Афіцыйная інфармацыя па стане на 8 гадзін раніцы 27 чэрвеня.
У Дзяржаўным памежным камітэце Свабодзе назвалі лічбу замежных грамадзян, якія скарысталіся магчымасьцю бязь візы наведаць Беларусь у сувязі з II Эўрапейскімі гульнямі.
«З 20 траўня больш за 12 тысяч замежных грамадзян былі прапушчаныя ў бязьвізавым парадку паводле акрэдытацыі і білетаў на 2-я Эўрапейскія гульні. Дакладнай лічбы няма перад вачыма, я зараз у службовай выправе, але памятаю, што недзе каля 12 200. Зьвесткі я ўдакладняў сёньня раніцай», — сказаў Свабодзе афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага Памежнага камітэту Антон Бычкоўскі.
У гэты лік уваходзяць 4 тысяч спартоўцаў, а таксама спартовыя функцыянэры з 50 краін, якія бяруць удзел у Эўрапейскіх гульнях.
Паводле Антона Бычкоўскага, частка іншаземцаў магла прыляцець на Эўрапейскія гульні без квіткоў проста ў Нацыянальны аэрапорт «Менск» і ўжо тут набыць квіткі на гульні.
Паводле Антона Бычкоўскага, сярод іншаземцаў, якія прыехалі ў Беларусь у сувязі з гульнямі праз памежныя пункты пропуску, найбольш турыстаў з Польшчы, Нямеччыны, Літвы, Латвіі.
«Наземныя пункты пропуску карыстаюцца большай папулярнасьцю сярод гледачоў, а ўдзельнікі гульняў і арганізатары, зразумела, прыяжджалі ў асноўным праз аэрапорт», — сказаў Антон Бычкоўскі.
Колькі турыстаў з Расеі за гэты час прыехалі ў Беларусь, Антон Бычкоўскі сказаць ня змог, бо гэтыя турысты беларускімі памежнікамі ня ўлічваліся.
Улады прагназавалі, што Беларусь падчас Эўрапейскіх гульняў наведае каля 30 тысяч замежных заўзятараў.
Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць
Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.
- На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
- За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
- З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
- Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.
- Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
- Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.