Госьць «Інтэрвію тыдня» — мовазнаўца і перакладчык Лявон Баршчэўскі. Ён адказвае на пытаньне, каго гадуе беларуская сыстэма адукацыі, аналізуе ўсе апошнія «рэформы» ў гэтай галіне і тлумачыць, што зьмянілася пасьля ўступленьня Беларусі ў Балёнскую сыстэму.
Не задаюць пытаньняў, не прывучаныя да дыскусіяў, усё прымаюць на веру
— Падчас нядаўняга прызначэньня Міхаіла Лусьцянкова рэктарам Беларуска-Расейскага ўнівэрсытэту Аляксандар Лукашэнка скрытыкаваў складанасьць школьных праграм па матэматыцы і фізыцы за 8 і 9 клясы. «Няўжо так жыцьцё паскорылася? Няўжо ўсіх іх матэматыкамі рыхтуем? Таму трэба вельмі сур’ёзна заняцца адукацыяй», — сказаў Лукашэнка.
Спадар Лявон, калі б вас папрасілі вызначыць некалькімі тэзісамі самыя галоўныя, падставовыя праблемы беларускай адукацыі, — што б вы выдзелілі?
— Вельмі проста. Праблемамі адукацыі павінны займацца спэцыялісты, якія маюць вялікую практыку, працуюць у гэтай галіне. А ня людзі збоку, якія нешта нашэпчуць у вуха. Валюнтарызму хапае, пачынаючы з другой паловы 90-х — то ў адзін бок хістаньне, то «давайце гэта вернем», то прымусяць рабіць тое, чым сыстэма адукацыі не зьяўляецца.
— Сыстэма адукацыі і нацыянальныя СМІ — асноўныя чыньнікі фармаваньня мадэрнай нацыі. Каго ў Беларусі фармуе беларуская сыстэма адукацыі?
— Фармуе вінцікаў мэханізму, як у савецкі час, толькі з горшай якасьцю. Людзей, якія не задаюць пытаньняў, не прывучаныя да дыскусіяў, усё прымаюць на веру, звыклі думаць адно, гаварыць другое, рабіць трэцяе.
— Усе апошнія «рэформы» ў сыстэме адукацыі былі, тым ня менш, даволі пасьлядоўнымі ў пэўным сэнсе — школу зьменшылі з 12 да 11 гадоў, у некаторых ВНУ зьніжаюць з 5 гадоў да 4 (адкінулі гуманітарныя дысцыпліны). Гэта для таго, каб людзі выходзілі вузкімі спэцыялістамі?
— У самім зьніжэньні тэрміну бяды няма, бо магчымасьці вучобы значна пашырыліся. Цяпер ёсьць даступнасьць матэрыялаў праз розныя відэалекцыі, падручнікі і гэтак далей. Але праблема ў тым, што няма разуменьня — для чаго і каго вучыць тры гады, каго пяць гадоў? Няма канцэпцыі. Гэта зноў-такі вынікае з другой паловы 90-х, калі ўсіх людзей, у каго балела душа, зь Міністэрства адукацыі і Інстытуту адукацыі паступова вывелі. А прыйшлі людзі, якія атрымоўваюць заробак, пішуць «правільныя» паперы — але ніякай стратэгіі разьвіцьця сыстэмы адукацыі ў іх няма. Няма нават прадбачаньня, якія спэцыялісты спатрэбяцца Беларусі праз 20 гадоў.
— Вы кажаце, што стратэгіі няма. Але вось вы самі кажаце, што сыстэма адукацыі выхоўвае «вінцікаў» без крытычнага мысьленьня. Можа, у гэтым і ёсьць стратэгія?
— Калі гэта для ўлады «стратэгія» — то гэта, па сутнасьці, зьнішчэньне падмуркаў нацыянальнай адукацыі. Калі ў гэтым стратэгія — то гэта жахлівая стратэгія.
БРСМ выбірае, каго можна паслаць за мяжу, каго нельга
— Наколькі сёньняшняя сыстэма адукацыі беларуская? Ці выхоўвае яна беларускага грамадзяніна?
— Ясна, што можна і трэба было б зрабіць нашмат болей. Але цяпер моладзь прагматычная. Яна знойдзе і далучыцца да гэтых каштоўнасьцяў і бяз гэтай школы, і бяз гэтых ВНУ. Праблема ў тым, што загружаюць фальшывымі каштоўнасьцямі. Умоўна кажучы — Міністэрства адукацыі займаецца стагодзьдзем ВЛКСМ. На гэта трацяцца сродкі, і які вынік? Каму-небудзь нейкі пазытыў гэта дало? Нічога, вядома. Галаву забіваюць другараднымі рэчамі, і гэта адцягвае ад таго, каб моладзь прывучалася да нацыянальных каштоўнасьцяў.
— Больш як тры гады таму Беларусь прынялі ў Балёнскі працэс. Але на сёньня краіна зрабіла вельмі мала (калі не сказаць — нічога), што патрабуецца ў рамках гэтага працэсу. Як гэта ўдаецца чыноўнікам?
— Мы партызанская нацыя. У сапраўднасьці пэўныя магчымасьці адкрыліся і выкарыстоўваюцца. Скажам, студэнтаў зь беларускіх ВНУ пасылаюць на навучаньне за мяжой на трымэстар — праўда, гэта ня вельмі рэклямуецца. Але гэта ня робіцца па-людзку, бо гэта ў рукі ўзяў БРСМ і, адпаведна, выбірае, каго можна паслаць, каго нельга. Перакрыўлены ў нас Балёнскі працэс. Ён адбываецца ў нейкіх галінах, але вельмі павольна.
Вось, напрыклад, тым, хто займаецца стварэньнем нацыянальнага ўнівэрсытэту, кажуць — «Прад’явіце нам падручнікі на беларускай мове з грыфам Міністэрства адукацыі, якія выдадзеныя за апошнія 5 гадоў». А калі такіх падручнікаў увогуле няма? — Дык не дадзім вам ліцэнзію. І такое тармажэньне на ўсіх узроўнях чыноўніцкай лесьвіцы выразна відаць. Сыстэма застаецца заржавелай, сыстэмай, якая буксуе — гэта не зьмянілася.
— Апошнія гады ўлада шмат кажа пра неабходнасьць падтрымліваць беларускую мову. Ці адлюстроўваецца гэта ў нейкіх практычных дзеяньнях?
— Выказваньні выказваньнямі, але вазьміце сайт Міністэрства адукацыі. Праблема выкладаньня беларускай мовы ані разу нідзе не абмяркоўвалася — на канфэрэнцыях, круглых сталах у міністэрстве. І тут адказ на ваша пытаньне. Гэта ўсё папулісцкія заявы (пра мову), якія ня маюць ніякага практычнага працягу. Падручнікі для школы, якія перакладаюцца з расейскай мовы — перакладаюцца такой жахлівай мовай, на якой ніхто не гаворыць, якой не існуе ў прыродзе.
Вы паспрабуйце купіце атлясы па геаграфіі на беларускай мове. Яны выпускаюцца, але іх у продажы няма. Бацькі нават беларускамоўных школаў вымушаныя некаторыя матэрыялы купляць па-расейску. Ясна, што гэта дыскрымінацыя і ўшчамленьне. У ВНУ па многіх дысцыплінах проста няма беларускамоўных падручнікаў і курсаў лекцыяў, дзяржава гэтым не займаецца. Папулісцкія выказваньні зьверху цалкам не адпавядаюць рэчаіснасьці.
— Нехта скажа — «Вы ўсё крытыкуеце, а што б вы маглі прапанаваць?» Як бы вы абмалявалі стратэгічныя абрысы рэформаў, патрэбных зьменаў у сыстэме адукацыі?
— Трэба сабраць інтэлектуалаў, практыкаў, якія працуюць у сыстэме адукацыі, і распрацаваць стратэгічныя кірункі паэтапна. Трэба даць свабоду ВНУ, адкінуць дзясяткі інструкцыяў, якія рэгулююць кожны крок. У адной з ВНУ нядаўна рэктар выдаў інструкцыю, што супрацоўнікі не павінны насіць больш як сто грамаў вадкасьці з сабой на працу — вось гэтым займаюцца ў нас рэктараты, замест таго каб займацца стратэгіяй адукацыі.