Кампанія Boeing выявіла дэфэкты дэталяў самалётаў 737 NG і 737 MAX, брак ёсьць у 312 самалётах па ўсім сьвеце, паведаміла Фэдэральнае ўпраўленьне цывільнай авіяцыі ЗША (FAA).
«Некаторыя перадкрылкі 737 NG і 737 MAX могуць быць вырабленыя неналежным чынам і не адпавядаць усім нарматыўным патрабаваньням да трываласьці і даўгавечнасьці», — удакладнілі ў FAA.
Бракаванымі могуць быць да 148 дэталяў, якія могуць заўчасна выйсьці са строю або трэснуць у выніку няправільнага вытворчага працэсу, гаворыцца ў паведамленьні.
Boeing зьбіраецца замяніць бракаваныя дэталі.
У лістападзе мінулага году пры крушэньні ляйнэра 737 MAX авіякампаніі Lion Air у Інданэзіі загінулі 189 чалавек. У сакавіку 2019 году ў Эфіёпіі разьбіўся самалёт гэтай жа мадэлі авіякампаніі Ethiopian Airlines, тады загінулі 157 чалавек.
Пасьля гэтага палёты Boeing 737 MAX былі прыпыненыя ў многіх краінах сьвету. У траўні Boeing выправіла памылкі ў праграмным забесьпячэньні сымулятараў, на якіх трэнуюцца пілёты самалётаў 737 MAX. Тады ў кампаніі заявілі, што збой у сыстэме карэкцыі манэўраваньня мог стаць прычынай крушэньня двух самалётаў такіх мадэляў.