быў, але там ужо ўсё патушылі. Чаго падымаеш паніку?» Я кажу: «Мікалай Мікітавіч, там так шмат графіту, ён будзе гарэць, калі яго не загасіць, не адзін дзясятак дзён». — «Добра, прылятай, заўтра прыходзьце, разьбярэмся». І паклаў слухаўку. Ну натуральна, я ўжо там свае справы пакінуў, хуценька ў Шарамецьцева на першы самалёт — і прыляцеў сюды, у Менск.

Нармальны [узровень радыяцыі] — гэта 10-15 мікрарэнтген у гадзіну. Я сеў у машыну, заехаў узяў апаратуру і зьехаў у Чарнобыльскую зону. Мне ж трэба атрымаць новую інфармацыю. Я ўначы паехаў, дзесьці гадзін а сёмай-восьмай вечара пакаціў туды. Перасёк Бабруйск, за Бабруйскам дзесьці на 25-м кілямэтры прыкладна пад 5 тысяч мікрарэнтген у гадзіну, я праскочыў такое поле невялікае — можа быць, кілямэтры два. Потым зноў упала. Даехаў, павярнуў на Хойнікі, у Хойніках дзесьці было на ўзроўні 15-18 тысяч мікрарэнтген. Я пайшоў на Брагін, у раёне Брагіна каля 30-35 тысяч мікрарэнтген было, потым вярнуўся, праскочыў Нароўлю, у Нароўлі было дзесьці, напэўна, таксама каля 25-30 тысяч мікрарэнтген.

29 красавіка 1986 году. «Ня сейце паніку»

— Трапіў у ЦК, прыйшоў у прыёмную, кажуць, што заняты, ня можа прыняць Слюнькоў. Я пабег да Кузьміна (сакратар ЦК Кампартыі БССР. — НВ): адзін раз схадзіў, другі, бачу — няма.

Я зьезьдзіў у інстытут, вяртаўся ўжо ўдзень. Па горадзе гандлявалі піражкамі, мясным фаршам — усё гэта адкрыта. Бруду сыпалася радыяактыўнага вельмі шмат.

Мяне прынялі толькі а палове шостай вечара. Я зайшоў да Слюнькова; калі пачаў расказваць, ён раптам мне кажа: «У мяне іншая інфармацыя». Набірае пры мне тэлефон, тэлефануе Кавалёву (старшыня Савету міністраў БССР. — НВ) і кажа: «Прымі Несьцярэнку, нешта іншая ў яго інфармацыя, чым нам з табой распавялі».

Я прыйшоў, заходжу ў кабінэт Кавалёва і расказваю, што трэба зрабіць. Кажу: «Вось тое, што наша служба мае намер рабіць. У такіх выпадках трэба праводзіць ёдавую прафіляктыку, у такіх выпадках абмяжоўваецца выхад (асабліва дзяцей) на дэманстрацыі, у такіх выпадках трэба прамыць горад, людзям даць параду, каб не загаралі, не купаліся, не працавалі на садовых участках, таму што будуць апёкі: цэзій ляціць — будуць цэзіевыя апёкі».

Васіль Несьцярэнка распавядаў, што ў горадзе было прыгатавана 700 кіляграмаў ёднага раствору. Яго можна было дадаць у пітную ваду, у малако, і аўтаматычна абараніць усіх людзей. Але, каб уводзіць такія ахоўныя мерапрыемствы, рашэньне павінен быў прыняць старшыня Савету Міністраў.

У той момант у кабінэце, акрамя старшыні Саўміну, знаходзіліся міністар аховы здароўя, галоўны санітарны ўрач гораду, мэр Менску, генэрал — начальнік штабу грамадзянскай абароны.

— Нейкія карты былі раскладзеныя, стрэлы намаляваныя. Я калі расказваў, гэты генэрал падаваў рэплікі. І я зразумеў, што ў яго ня вельмі добрая ацэнка становішча, што ці ён ня мае інфармацыі, ці ня можа зарыентавацца ў гэтай інфармацыі.

Міністар аховы здароўя Саўчанка ў гэты час патэлефанаваў у Маскву акадэміку Леаніду Ільіну — дырэктару Інстытуту біяфізыкі, які зь першых дзён, калі ў Савецкім Саюзе пачалі рабіць атамную зброю, назіраў за ўсімі, хто меў справу з уранам ды іншымі радыяактыўнымі матэрыяламі.

Несьцярэнка расказвае, што Ільін нібыта спытаў, які радыяцыйны фон цяпер у Менску. Саўчанка яму адказаў: «Дзесьці 300-400 мікрарэнтгенаў», а потым павярнуўся да Несьцярэнкі: «Акадэмік-мэдык сказаў, што ня трэба рабіць усё, што вы прапануеце».

І тады мне ўжо кажа Кавалёў: «Вы прыбярыце з гораду сваіх дазымэтрыстаў, хай паніку ня сеюць. І самі не панікуйце. Мы тут разьбяромся, а вы камандуйце ў Соснах» (пасёлак, у якім знаходзіцца Інстытут ядзернай энэргетыкі. — НВ). Так у нас скончылася размова.

Кадр з сэрыялу "Чарнобыль"
Кадр з сэрыялу "Чарнобыль"

30 красавіка 1986 году. Першы допіс

— Я бачу, калі такая справа, прыехаў у інстытут, адразу ж сеў, напісаў дакладную запіску і раніцай начальніку Першага аддзела сказаў: «Забярыце допіс і здайце Слюнькову». Вось так зьявіўся мой першы ліст 30 красавіка 1986 году, дзе ўсё, што я вам расказваў — меры і правесьці ёдавую прафіляктыку — усё гэта было прапанавана. Я потым пацікавіўся, якая ж рэзалюцыя. Але, акрамя «прамыць гарады», нічога не было.

На ўсе прапановы Несьцярэнкі правесьці ёдавую прафіляктыку, выступіць перад насельніцтвам яму адказвалі: «Ты што, хочаш, каб паніка была?» Пра ўсе неабходныя захады ён расказаў сваім супрацоўнікам.

— Як толькі я прыляцеў, сабралі супрацоўнікаў інстытуту, было сказана: «Знаёмых, сяброў, усіх папярэдзьце: не загараць, не купацца, у лес не хадзіць па магчымасьці, штодзённыя абціраньні, не адчыняць форткі, не прагульваць дзяцей». Ёсьць меры, якія вельмі выдатна дапамагаюць.

Я разьлічваў, што дадуць магчымасьць або па тэлевізіі мне выступіць, ці хто-небудзь людзей праінфармуе. Таму што не сакрэт жа, што кожныя тры гадзіны ці нават часьцей Польскае радыё перадавала: «У гэтым рэгіёне малако не спажываць, у гэтым рэгіёне ягад не зьбіраць». Там людзей арыентавалі. У нас нічога гэтага не было.

Мне тэлефанаваў 30 красавіка дырэктар з інстытуту ядзерных дасьледаваньняў у Польшчы і кажа: «Якія ў вас ёсьць рашэньні ўраду? Што трэба рабіць?» Кажу: «Я раю рабіць тое і тое, тое і тое». «Я вашу параду зразумеў, а рашэньні ўраду?» Але я ўхіляюся ад пытаньня — таму што іх ніякіх няма.

6-7 траўня 1986 году. Другі допіс

— Усё прайшло [першатравеньская дэманстрацыя], гулялі ў футбол у Брагіне, і ў Кіеве роварная гонка была. Памылак вельмі шмат нарабілі. Вельмі дзеці пацярпелі, таму што яны больш уразьлівыя да радыяцыі. Нас тут асабліва турбавала, вядома, пытаньне ёду, таму што ёд недзе восем дзён мае пэрыяд паўраспаду.

Рэактар гарэў дзесьці 10 дзён, і ўсе гэтыя дні людзей трэба было абараняць. Таму мы хацелі давесьці інфармацыю. Але, бачыце, не атрымалася давесьці, хоць і ва ўрад быў пасланы допіс.

Трэцяга траўня рашэньнем ураду інстытуту Несьцярэнкі даручылі правесьці радыяцыйную разьведку і даць ацэнку. Група адмыслоўцаў зь перасоўнымі лябараторыямі прыехала ў Хойнікі і ў Брагін у Гомельскай вобласьці Беларусі і ўзяла пробы: малако, яйкі — вялікі камплект прадуктаў. Праверылі шчытападобныя залозы ў дзяцей. Несьцярэнка атрымаў справаздачу.

— Я бачу, што сытуацыя нават больш сурʼёзная, чым я думаў. Тады я бяру іхны допіс разам са сваім, пасылаю ў Міністэрства аховы здароўя, у Савет Міністраў, у ЦК, у Мінсельгасхарч, грамадзянскую абарону — усім.

Гэта 6-га [траўня]. Рэакцыі няма. Тады 7-га чысла я падаю допіс ізноў Слюнькову. Гэты допіс у мяне перад вачыма.

Я кажу, што наша група адмыслоўцаў правяла аналіз. Мы бачым, што ўзровень забруджваньня высокі, ён у сто і больш разоў перавышае дапушчальны, таму людзі могуць атрымаць небясьпечную дозу апраменьваньня. Мы палічылі, што трэба пашырыць зону адсяленьня. Звычайна гэта 30 кілямэтраў, але трэба яшчэ на 50-70 кілямэтраў — для таго, каб прыбраць людзей зь небясьпечнай зоны. Таму што тое, што яны вымяралі ў раёне Брагіна, Хойнікаў — гэта небясьпечныя ўмовы для людзей.

Другое: мы прапанавалі стварыць камісію, вызначыць спэцыялістаў, вызначыць, які ж узровень забруджваньня прадуктаў — што можна есьці, што нельга.

Рэакцыя была вельмі слабая. Нашы спэцыялісты працягвалі выпрабаваньні, нам везьлі прадукты харчаваньня — перад інстытутам былі проста дзясяткі, а то і сотні машын, прывозілі ўсё для кантролю. Але, вядома, усё было вельмі брудным. Перавышаны ўзровень радыцыі і ў малацэ, і ва ўсім астатнім.

Першае адсяленьне

— Я абавязаны быў гэтыя лісты пісаць, таму што ў нас народ такі ўжо ад прыроды: калі ты яму расказваеш, то ніякай рэакцыі няма, а калі ты напісаў ліст, трэба накласьці рэзалюцыю на дакумэнты, што нешта трэба рабіць. Усё ж такі, я думаю, што калі б я не напісаў гэты ліст, дык і было б меркаваньне, што ўсё ў Беларусі здарылася, таму што навукоўцы нічога не прапаноўвалі.

Але, на жаль, ёсьць жа і іншая фармулёўка: што няма прарока ў сваёй Айчыне. З задавальненьнем слухалі масквічоў, таму што тыя супакойвалі, а яны сапраўды, я думаю, спачатку маштабу бяды не ўяўлялі. Калі б мы за 100 кілямэтраў людзей выселілі, у нас было б на парадак менш праблем, чым цяпер.

Пазьней [галоўны ўрач] анкалягічнага гарадзкога дыспансэру Менску апублікаваў інфармацыю: у перасяленцаў раку лёгкіх у 5,5 раза больш, чым у менчукоў, у 6,1 раза больш раку стрававальнага тракту і ў 33,6 раза часьцейшы рак шчытападобнай залозы. Зразумела, чаму. Рак шчытападобнай залозы — таму што там тады не далі ёду, стрававальны тракт — таму што ўсе гэтыя гады (яны ж пераселеныя былі толькі ў 1992–1993 годзе ў Менск) яны елі брудныя прадукты з радыянуклідамі. І, нарэшце, лёгкія — таму што па першым часе іх не абаранілі ад пылу, які меў гарачыя крупінкі.

Тады ўжо група навукоўцаў сабралася, мы напісалі агульны ліст — і ў прэзыдыюм акадэміі, і ва ўрад яго паслалі. Гэта было таксама ўсё яшчэ ў траўні месяцы. Але адказу, рэакцыі не было.

У канцы траўня мы стварылі мапу ізатопнага забруджваньня Гомельскай вобласьці цэзіем-137. Там відаць было, што сотню вёсак яшчэ трэба адсяляць. Такая мапа была пададзеная ва ўрад, была пасланая, натуральна, у Гомельскі аблвыканкам і гэтак далей. І вось дзесьці ў пачатку чэрвеня было такое адсяленьне — ня ўсе вёскі, што мы прапаноўвалі, але ўсё ж адбылося.

Адна з адселеных вёсак у Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласьці
Адна з адселеных вёсак у Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласьці

Сярэдзіна траўня 1986 году. Магілёўшчына і адхіленьне ад пасады

— Мы працягвалі гэтыя дасьледаваньні. Дзесьці да сярэдзіны траўня даведаліся, што Магілёўшчына забруджаная, туды пачалі езьдзіць.

За травень месяц пасьпелі шмат узяць пробаў. 20 чэрвеня мы стварылі мапу. Я прэзыдэнту акадэміі Барысевічу дакладваю, што там вельмі брудныя ёсьць месцы, недзе сем раёнаў пацярпела. Але ён кажа: «Ведаеш, што? Едзь сам, дакладвай старшыні аблвыканкаму». Я недзе а пятай раніцы ў машыну, а восьмай ужо я там. Чакаў да сёмай вечара, мне сказалі: «Здайце ў штаб грамадзянскай абароны і едзьце». Гэта значыць, мяне там не захацелі слухаць, хоць я прывёз тое, чаго ніхто ня бачыў яшчэ.

У сьнежні я ўжо ў перадынфарктным стане ў шпіталі апынуўся.

Вядома, ніводнай вёскі ў Магілёўскай вобласьці не адсялілі.

А ў ліпені 1987 году мяне ад пасады дырэктара вызвалілі. Я пайшоў у лябараторыю; пра Магілёўшчыну, вядома, забыліся. Мне ў гэтай лябараторыі не давалі магчымасьці займацца чарнобыльскімі справамі, апаратуру забралі.

«Вялікая асабістая трагедыя»

Сын Васіля Несьцярэнка ў інтэрвію беларускай службе Радыё Свабода казаў, што пасьля зьняцьця з пасады дырэктара інстытуту ягоны бацька быў у цяжкім стане і маральна, і фізычна. «Уявіце, як гэта — аказацца загадчыкам лябараторыі ў сваім жа інстытуце. Стаяла пытаньне аб выключэньні з партыі па сфабрыкаванай справе».

«Гэта была вялікая асабістая трагедыя, бо калі ён перастаў быць дырэктарам, вялізарная колькасьць людзей зьнікла. Былі «самыя лепшыя», «самыя верныя», а пасьля на ўсіх сходах яны яго кляймілі і палівалі», — успамінаў Аляксей Несьцярэнка.

Васіль Несьцярэнка адным зь першых у Беларусі атрымаў афіцыйную інваліднасьць, зьвязаную з наступствамі аварыі. Атрымліваў пэнсію, меў нейкія льготы на лекі. Праблем са здароўем было шмат. «Ён трымаўся, бо ўвесь час працаваў, быў такі вечны рухавік», — успамінаў ягоны сын.

У 1990 годзе Васіль Несьцярэнка стварыў навукова-тэхнічны цэнтар «Радыямэтар», які вырабляў дазымэтры. За 1991–1993 гады іх зрабілі больш за 300 тысяч і раздалі насельніцтву. «Я лічу, што мы павінны даць людзям, перш за ўсё, інфармацыю, у якіх умовах яны жывуць», — казаў Несьцярэнка.

«Я зразумеў толькі адно: на жаль, як тады, так і цяпер не зьмянілася псыхалёгія кіраўнікоў. У нас пакуль захоўваецца гэтая псыхалёгія: давайце адразу клапаціцца пра ўсё чалавецтва. А цяпер сытуацыя такая, калі трэба пра кожнага чалавека».

Доктар тэхнічных навук, прафэсар, член-карэспандэнт АН БССР, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, генэральны канструктар мабільнай атамнай электрастанцыі «Памір», заснавальнік і дырэктар незалежнага інстытуту радыяцыйнай бясьпекі «Белрад» Васіль Несьцярэнка памёр у 2008 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG