Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў былому памочніку Аляксандра Лукашэнкі па Горадзенскай вобласьці Сяргею Раўнейку 12 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці за хабар у асабліва вялікім памеры, паведаміла прэс-служба Вярхоўнага суду.
Былы кіраўнік Беларускай фэдэрацыі бокса Дзьмітры Ціхамолаў за даваньне хабару асуджаны на 2 гады зьняволеньня ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Прысуд набыў законную сілу. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, бо, як паведамілі журналістам, у матэрыялах справы былі дзяржаўныя сакрэты.
Сяргея Раўнейку затрымалі ў траўні 2018 году. У паведамленьні КДБ пра затрыманьне экс-памочніка Лукашэнкі сьцьвярджалася, што чыноўнік атрымаў хабар у 200 тысяч даляраў. Неўзабаве пасьля гэтага справу Раўнейкі пракамэнтаваў Аляксандар Лукашэнка:
«Гэта ўжо нахабнік найвышэйшай ступені. Падчас перадачы гэтых грошай яго затрымалі з грашыма ў руках. Апэрацыя рыхтавалася, яна была санкцыянаваная мной. Я папярэджваў: дараваньня ня будзе нікому. Асабліва тым, хто носіць цяжкія пагоны. Асабліва, хто памочнік прэзыдэнта. Тыя, хто побач, адкажуць больш, чым хто», — сказаў Лукашэнка пра справу Раўнейкі.
Лукашэнка заявіў, што гэта ён зацікавіўся тым, адкуль у набліжанага да яго чыноўніка ў дэклярацыі аб даходах у ліку маёмасьці «аўтамабілі да дзясятка, кватэры да дзясятка».
Памочнікам па Горадзенскай вобласьці Сяргей Раўнейка быў прызначаны у 2015 годзе. Пад пільную ўвагу праваахоўнікаў экс-чыноўнік трапіў у 2016 годзе. За хабар у асабліва вялікім памеры цяпер яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.
Пра затрыманьне кіраўніка кампаніі «Вестэрн Технолоджиз» і старшыні Беларускай федэрацыі бокса Дзьмітрыя Ціхамолава стала вядома ў сьнежні 2018 году. Тады не было інфармацыі пра сувязь паміж гэтымі дзьвюма справамі, хоць было вядома пра знаёмства Раўнейкі і Ціхамолава.