Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 зьменаў у рацыёне, за якія сэрца скажа дзякуй


«Вы тое, што вы не ясьце» — такую афарыстычную і парадаксальную выснову робяць амэрыканскія лекары пасьля падвядзеньня вынікаў дасьледаваньня, якое цягнулася 13 гадоў і ў якім бралі ўдзел 4500 чалавек. Пра гэта інфармуе амэрыканскі бізнэс-партал marketwatch.com

Вынікі дасьледаваньня былі апублікаваныя 19 чэрвеня ў American Journal of Preventive Medicine. Аўтары — мэдыкі-навукоўцы са штату Паўднёвая Караліна ў ЗША — прыйшлі да нечаканых высноваў.

Аказваецца, дыета, якая зьніжае рызыку высокага крывянога ціску або гіпэртаніі, здольная таксама зьнізіць рызыку сардэчнай недастатковасьці ў людзей ва ўзросьце да 75 гадоў.

У выніку 13-гадовага дасьледаваньня выявілася, што людзі, якія найбольш блізка прытрымліваліся дыеты Dash, мелі значна меншую рызыку разьвіцьця сардэчнай недастатковасьці, чым тыя, чыя дыета была ад дыеты Dash найбольш далёка.

Што есьці і ад чаго адмовіцца

Раней — кажа адна з аўтарак публікацыі, прафэсарка Клаўдыя Кампас — ужо было праведзена некалькі дасьледаваньняў уплыву дыеты Dash на частотнасьць сардэчнай недастатковасьці, але яны мелі супярэчлівыя вынікі. Цяпер жа даказана, што гэтая дыета можа зьнізіць рызыку сардэчнай недастатковасьці амаль у два разы.

Дыета Dash прадугледжвае, што чалавек спажывае садавіну, гародніну, арэхі, цэльнезерневыя прадукты, птушку, рыбу і нятлустыя малочныя вырабы. І адначасова дыета Dash прадугледжвае скарачэньне спажываньня солі, чырвонага мяса, слодычаў і салодкіх напояў, а таксама вяршкоў і алькаголю.

Іншыя спосабы скараціць рызыку

Таксама аўтары новага дасьледаваньня нагадваюць, што ёсьць і іншыя спосабы палепшыць якасьць свайго харчаваньня і, адпаведна, здароўя сэрца. У 2017 годзе на навуковай сэсіі Амэрыканскай асацыяцыі кардыёлягаў было прадстаўлена дасьледаваньне, паводле якога людзі, што ядуць павольна, маюць меншую верагоднасьць захварэць на атлусьценьне, сардэчныя хваробы, дыябэт і мэтабалічны сындром.

Яшчэ адна рэч, на якую зьвяртаюць увагу аўтары новага дасьледаваньня — колькасьць спажыванай солі. Найбольш яе ўтрымліваецца ў паўфабрыкатах і рэстараннай ежы. Таму лепш за ўсё кантраляваць соль у сваім рацыёне і харчавацца дома ці прыгатаванай у хатніх умовах ежай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG