Польскі беларусіст Мірослаў Янковяк прысьвяціў сваё навуковае жыцьцё незвычайнай на першы погляд тэме — беларускім гаворкам у Літве і Латвіі. Ужо больш за 15 гадоў ён падарожнічае ў памежжы і запісвае носьбітаў беларускіх гаворак, якіх усё менш. Нядаўна выйшла яго новая кніга — паўтысячы старонак і 1,5 кг вагі.
Што можна пісаць пра гаворкі, якія паміраюць? Пра гэта Мірослаў Янковяк расказаў у інтэрвію Свабодзе.
— Чым так цікавыя беларускія гутаркі ў Латвіі, што вы напісалі пра іх ужо другую кнігу і прысьвяцілі больш за дзясятак гадоў жыцьця?
— Дарэчы, зьбіраюся напісаць яшчэ дзьве кнігі на гэтую тэму. Акрамя беларускіх гаворак у Латвіі, я інтэнсіўна займаюся і беларускімі гаворкамі ў Літве. Беларускія дыялектолягі пасьля 1945 году займаліся пераважна гаворкамі ў межах БССР. А гаворкамі па-за межамі сваёй краіны яны займацца не хацелі. Але мова і гаворкі — гэта не адміністрацыйная мяжа. Мяжа для іх увогуле ня мае значэньня. Таму я пакінуў беларускія гаворкі ў Беларусі беларускім дасьледнікам і заняўся гаворкамі ў Латвіі і Літве. Мне ня трэба віза, таму працаваць проста. Бярэш машыну і езьдзіш зь вёскі ў вёску, размаўляеш зь людзьмі.
— У масавай сьвядомасьці Латвія, у адрозьненьне ад Літвы, не ўспрымаецца як краіна, дзе жыве шмат беларусаў. Адкуль там беларускія гаворкі?
— Тут вельмі цікавая сытуацыя. Я магу параўнаць стан беларускіх гаворак на тэрыторыі паўднёвай Пскоўшчыны, Латвіі, Літвы і Польшчы. У Польшчы і Літве гэтыя гаворкі захаваліся ў вельмі добрым стане. Што да Латвіі, то на жаль, яны ўжо паміраюць. Я быў улетку 2018 году ў Даўгаўпілскім раёне і запісваў апошніх бабуляў, якія яшчэ размаўляюць на беларускай гаворцы. Прыкра, што гэтая гаворка адыходзіць. Ёю там размаўляюць людзі, якія нарадзіліся ў 1920-40-я гады. Калі яны памруць, то беларускіх гаворак больш ня будзе.
— Латгалія — былая частка Рэчы Паспалітай. Як беларуская мова ўвогуле там магла выжыць, калі ўжо ў міжваенны час гэтая тэрыторыя належала Латвіі?
— Цікава, што ў міжваенны пэрыяд, калі Латвія была незалежнай дзяржавай, беларуская меншасьць мела добрыя ўмовы для
разьвіцьця сваёй мовы і культуры. Там было каля 40 беларускіх школаў, гімназія, беларуская прэса і тэатры. Улады Латвіі вельмі пазытыўна ставіліся да беларусаў, якія там жылі. Таму беларусы маглі разьвіваць сваю мову і культуру. І беларускія гаворкі былі шырока распаўсюджаныя. Падчас перапісу 1920 года беларусамі ў Латвіі запісаліся 75 тысячаў чалавек, праз 5 гадоў — 38 тысячаў. Сытуацыя зьмянілася пасьля 1934 году, калі ў выніку перавароту да ўлады прыйшоў Карліс Улманіс. Ён пачаў латвізацыю краіны. Беларускія і польскія школы пачалі зачыняць. Тое самае адбывалася з рознымі арганізацыямі і таварыствамі. У 1935 годзе беларусаў у Латвіі было ўжо 26 тысячаў. Самы кепскі час для беларускіх гаворак наступіў пасьля 1945 году, калі зноў зьявіліся саветы і там ужо ніколі не існавалі беларускія школы і арганізацыі. На іх месцы адчыняліся расейскія.
— Гэта зусім іншая сытуацыя, чым, напрыклад, зь беларусамі ў Польшчы. Бо на Падляшшы камуністы акурат адчынялі беларускія школы.
— Менавіта. У Літве польскія школы таксама захаваліся, і гэта вельмі моцна ўплывае на тоеснасьць беларусаў Літвы. 90% маіх суразмоўцаў у Літве называюць сябе палякамі і тыя ж 90% размаўляюць ня толькі на так званай «крэсовай» польскай мове, але і на беларускай гаворцы.
— А кім сябе лічаць у Латвіі тыя людзі, якія размаўляюць на беларускіх гаворках?
— Памежжа заўсёды само па сабе вельмі спэцыфічнае. Там сутыкаюцца розныя мовы, традыцыі і веравызнаньні. Там немагчыма адназначна акрэсьліць чалавека. Калі я ўпершыню паехаў у Латвію ў 2004 годзе, у мяне ў галаве быў загаловак кніжкі, маёй кандыдацкай працы — «Мова беларусаў Латвіі». Але калі я пачаў запісваць мясцовае насельніцтва на дыктафон і калі палова людзей сказалі, што яны беларусы, другая палова — што палякі, я зразумеў, што немагчыма чалавека акрэсьліць. Напэўна б, некалькі чалавек сказалі, што яны расейцы, латышы або латгальцы. У 1989 годзе ў Латвіі пражывала 119 тысячаў беларусаў.
Неяк я запісаў на дыктафон аднаго хлопца, які жыў у Піедруі (Прыдруйску), зь беларускага боку гэта Друя, я быў сьведкам, як хрысьцілі сына ягонага брата. Сабралася ўся сям’я, і я меў магчымасьць паразмаўляць зь людзьмі. Адна бабуля — праваслаўная беларуска, дзед — паляк-каталік. Іншая бабуля — беларуска-стараверка, дзед паляк-каталік. У адных па дакумэнтах сын — паляк-каталік. У другіх — дачка праваслаўная беларуска. Яны ўзялі шлюб і маюць трох сыноў. Усе па дакумэнтах палякі. Самы старэйшы ажаніўся з праваслаўнай расейкай, сярэдні з латгалкай-каталічкай, а маладзейшы сустракаўся з латышкай-лютэранкай. Вось гэта — памежжа і адказ на пытаньне пра ідэнтычнасьць. Важны момант, ці мясцовы гэты чалавек, ці прыехаў туды пасьля вайны з усходняй або заходняй Беларусі. Пасьля вайны былі тры вялікія хвалі міграцыі на гэтую памежную тэрыторыю. Насельніцтва з усходняй Беларусі найбольш было зьвязанае зь беларускасьцю, яны наўпрост казалі, што яны беларусы. Прыежджыя з заходняй Беларусі падкрэсьлівалі сваю польскасьць. Радзіма і бацькаўшчына для іх розныя. Бацькаўшчына — гэта Беларусь, а радзіма — Латвія.
— А што прыходзіць на месца беларускіх гаворак у Латвіі?
— Па-першае, там вельмі вялікі дэмаграфічны заняпад. Моладзь зьяжджае ў вялікія гарады або ўвогуле па-за межы Латвіі. Людзі паміраюць. Але там, дзе яшчэ трошкі людзей ёсьць, то пасьляваеннае пакаленьне расейскамоўнае. Таму месца беларускіх гаворак займае сёньня расейская мова. Латыская мова таксама паволі ўваходзіць, але гэта датычыць найперш зьмешаных сем’яў.
— Калі палова зь іх ня лічыць сябе беларусамі, то як яны самі тлумачаць, чаму карыстаюцца беларускімі гаворкамі? Ніхто ж іх ня мог прымусіць гаварыць па-беларуску.
— Гэта добрае пытаньне, якое сьведчыць пра жывучасьць беларускіх гаворак на памежжы і ўвогуле. Тое ж самае і ў Літве, дзе 90% маіх суразмоўцаў лічаць сябе палякамі і размаўляюць на беларускай гаворцы. Тоеснасьць не заўсёды ідзе побач з мовай, што, зразумела, мае свае плюсы і мінусы. Людзі адказваюць проста — гэта іхная мова зь дзіцячых гадоў. Тыя, хто прыехаў туды з заходняй Беларусі, кажуць, што ў іхнай вёсцы ўсе да вайны размаўлялі па-беларуску, а дома па-польску. Але з суседзямі ізноў жа па-беларуску. Беларуская гаворка — гэта добры код размовы зь іншымі людзьмі. Іншыя нацыянальнасьці вельмі добра разумелі беларускую гаворку. Гэта lingua franca (можа міжэтнічнай камунікацыі. — РС) на гэтай тэрыторыі. Тое самае і на беларуска-літоўскім памежжы. Беларуская гаворка трохі дастасоўваецца на ўзроўні лексікі. Лексіка насычаная палянізмамі і літуанізмамі, але людзі без праблемаў могуць размаўляць адзін з другім. Часам на памежжы ёсьць па тры-чатыры словы, якія абазначаюць адзін прадмет. І ўсе маюць адну мову, на якой могуць размаўляць між сабой.
— Ці шкадуюць мясцовыя, што беларуская гаворка там памірае?
На жаль, ёсьць такое ўспрыманьне, што беларуская гаворка — гэта мова вёскі і неадукаваных людзей. Такі стэрэтып, на жаль, ёсьць. Маладыя мне казалі наўпрост: «Міраслаў, беларуская гаворка — гэта мова маёй бабулі, якая жыве ў вёсцы і ня мае адукацыі». А расейская — мова адукаваных людзей, гарадоў. Гэты стэрэатып дзейнічае. Латвія дае вялікія магчымасьці тым, хто хоча падтрымліваць сваю мову, культуру і традыцыі. Палякі гэтым карыстаюцца вельмі актыўна, а беларусы ня вельмі. Ёсьць адна пачатковая школа ў Рызе, выходзіць адна газэта, але гэтага вельмі мала, каб падтрымаць беларускія гаворкі і беларускую сьвядомасьць.
Гаворкі зьнікаюць, і я сьпяшаюся іх зафіксаваць. Гэта ўжо мая другая кніга на гэтую тэму. А цяпер рыхтую слоўнік беларускіх гаворак Латвіі і манаграфію пра лексіку. Гэтым усім я займаюся ў Славянскім інстытуце Акадэміі навук Чэхіі.
— А дзе яшчэ беларускія гаворкі захаваныя ў такім стане, каб іх можна было дасьледаваць і адкрываць нешта новае?
— Па-за межамі Беларусі я хачу займацца беларускімі гаворкамі ў Літве. Там працы можа хапіць на некалькі дзясяткаў гадоў. Ёсьць два памежжы, якія трэба абавязкова вывучыць. Пасьля вайны там ніхто не займаўся беларускімі гаворкамі. Гэта заходняя Смаленшчына з Браншчынай і паўночная Чарнігаўшчына ва Ўкраіне.