Наступным госьцем «Інтэлектуальнага клюбу» нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч стане расейскі мультыплікатар Юрый Нарштэйн. Пра гэта 13 чэрвеня пасьля заканчэньня сустрэчы з ІТ-бізнэсмэнам Віктарам Пракапеням паведаміла Свабодзе нобэлеўская ляўрэатка.
Паводле яе, наступным госьцем меўся быць амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр. Але ягоны прыезд прыйшлося перанесьці праз асабістыя праблемы.
77-гадовага Юрыя Нарштэйна называюць адным з найвялікшых мультыплікатараў сьвету.
У 1984 годзе ягоную «Казку казак» (1979) прызналі «найлепшым анімацыйным фільмам усіх часоў і народаў» па выніках міжнароднага апытаньня, праведзенага Акадэміяй кінамастацтва і амэрыканскай філіяй Міжнароднай асацыяцыі анімаваных фільмаў.
У 2003 годзе іншы мультфільм Нарштэйна «Вожык у тумане» (1975) прызналі найлепшым фільмам за ўсю гісторыю мультыплікацыі ў міжнародным апытаньні кінакрытыкаў і рэжысэраў у Токіё.
Нарштэйн крытыкаваў расейскія улады па многіх пытаньнях. Пры гэтым ён падтрымаў далучэньне Крыма да Расеі.
«... я абсалютна і катэгарычна за тое, што Крым вярнуўся ў склад Расеі, хоць бы таму, што Крым быў перададзены нецьвярозым Хрушчовым без выкананьня элемэнтарных юрыдычных нормаў і раніцой крымчане прачнуліся ўкраінцамі», — сказаў ў 2016 годзе ў інтэрвію латвійскаму Delfi Юрый Нарштэйн.
«Інтэлектуальны клюб» — грамадзкая ініцыятыва нобэлеўскай ляўрэаткі па літаратуры Сьвятланы Алексіевіч. Яна запрашае значных дзеячаў культуры і лідэраў грамадзкай думкі выступіць у Менску і паўдзельнічаць у дыскусіі. Раней удзельнікамі клюбу былі паэтка і тэоляг Вольга Седакова, пісьменьнікі Ўладзімір Сарокін, Людміла Ўліцкая, Рута Ванагайце, Віктар Марціновіч і Альгерд Бахарэвіч, рэжысэр Аляксандар Сакураў, палітоляг Станіслаў Бялкоўскі, дакумэнталіст і фатограф Ян Арт’юс Бэртран ды іншыя.