Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта наш мікраклімат, наш сьвет!» У гомельскіх сьляпых забіраюць клюб і інфраструктуру


Гомельскія сьляпыя могуць страціць свой клюб, дзе яны ладзяць мерапрыемствы, спаборніцтвы, займаюцца рэабілітацыяй і адпачываюць. Кіраўніцтва прадпрыемства «Сьвятлатэхніка» вырашыла прадаць частку будынку, дзе апошнія трыццаць пяць гадоў кампактна жывуць, працуюць і адпачываюць невідушчыя.

І гэта ня ўсё. Праз будаўніцтва новага гіпэрмаркета «Карона» каля «Сьвятлатэхнікі» сьляпыя страцяць сваю «дарогу жыцьця» — сьцяжынку, абсталяваную з улікам патрэб інвалідаў па зроку, з парэнчамі і арыенцірамі.

Дарога для невідушчых
Дарога для невідушчых

«Клюб — гэта наша сэрца», — усхвалявана кажа Дзьмітры Герашчанка. Ён працуе інструктарам па культуры, спорту і рэабілітацыі абласной арганізацыі таварыства інвалідаў па зроку.

«Клюб і інфраструктура вакол будынку — гэта наш мікраклімат, наш сьвет, разумееце?» — дадае Аляксандар Шафарэнка.

«У нас ня будзе месца для сустрэч, мерапрыемстваў, рэабілітацыі»

Дом № 198 па Савецкай вуліцы ў Гомлі належыць прадпрыемству «Сьвятлатэхніка». На прадпрыемстве працуюць 279 чалавек, 62% — інваліды па зроку. Гэта адзінае прадпрыемства, дзе невідушчыя могуць атрымаць працу. Дом складаецца з 9-павярховага жылога будынку і 2-павярховай прыбудовы. У ёй — клюб, бібліятэка, аддзел рэабілітацыі.

«У нас ня будзе больш магчымасьці для стасункаў, сустрэч, тут ня будуць рыхтавацца нашы спартсмэны па тэнісе, шашках, шахматах, танцах для невідушчых. У клюбе займаюцца нашы паэты і пісьменьнікі — сярод нас шмат таленавітых людзей! У нас праходзяць майстар-клясы па варэньні мыла, па зьнешнім выглядзе невідушчых, па кухарстве... Тут наш сьвет, тут мы разьвіваемся», — тлумачыць Зінаіда Машкоўская.

Аляксандар Шафарэнка, Зінаіда Машкоўская, Зінаіда Дземідзенка
Аляксандар Шафарэнка, Зінаіда Машкоўская, Зінаіда Дземідзенка

Яна працуе масажыстам, жыве ў «доме сьляпых», бярэ актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах.

Праезная частка важнейшая, чым «дарога жыцьця»

Другое пытаньне, якое турбуе невідушчых, — «дарога жыцьця».

Людзі з кійкамі прывыклі хадзіць па знаёмых сьцяжынках — іх ня так шмат: на працу, у краму, на прыпынак.

Заезд да новага гіпэрмаркета плянуецца зрабіць з тарца будынка сьляпых, адразу за якім яна стаіць. Значыць, больш ня будзе «дарогі жыцьця» з жоўтымі парэнчамі.

«Будынак прададуць. Хай сабе, як кажуць, пад дзіцячы цэнтар. Але каля будынку пабудуюць паркоўку. Ведаеце, як цяжка сьляпому з кійком прабірацца паўз аўтамабілі? Гэта — канфлікты, скандалы, міліцыя. Ну каму гэта трэба?» — хвалюецца Аляксандар Шафарэнка.

Аляксандар Шафарэнка
Аляксандар Шафарэнка

Невідушчым цяжка адаптавацца ў гарадзкім асяродзьдзі. Жылы будынак «Сьвятлатэхнікі», клюб, за ім вытворчыя памяшканьні — асаблівая і асабістая прастора невідушчых.

«Нам абяцаюць, што клюб перанясуць у іншае месца. Малаверагодна. Раскідаюць па ўсім горадзе — недзе будуць танцы, недзе — тэніс, рэабілітацыя, майстар-клясы. Мы такія ж грамадзяне, як і ўсе беларусы. Мы такія ж людзі, і толькі потым — інваліды. Тут 35 гадоў таму ўсё зроблена, каб тут жылі, працавалі, адпачывалі і разьвіваліся людзі», — кажа Аляксандар Шафарэнка.

Ужо цяпер, калі будуецца гандлёвы цэнтар, каля «Сьвятлатэхнікі» стаіць шум, езьдзіць грузавая і будаўнічая тэхніка.

«Будзеш выступаць супраць кіраўніцтва — страціш працу»

Пэнсіянэрка Зінаіда Дземідзенка жыве ў гэтым доме «для сьляпых».

«Мой муж раней выходзіў на вуліцу — калі было больш спакойна, калі яшчэ былі арыенціры. Цяпер ён ня можа выйсьці самастойна, бо губляецца ў такім вэрхале», — кажа пэнсіянэрка.

Сёньня з журналістамі сустракаюцца толькі чатыры невідушчыя. Пэнсіянэрка кажа, што людзі, якія працуюць, баяцца выказвацца — каб ня страціць працу.

«Пойдзеш супраць кіраўніцтва — апынесься на вуліцы. Таму што інвалідаў па зроку нідзе не бяруць на працу, апроч «Сьвятлатэхнікі», — кажа Зінаіда Дземідзенка.

Пэнсіянэрка дадала, што пры пашырэньні Савецкай перанясуць на іншае месца прыпынак грамадзкага транспарту.

«Невідушчыя людзі гадамі вучацца хадзіць з кійком. Цяпер ім трэба перавучвацца, прычым у экстрэмальных для іх умовах — без тактыльнай пліткі, бяз жоўтых парэнчаў», — хвалюецца Зінаіда.

«Зачэпіш чый аўтамабіль — будуць тузаць за вопратку і намагацца пабіць»

Дзьмітры Герашчанка кажа, што калі сёньня не адстаяць клюб — «усё прапала». Ня будзе месца і абласной арганізацыі таварыства, якая тасама мае тут сядзібу.

«Ведаеце, як гэта — арандаваць памяшканьні па горадзе? Там выганяць, у іншым месцы — так і будзем бадзяцца вечнымі кватарантамі», — кажа Дзьмітрый.

Ён скончыў музычны каледж, грае на акардэоне, займаецца тэнісам, футболам для невідушчых, дапамагае сьляпым з рэабілітацыяй і адаптацыяй.

Дзьмітры Герашчанка
Дзьмітры Герашчанка

«Вялікая просьба да ўладаў! Хай бы яны да нас прыслухаліся. Нам і так цяжка, а тут апошняе забяруць. Нам вельмі трэба гэтае памяшканьне», — дадае пэнсіянэрка.

Дырэктар ня хоча размаўляць зь недзяржаўнымі журналістамі

Дырэктар прадпрыемства «Сьвятлатэхніка» Сяргей Раманюк адмовіўся размаўляць з групай недзяржаўных карэспандэнтаў, якія спрабавалі прайсьці да яго ў кабінэт. Ахоўнік не прапусьціў на тэрыторыю прадпрыемства. Па ўнутраным тэлефоне дырэктар сказаў, што ня будзе даваць камэнтары.

Днямі Сяргей Раманюк растлумачыў сваю пазыцыю ў «Гомельскай праўдзе». Вось ягоныя асноўныя тэзы.

  • Нерухомасьць сапраўды будуць прадаваць. Будынак клюбу «абыходзіцца нам занадта дорага: падатак на зямлю, касмэтычны рамонт фасаду, аварыйная заля, на якую проста няма сродкаў». Выснова: «Не прадаць гэты аб’ект цяпер будзе злачынствам супраць інтарэсаў „Сьвятлатэхнікі“».
  • Аддзел рэабілітацыйнай працы дырэктар абяцае разьмясьціць у памяшканьнях «Сьвятлатэхнікі». За сродкі ад продажу будынку клюбу кіраўнік прадпрыемства абяцае арганізаваць канфэрэнц-залю — для культурных імпрэзаў і спартовых спаборніцтваў.
  • Пашырэньне Савецкай, якое робіцца ў сувязі з будаўніцтвам гандлёвага цэнтру, не было ўзгоднена з таварыствам інвалідаў па зроку.
  • Пры пашырэньні Савецкай будзе перанесены і прыпынак грамадзкага транспарту. «Значыць, цяперашняе безбар’ернае асяродзьдзе адназначна будзе разбурана. (...) Кіраўніцтва прадпрыемства зьвярнулася ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну Гомля з просьбай абмеркаваць магчымасьць арганізаваць заезд у двары так, каб забясьпечыць бясьпечную сьцяжынку для інвалідаў па зроку, а таксама аднавіць безбар’ернае асяродзьдзе пасьля пераносу прыпынку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG