Больш за 80 чалавек былі на борце судна зь мігрантамі, якое затанула 4 ліпеня ў Міжземным моры, паведаміла Міжнародная арганізацыя па міграцыі.
«Аварыя адбылася каля ўзьбярэжжа Тунісу, чатыры чалавекі былі выратаваны і дастаўлены ў Туніс. Яны паведамілі, што на іх лодцы было 86 чалавек. Каля 80 мігрантаў можна лічыць мёртвымі», — гаворыцца ў паведамленьні.
Паведмаляецца таксама, што адзін з чатырох уратаваных пазьней памёр у бальніцы.
Паводле берагавой аховы Тунісу, судна накіроўвалася зь Лібіі ў Італію.
Лібія ўжо доўгі час зьяўляецца асноўным транзытным маршрутам для мігрантаў, якія спрабуюць нелегальна трапіць у Эўропу з Афрыкі. Сёлета ў траўні каля 70 мігрантаў загінулі, калі іх лодка патанула каля прыбярэжнага туніскага гораду Сфакс.