Адзнакі за год — гарачая тэма апошняга тыдня. Сёньня бачыла чатырох хлапцоў — ну такія, з зацятых хуліганаў, паўз такіх увечары хочацца ціхенька і незаўважна прашмыгнуць. Стаяць за вуглом з цыгарэтамі, праз слова мацючкі, але паміж мацюкамі чуецца агульнае, роднае — «нармальна, чо, у мяне па рускаму толькі ў гэтай чвэрці пяцёрка, а так сямёркі, ну...».
Запісныя выдатнікі і «батаны» заўважна расслабіліся: фуф, усё атрымалася. Розныя таленавітыя гультаі бегаюць па кабінэтах, даздаючы па пяць прадметаў адначасова — вядома ж, вясна, усё моцна запушчана, але паднацісьнеш — і выплывеш. Разам з гультаямі носяцца небаракі, дзеці суворых бацькоў — за ўсё, што ніжэй «сямёркі», дома атрымаеш па поўнай, дык трэба дзе выплакаць, дзе выпрасіць, дзе абцугамі выцягнуць запаветную «сем» ці нават «восем» (гэта калі настаўніца жаласьлівая пападзецца).
Будучыя мэдалісты маюць бледны выгляд і сьмяротную тугу ў вачах — ім ужо трыста разоў наматалі перад носам за ўсё: і за бездакорныя адзнакі ў чвэрці і за год, і за будучыя экзамэны. Няшчасныя бедачыны наогул блага разумеюць, нашто яны ўвязаліся ў гэты маратон, бо тыя, хто будзе мець высокі бал атэстату, але не будзе мець мэдаля, выглядаюць неяк здаравейшым і раз-пораз нават усьміхаюцца. І толькі тыя, каму пляваць на адзнакі, ходзяць па школе ў ціхамірным спакоі і шчасьлівым чаканьні: хутка лета, тра-ла-ла-ла-ла, быцьцё прыўкраснае, надвор’е цудоўнае, жыць — хораша.
Сакрамэнтальнае пытаньне апошніх майскіх тыдняў: «А што зрабіць, каб атрымаць "васьмёрку" ("дзевятку", "дзясятку")?» — «Хм... Што зрабіць... Вярнуцца ў верасень, вывучыць усе правілы, зрабіць усе практыкаваньні, напісаць усе кантрольныя... » — «Хі-хі-хі... Ну гэта зразумела... Але каб зараз... Можна, я зраблю якую-небудзь прэзэнтацыю? Ну ці пра Пушкіна раскажу? Чаму ўжо ня трэба? У першай чвэрці Пушкін? Ээээ... Ну тады пра гэтага... Лерманціна? Ці як яго?»
Я заўсёды пытаюся ў дзяцей: слухайце, ну а вы б хацелі прыйсьці да такога доктара, які свае высокія адзнакі ў дыплёме атрымаў за прэзэнтацыю, зробленую на апошнім уроку? Ці хацелася б вам езьдзіць на аўтамабілі, які праектаваў інжынэр з намаляванымі адзнакамі? Нічога, калі да вас прыйдзе настаўнік, які ўсё сваё школьнае жыцьцё выпрошваў «дзявятачкі»? У іх вачах амаль заўсёды — вясёлае неразуменьне: пры чым тут гэта? Пры чым тут нейкі доктар ці інжынэр? Проста мне трэба высокая адзнака, вось і ўсё. І нарэшце, казырны аргумэнт: «Ды мне ўсё роўна. Гэта вы маёй маці скажыце — пра інжынэра. Яна сказала, як не будзе ўсіх дзявятак, дык усё лета буду дома пад замком сядзець».
Цяжка зразумець, каму і навошта патрэбныя намаляваныя, выціснутыя абцугамі, выплаканыя адзнакі. Гэта ж тое самае, што загадаць тэрмомэтру паказваць заўсёды 36.6, а калі не пакажа — строга наказаць таго, каму гэтым тэрмомэтрам нешта вымяралі. «Ага! А як потым паступаць? А бал атэстату?» Госпадзе, ну давайце шчэ паступім куды-небудзь з намаляваным атэстатам. Выпусьцімся праз чатыры гады з намаляваным дыплёмам.
Мы, канешне, збольшага так і робім.
Ну таму ў нас усё і так. Збольшага намалявана. А як калупні якога спэцыяліста — дык адна суцэльная прэзэнтацыя, зробленая на апошнім уроку.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.