Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп працягнуў санкцыі супраць Лукашэнкі і яшчэ 9 беларускіх чыноўнікаў


Дональд Трамп, архіўнае фота
Дональд Трамп, архіўнае фота

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп паведаміў Кангрэсу ЗША аб працягу на год санкцыяў супраць шэрагу беларускіх палітыкаў, дзеяньні якіх «падрываюць дэмакратычныя працэсы або інстытуты Беларусі».

Санкцыі ЗША супраць беларускіх чыноўнікаў (у прыватнасьці, Аляксандра Лукашэнкі) і кампаніяў былі ўпершыню ўведзеныя ў 2007 годзе, але ў кастрычніку 2015 году, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, былі часткова скасаваныя: абмежаваньні зьнялі з прадпрыемстваў.

Цяпер у санкцыйным сьпісе застаюцца 10 чалавек:

  • Аляксандар Лукашэнка,
  • Віктар Лукашэнка,
  • Лідзія Ярмошына,
  • Віктар Галаванаў,
  • Віктар Шэйман,
  • Дзьмітры Паўлічэнка,
  • Сьцяпан Сухарэнка,
  • Аляксандар Зімоўскі,
  • Уладзімір Навумаў,
  • Натальля Пяткевіч.

Указам для іх блякуецца ўласнасьць і права на ўласнасьць у ЗША, рахункі і магчымасьць фінансавых апэрацыяў. Амэрыканскім кампаніям і прыватным асобам забаронена заключаць угоды з гэтымі асобамі. Санкцыі «абнаўляюцца» раз на год, папярэдняе распараджэньне дзейнічала да 16 чэрвеня.

«Дзеяньні і палітыка асобных чальцоў ураду Беларусі і іншых асобаў, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы або інстытуты Беларусі, чыняць парушэньні правоў чалавека, маюць сувязь з палітычнымі рэпрэсіямі і ўдзельнічаюць у дзяржаўнай карупцыі, па-ранейшаму ствараюць незвычайную і надзвычайную пагрозу нацыянальнай бясьпецы і зьнешняй палітыцы Злучаных Штатаў, — піша Дональд Трамп. — Таму я вырашыў, што неабходна працягваць нацыянальны надзвычайны стан, абвешчаны ў распараджэньні 13405 адносна Беларусі».

Калі гэтыя санкцыі абнаўлялі год таму, Міністэрства замежных спраў Беларусі заяўляла, што пазыцыя ЗША «састарэлая» і «не адпавядае сапраўднаму стану спраў у адносінах Беларусі і ЗША».

З таго часу Беларусь зьняла абмежаваньне на колькасьць дыпляматаў ЗША ў Менску, уведзенае ў 2008 годзе ў адказ на санкцыі. Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі казаў: «Мы робім усё, каб амбасадары вярнуліся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG