Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Brexit гэта кепска, але выгадна Беларусі


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 21 чэрвеня сустрэўся ў Менску зь дзяржаўным міністрам гандлёвай палітыкі Вялікай Брытаніі Джорджам Голінгбэры.

Лукашэнка адзначыў, як піша ягоная прэс-служба, што, «быць можа, выпадак ня той, у час якога можна паглыбіцца ў нашыя дачыненьні зь Вялікай Брытаніяй», але згадаў і беларуска-брытанскія стасункі, і ўнутраныя ды міжнародныя справы Злучанага каралеўства.

Ён заявіў, што ставіцца да выхаду Брытаніі з Эўразьвязу нэгатыўна, але, «зыходзячы зь дзяржаўных пазыцыяў, у Brexit ёсьць шмат станоўчых момантаў».

«Найперш тое, што вы становіцеся больш свабоднай дзяржавай, незалежнымі ад амаль трох дзясяткаў галасоў Эўрапейскага зьвязу, — растлумачыў Лукашэнка. — Для нас гэта выгадна тым, што мы можам больш свабодна і апэратыўна наладжваць стасункі паміж Вялікай Брытаніяй і Беларусьсю».

Як Голінгбэры адрэагаваў на гэта, не паведамляецца. Але згадваецца, што ён заявіў пра інтарэс Вялікай Брытаніі да Беларусі, прыгадаў неаднаразовыя сустрэчы з амбасадарам і сустрэчу зь міністрам замежных справаў Беларусі з абмеркаваньнем пытаньняў імпарту і экспарту, наведваньне Парку высокіх тэхналёгіяў.

Брытанцы прагаласавалі за выхад з Эўразьвязу на рэфэрэндуме 2016 году. Першапачаткова меркавалася, што Brexit адбудзецца 29 сакавіка 2019 году. Але парлямэнт Брытаніі не ўхваліў таго сцэнару выхаду і такіх гандлёвых пагадненьняў, на якія ўрад краіны дамовіўся з Эўразьвязам. Празь нежаданьне парлямэнту прыняць Brexit па сцэнары ўраду прэм’ер-міністарка Брытаніі пайшла ў адстаўку, а сам выхад быў адкладзены прынамсі да 31 кастрычніка. Сярод варыянтаў цяпер разглядаецца спроба новага пагадненьня аб выхадзе, выхад без пагадненьня або паўторны рэфэрэндум.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG