Карціна «Збаўца сьвету» прададзеная на аўкцыёне Christie’s у 2017 годзе за рэкордныя 450 мільёнаў даляраў, знаходзіцца цяпер у насьледнага прынца Саудаўскай Арабіі Мухамеда бін Салмана.
У сакавіку газэта The New York Times паведамляла, што работнікі Люўру ня могуць знайсьці карціну перад выставай Леанарда да Вінчы, на якой яна можа быць паказаная.
Паводле зьвестак дзьвюх крыніц індустрыяльнага парталу Artnet.com, «Збаўца сьвету» цяпер знаходзіцца на супэр’яхце «Сэрын», якая належыць бін Салману. Згодна з парталам Marinetraffic, у апошні раз 134-мэтровае судна было заўважанае 26 траўня ў порце Порт-Саіду ў Эгіпце. Бін Салмана раней называлі магчымым канчатковым уладальнікам карціны, набытай на аўкцыёне яго блізкім саюзьнікам — іншым саудаўскім прынцам.
У верасьні 2018 году «Збаўцу сьвету» плянавалі паказаць на выставе ў Абу-Дабі, але потым адмянілі гэтую выставу без тлумачэньня прычын. Гэта адбылося на фоне абмеркаваньня сапраўднасьці карціны — многія экспэрты лічаць, што яна намаляванае не Леанарда да Вінчы, а вучнямі яго школы. Гэта патэнцыяльна зьніжае кошт працы ў сотні разоў.