Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідэальнай дыеты не існуе. Чаму?


Амэрыканскі прафэсар малекулярнай мэдыцыны і кардыялёгіі Эрык Топал выступіў у газэце The New York Times з артыкулам, у якім падае найноўшыя дадзеныя мэдыцыны пра дыеты і іх карыснасьць для чалавека.

Міжземнаморская дыета працуе не заўсёды

Прафэсар Топал канстатуе, што нягледзячы на сотні дасьледаваньняў і мноства афіцыйных рэкамэндацый мэдычных уладаў, чалавецтва ўсё яшчэ надзіва мала ведае пра навуку аб харчаваньні.

Нават рэкамэндацыю аб міжземнаморскай дыеце як аб ідэальнай сыстэме харчаваньня, якая зьніжае рызыку сардэчных прыступаў і інсультаў, нядаўна давялося адклікаць і скарэктаваць у бок больш мяккіх фармулёвак.

Нягледзячы на ўсе намаганьні мэдыкаў і дыетолягаў, усё яшчэ існуе шмат навуковых высноваў, якія супярэчаць адна адной. Цяпер памалу ў галовах лекараў пачынае выкрышталізоўвацца выснова, што ідэальнай дыеты для ўсіх людзей не існуе.

Толькі зусім нядаўна, прааналізаваўшы вынікі многіх экспэрымэнтаў з дапамогай штучнага інтэлекту, навукоўцы зразумелі, што само паняцьце ідэальнай дыеты непраўдападобнае.

Непраўдападобнае як зь біялягічнага, так і зь фізіялягічнага пунктаў гледжаньня, бо супярэчыць унікальнасьці чалавечага мэтабалізму, мікрабіёму і навакольнага асяродзьдзя.

Новыя зьвесткі ізраільскіх мэдыкаў

Нядаўна група ізраільскіх навукоўцаў апублікавала ў часопісе Cell вынікі свайго дасьледаваньня «Пэрсаналізаванае харчаваньне паводле прагнозу глікемічных рэакцый».

Агулам лічыцца, што скачкі ўзроўню глюкозы ў крыві ў адказ на прыём ежы зьяўляюцца паказьнікам рызыкі дыябэту.

800 здаровых чалавек елі розную ежу і знаходзіліся пад назіраньнем мэдыкаў на працягу тыдня. Аказалася, што больш за 100 розных фактараў удзельнічаюць у глікемічным адказе нашага арганізму на ежу.

Але галоўнае ня гэта. Галоўнае, мэдыкі высьветлілі, што ежа не зьяўляецца ключавым фактарам у глікемічным адказе! Замест яе ключавую ролю адыгрываюць добрыя бактэрыі — наш мікрабіём.

Асабісты экспэрымэнт прафэсара Топала

Прачытаўшы артыкул ізраільскіх мэдыкаў, прафэсар Топал папрасіў іх загрузіць у кампутар яго пэрсанальныя дадзеныя.

У выніку аказалася, што ў прафэсара вялікая праблемы. Ягоныя ўлюбёныя прадукты харчаваньня, сярод якіх былі аўсянка і гарбуз, не былі для яго асабіста вельмі карыснымі і здаровымі. А ягоныя ўлюбёныя нямецкія каўбаскі для грыля наогул несьлі вельмі сур’ёзную, амаль сьмяротную рызыку для здароўя.

Ці зможа кампутар выбраць для вас дыету

Прафэсар Топал заканчвае свой артыкул разважаньнямі на гэтую тэму.

Напрыклад, пасьля таго, як яго асабістыя дадзеныя былі апрацаваныя кампутарам, ён атрымаў харчовыя рэкамэндацыі.

Раней у прафэсара былі два прыступы камянёў у нырках, выкліканых высокім утрыманьнем у арганізьме малекулы аксаляту, якая у вялікіх колькасьцях утрымліваецца ў расьлінах.

Але кампутар выдаў прафэсару рэкамэндацыю есьці паболей арэхаў і трускалак — і якраз у іх утрымліваецца вельмі шмат аксаляту. Так атрымалася таму, што ў кампутар не былі закладзеныя дадзеныя аб ранейшых мэдычных праблемах прафэсара.

Але праблема ў тым, што людзі ўнутрана мяняюцца на працягу усяго свайго жыцьця. Напрыклад, цяжарнасьць у жанчын або старэньне сур’ёзна мяняюць і мэтабалізм, і мікрабіём.

Так што, кажа прафэсар, станоўчым дасягненьнем цяперашняй навукі можна лічыць выснову, што ідэальнай дыеты не існуе.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG