«Таварыства беларускай мовы» зьбіраецца ўвосень унесьці ў Палату прадстаўнікоў законапраект аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, які раней не дапусьціў да разгляду шэраг міністэрстваў, піша БелаПАН.
Старгыня ТБМ, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім расказала аб плянах сабраць рабочую групу, якая «хутка зможа адаптаваць» дакумэнт да патрабаваньняў Міністэрства юстыцыі — і спадзяецца, што адаптаваную вэрсію дапусьцяць да разгляду дэпутатамі.
Законапраект, кажа яна, мае асноўнай задачай кантролю выкананьня Канстытуцыі на месцах, выкарыстаньне беларускай мовы ў шыльдах на вуліцах, у штампах установаў, «каб было рэальнае дзьвюхмоўе».
Асноўных прапановаў у законапраекце тры:
- дзяржаўныя праграмы падтрымкі беларускай мовы;
- стварэньне кантрольна-рэвізійнага органу, «дэпартамэнту беларускай мовы»;
- апісаньне таго, як выкарыстоўваць беларускую мову ва ўсіх сфэрах, каб «забясьпечыць рэальную роўнасьць моваў».
Найбольшыя пярэчаньні выклікае другі пункт пра кантрольны орган, тлумачыць намесьнік старшыні ТБМ Дзяніс Тушынскі. Маўляў, «тут будзем сур'ёзна думаць».
Ён адзначае, што праект закону быў падрыхтаваны яшчэ некалькі гадоў таму, і ў мінулым годзе ўжо атрымаў сур’ёзныя праўкі, каб адпавядаць патрабаваньням дзейнага заканадаўства. Але калі Анісім прапанавала праект у Палату прадстаўнікоў і шэраг міністэрстваў, то атрымала адмову. У прыватнасьці Міністэрства юстыцыі адзначыла пярэчаньні «некаторым указам прэзыдэнта і іншым нарматыўна-прававым актам».
Беларускі трансьліт лепей за савецкі, кажа Анісім
Анісім таксама назвала беспадстаўнымі прэтэнзіі да беларускай трансьлітэрацыі, прынятай для геаграфічных назваў на вулічных указальніках.
Правілы трансьлітэрацыі блізкія да беларускай лацінкі, але адаптаваныя да афіцыйнага «школьнага» правапісу. Напрыклад, не пазначаецца асыміляцыйная мяккасьць (трансьлітам Kasciukovičy, а лацінкай Kaściukovičy), зьмененае напісаньне цьвёрдай і мяккай Л (у лацінцы цьвёрды Ł і мяккі L, а ў трансьлітэрацыі цьвёрды L і мяккі Ĺ).
Старшыня ТБМ адзначыла, што беларуская лацінка мае «дастатковую гісторыю», выкарыстоўвалася доўгі час, і ў тым ліку ў пачатку XX стагодзьдзя, «была зразумелай і не выклікала неразуменьня», была прызнаная на міжнародным узроўні.
Тушынскі ж адзначыў, што беларуская лацініца мае перавагі перад «англападобнай» трансьлітэрацыяй (якая выкарыстоўвалася ў СССР і да нядаўняга часу ў Беларусі), а выкарыстаньне літараў Š і Č (для Ш і Ч замест Sh і Ch) «зьніжае кошт друку» і «не выклікае праблемаў у замежнікаў».
Ды надпісы трансьлітэрацыяй зразумелі ня ўсе беларусы. Папулярная суполка «Чай з малінавым варэньнем» пасьмяялася з надпісу Sucharava, які адміністратар старонкі прачытаў як «Сучарава». На абурэньне чытачоў суполка адказала: лацінкай у Беларусі «практычна не карыстаюцца», указальнікі створаныя «для паказухі» на Эўрапейскія гульні, а ангельскамоўным турыстам яна «зразумелая крыху меней, чым самім беларусам».