24 траўня аўтару славутых «Бывайце здаровы» і «Лясной песьні» Адаму Русаку — 110 гадоў. Духоўны вучань Паўлюка Труса, ён натхняўся падкрэсьлена фальклёрным гучаньнем, блізкім да народнай прыпеўкі і вясёлай песьні. Вершы-ідыліі Русака, прысьвечаныя гарэзьлівым калгасьніцам і калгасьнікам, былі вельмі папулярныя ў простага чытача і слухача. Гэта выклікала зайздрасьць у калегаў, чые патасныя, мудрагелістыя і такія «прафэсійныя» вершы і песьні заставаліся па-за народнай увагай.
1. Бацькі ня ведалі, якое імя даць імя сыну
«Калі я нарадзіўся, маці з бацькам ня ведалі, якое даць мне імя. Маці пайшла на нараду да суседкі, а тая і параіла назваць мяне Адамам. Так і назвалі»1.
2. У вёсцы сямʼя Русакоў мела мянушку «цыганы»
«Мой дзед па бацьку, Сымон Русак, адслужыўшы пятнаццаць год у царскай арміі, атрымаў надзел — дзесяціну зямлі ў сяле Лоцьвіны. Пабудаваў там хату і ажаніўся з цыганкай Марыяй. Адсюль і пайшла за намі мянушка «цыганы»1.
3. У дзяцінстве яго ледзь не забіў конь
«Аднойчы быў такі выпадак. Я захацеў змайстраваць новую вуду, але не знайшоў валасьні. А па нашай вуліцы кожны дзень выганялі жывёлу за рэчку на выган. Я нагледзеў спутанага каня з доўгім хвастом. Падышоў да яго, узяў за хвост і тузануў. А конь як убрыкне капытом у самыя грудзі. Я ўпаў на зямлю, дух заняло. Суседка ўбачыла праз акно гэтую сцэну, выбегла на вуліцу і пачала крычаць: „Марыля! Твайго хлопца конь забіў!“ Убачыла маці, што я ляжу як нежывы, загаласіла. Зьбегліся людзі, прынесьлі мяне ў хату, адхадзілі. Жывы застаўся. А на грудзях і цяпер, як мэдаль, сядзіць сьлед ад падковы»1.
4. Ягоны бацька піў і біўся, але калі сыны зь ім «пагаварылі», кінуў гарэлку і стаў для іх найлепшым сябрам.
«Бацька меў магнасьць да гарэлкі. Ня раз ён прапіваў свой заработак, вяртаўся дадому бяз грошай, а назаўтра не было за што купіць хлеба. Ён біў маці і нас, дзяцей. Пазьней, калі мы падрасьлі, быў такі выпадак. Прыйшоў бацька пʼяны і пачаў біць маці. Мы з Кастусём спынілі яго. Бацька не чакаў гэтага. А мы сказалі: „Болей мы не дазволім табе зьдзекавацца з нас, мы ўжо вырасьлі“. Пасьля гэтага бацькаву хваробу як рукой зьняло, ніколі ён больш ня крыўдзіў нас і быў з намі ў дружбе да канца свайго жыцьця»1.
5. За няўменьне крыўдзіцца яго называлі сьвятым
Па ўспамінах дачкі Людмілы Русак: «Тата ня ўмеў сварыцца і крыўдзіцца на людзей. Ён шчыра і сьвята верыў у сумленнасьць і справядлівасьць. Пра яго іншы раз казалі: сьвяты Адась»2.
6. Ягоны бацька стварыў супэрпапулярны ў роднай мясцовасьці сямейны музычны гурт
«Бацька яго быў таленавіты музыка, безь якога не праходзіла ніводнае ігрышча ў вёсцы і ваколіцах. Разам з бацькам іграла маці, брат і сястра — хто на дудцы, хто на жалейцы, хто на дудзе, хто на бубне. А калі падрос меншы сын Адам, бацька пачаў браць у памочнікі і яго. Слава сямейнага музычнага квінтэту Русакоў грымела далёка за межамі вёскі... Пра гэту сямʼю нават гаварылі, як прыгадвае Астрэйка, што яна болей іграла, чым працавала, бо ў той час музыка на вёсцы не лічылася за працу. Расказваюць, што на Капыльшчыне хадзіла тады нават такая прымаўка: «Няма Русакоў — няма і вясельля»3. У іншым варыянце прымаўка гучала так: «Няма цыганоў — няма й вясельля».
7. Быў двоечнікам па паводзінах
Дачка Людміла адзначала: «У заліковай кніжцы навучэнца Менскага музычнага тэхнікума ёсьць запіс: «Сальфэджыё — 5; спэцыяльнасьць — 5; паводзіны — 2 (глядзеў у акно і пісаў вершы). /.../ Ён увесь час лунаў у аблоках і быў далёкі ад усіх зямных праблем»4.
8. Хацеў стаць прафэсійным скрыпачом, але прымусілі вучыцца на валтарніста
Па ўспамінах дачкі Адама Русака Натальлі Бадзілоўскай: «Дзед... у вёсцы стварыў музычную капэлу. ...там... бацька... навучыўся іграць на скрыпцы... Прафэсійныя скрыпачы трымаюць скрыпку іначай. Бацька марыў вучыцца іграць на скрыпцы далей. Ён пешкі пайшоў у Менск, каб вучыцца... Але на скрыпку яго не прынялі. Па-першае, узрост, а па-другое, пазыцыя рукі была ня тая. Таму далей ён іграў на валторне. Дома іграў на скрыпцы — як народны музыкант, а як прафэсійны артыст — на валторне»5.
Па словах Генадзя Цітовіча, для Адама Русака яшчэ з самага дзяцінства «...марай была скрыпка! У дзесяцігадовым узросьце ён сяк-так асвоіў бацькаву самадзелку. Заўважыўшы музычнае захапленьне сына, [яго бацька] Гарасім, вядомы ў акрузе сталяр, змайстраваў і падарыў Адасю новую скрыпку...»6.
9. Яго гвалтам прымусілі скласьці верш у гонар Якуба Коласа
«Мы рыхтавалі літаратурны вечар. На ім меўся быць Якуб Колас. Арганізатары вечара папрасілі мяне напісаць верш, прысьвечаны Якубу Коласу. Я адмовіўся... і тады мае таварышы патрабавалі больш настойліва і нават выказалі пагрозу, што мае паводзіны абмяркуюць на сходзе. Што рабіць?.. Згадзіўся. /.../ На вечары-сустрэчы заля была перапоўненая... Ня помню, як чытаў, бо страшэнна хваляваўся. /.../ Сябры суцяшалі, гаварылі, што верш добры, а я ня верыў і нават зьнішчыў чарнавік... Больш за ўсё мяне турбавала тое, што да песьняра я зьвяртаўся на „ты“»1.
10. Беларускі сталінскі друк з гордасьцю пісаў, што пасьля вучобы Адам Русак паехаў працаваць у Ленінград
«...Вось што паведамляла газэта „Советская Белоруссия“ ў 1936 годзе: «Некалькі гадоў таму назад малады калгасьнік Адам Русак разам са сваім бацькам, братам і сястрой працаваў у калгасе „Чырвоны араты“ Капыльскага раёна. Партыя і ўрад паслалі яго на вучобу. Ён упарта авалодваў ведамі і дабіўся вялікіх посьпехаў. Адам Русак закончыў Ленінградзкую кансэрваторыю, і зараз ён адзін зь вядучых салістаў аркестра Ленінградзкага тэатра опэры і балета»3.
11. Яго самы знакаміты твор «Бывайце здаровы» доўгі час лічыўся «народным» дзякуючы Анатолю Астрэйку
Крытык Рыгор Бярозкін гэтай акалічнасьці вельмі дзівіўся: «Пытаюся ў аўтара: «Чаму так здарылася?» Паціскае плячыма: «А хто яго ведае? Паэт [Анатоль Астрэйка], якому я ўпершыню прачытаў свой верш, — мой зямляк, разам вырасьлі і таварышавалі з малых год. Ня мог ён ня ведаць і пра тое, што я ўжо і раней друкаваўся і ў «Закліку», і ў «Звяздзе», і ў «Чырвонай змене». У рэдакцыі, якая ўзялася зьмясьціць «Бывайце здаровы», сказалі майму таварышу: альбо «Запісана ад...», альбо друкаваць ня будзем. І надрукавалі: «Запісана ад...»7.
Дачка Людміла дадае: «Чаму Астрэйка падпісаў менавіта так — загадка... Я зь дзяцінства памятаю, як мама ня раз пыталася ў Астрэйкі, чаму так адбылося. Магчыма, былі нейкія тлумачэньні, але мне гэта невядома»2.
12. Верш «Бывайце здаровы» ўпершыню надрукавалі ў «Правде», бо ў Беларусі баяліся
«Верш галоўнаму рэдактару газэты «Літаратура і мастацтва» І. Д. Гурскаму... падабаўся, але форма і зьмест твора, поўнага дасьціпнага гумару... насьцярожылі Ільлю Данілавіча.
— Ведаеш аўтара?
— Ведаю, — адказаў Астрэйка.
— ...адносна публікацыі падумаем...
/.../ Упершыню «Бывайце здаровы» ў перакладзе на рускую мову надрукавала «Правда» 1 студзеня 1937 года з наступнай заўвагай: «Песьня запісана са слоў тав. Русака ў калгасе „Чырвоны араты“ Капыльскага раёна Беларускай ССР». /.../ На роднай мове «Бывайце здаровы» ўпершыню надрукавала газэта «Літаратура і мастацтва» 9 студзеня 1937 г. пад назваю «Вясельнае віншаваньне маладых» з такой жа заўвагай: «Запісаў ад А. Русака (калгас „Чырвоны араты“ Капыльскага раёна) Анатоль Астрэйка»3.
13. Калі перакладчык Міхаіл Ісакоўскі даведаўся, што ў верша «Бывайце здаровы» ёсьць аўтар, то выбачыўся перад Адамам Русаком
У лісьце, адрасаваным у Саюз савецкіх пісьменьнікаў БССР (25.06.1940), Ісакоўскі пісаў: «У свой час... я пераклаў на рускую мову беларускую песьню „Будзьце здаровы“. /.../ Названы верш я ўключыў у сваю кніжку. /.../ Між тым апошнім часам мне стала вядома, што песьня... менавіта напісана тав. Русаком, а ня проста запісана зь ягоных словаў. Такім чынам, па няведаньні, мной была дапушчана памылка, бо калі паэт мае права ў той або іншай ступені ўключаць у свае творы фальклёр... ён не павінен так рабіць з рэчамі, якія маюць свайго аўтара... прашу перадаць тав. Русаку мае найглыбейшыя выбачэньні за дапушчаную памылку... У далейшым названы верш, безумоўна, перавыдавацца мной ня будзе. Што ж да перакладу песьні „Будзьце здаровы“, дык паўсюль, дзе ён будзе друкавацца з майго дазволу, будзе ставіцца імя аўтара... чаго выдавецтвы да сёньня не рабілі»4.
14. Любіў удаваць зь сябе грузіна ці армяніна
Па ўспамінах дачкі Людмілы: «Падчас вайны іх тэатар эвакуавалі ў Арэнбург, і менавіта тады давялося пабываць у Закаўказьзі. Бацька быў чарнявым, і яго там прымалі за свайго: калі пыталіся грузіны, як прозьвішча, не раздумваючы адказваў: Русакадзэ. Армянам жа казаў, што Русакян. Наогул, ён заўсёды ўмеў жартаваць»8.
15. Граў на пахаваньні Кірава і сябраваў з маршалам Тухачэўскім
«...сябраваў са славутым палкаводцам Тухачэўскім, які любіў іграць на скрыпцы і, безумоўна, ня мог не пасябраваць з музыкантам сымфанічнага аркестра, які таксама быў не раўнадушны да гэтага інструмэнта. Паэт бачыў зблізку Кірава, які наведваў тэатар опэры і балета. Ён прысутнічаў на яго пахаваньні, выконваючы разам з аркестрам жалобную музыку. На пахаваньні яму давялося пабачыць Сталіна, які стаяў каля труны Кірава і на яго вачах — хто ведае, уяўныя ці сапраўдныя? — сьлёзы»9.
16. Сябры адзначалі, што яму пашанцавала з мудрай жонкай
Дачка Людміла ўспамінала: «Калі няма грошай, але хапае творчых плянаў — гэта ня кожны ў сямʼі зможа зразумець. Цяжка пазьбегнуць тады прэтэнзій... Але ў нашай сямʼі такія пытаньні ніколі не ўзьнікалі. Усё вырашалася спакойна, без парушэньняў дзіцячай псыхікі. Перш за ўсё таму, што мама цудоўна разумела сытуацыю: нічога ня зьменіш. Па-другое, таму што тата заўжды казаў: „У нас і так усё добра. Нам нічога ня трэба!“ Вось чаму мудрая мама ўрэшце пайшла на курсы кройкі і шыцьця»4.
Дачка Натальля дадае: «Мама заўсёды бацьку дапамагала. Першы рэдактар, любімы чалавек, апора сямʼі... Тата ніколі ня ведаў, у якім клясе мы вучымся, дзе, чым займаемся... Для яго было адкрыцьцём, што мы займаемся ў музычнай школе. Потым — што я займаюся ў кансэрваторыі. Няўжо?.. У што быць апранутым? Што купіць для сямʼі? — гэта пытаньні, якія бацькі не датычылі...»5.
17. Яго паэзію крытыкавалі многія, але хваліў адзін з самых строгіх беларускіх крытыкаў — Рыгор Бярозкін
Рыгор Шкраба пісаў: «Калі браць верш „Бывайце здаровы“ за мерку мастацкай творчасьці паэта, дык трэба адзначыць, што пераважная частка яго вершаў значна ніжэй гэтага твора... Адам Русак ня мае ўласнага паэтычнага голасу...»10.
Піліп Пестрак зазначаў: «У вершах Адама Русака... няма самага галоўнага — няма натхненьня паэта»11.
Іван Скапараў пісаў: «Яго паэтычнае слова... не заўсёды вызначаецца арыгінальнасьцю задумы, сілай пачуцьця. /.../ аўтар... аддае перавагу ня якасьці, а колькасьці»12.
І ў той жа час Рыгор Бярозкін гэтак вызначыў творчасьць Русака: «Адам Русак... зьдзейсьніў задачу наватарскую...: адным зь першых у нашай паэзіі ён перадаў у дакладным і па-народнаму ясным слове інтымнасьць жыцьця, пабудаванага на сацыялістычных асновах. І таму, што не было ў песьні ні таннага найгрышу, ні вонкавага прыстасоўваньня да „простага чалавека“, да яго „псыхалёгіі“, яна, гэта песьня, узяла, як кажуць, за жывое, і, пакладзеная на музыку Ісакам Любанам, набыла шырачэзную папулярнасьць у народзе. /.../ лепшае ў таленце паэта: яго ўмельства вярнуць народу падслуханае ў народзе, але вярнуць узбагачаным лірызмам і хваляваньнем свайго ўласнага сэрца»7.
18. Будучы ўжо клясыкам, стварыў у роднай вёсцы духавы аркестар
Па словах дачкі Натальлі, у 1967 годзе «Адама Герасімавіча папрасілі дапамагчы стварыць духавы аркестар у вёсцы Пясочнае. І тата езьдзіў сюды ўсю зіму — здаралася, раз на тыдзень, здаралася, некалькі разоў. Аркестар складаўся зь людзей музычна неадукаваных, непадрыхтаваных. Аркестрантамі былі камбайнэры, мэханізатары. І бацька кожнаму паказваў, як трэба іграць... Самадзейны аркестар загучаў як прафэсійны»5.
Сам паэт так пра гэта згадваў: «У 1967 годзе ў пярэдадзень юбілею Савецкай улады саўгас „Прамень“ вырашыў... арганізаваць пры клюбе музычны гурток. Я вырашыў дапамагчы сваім землякам... Падабраліся, як кажуць, самыя таленавітыя і здольныя. А тым часам да сьвята заставалася ня больш месяца... І пачалі мы вечар у вечар ноты развучваць ды ў трубы дзьмуць. Сьмешна было спачатку... трэба іншаму „сі“ выводзіць, а ён „до“ зацягне...»1.
19. У яго сямʼі падкормлівалі маладога Ігара Лучанка
«Мама называла яго [Лучанка] „камсамолец“, таму што шмат гастраляваў у складзе канцэртных брыгад па лініі камсамола... кампазытар адчуваў падтрымку бацькі, ужо вядомага паэта-песеньніка і музыканта. А мама яго карміла, таму што той заўсёды быў худым. І перш чым ён сядаў за піяніна, яна казала: „Ігарок, спачатку падсілкуйся“»2.
20. У канцы 1930-х называў Сталіна містычным чараўніком, а ў 1953-м напісаў, як простая дзяўчына забівае чорта-тырана
«Не паспеў тут чорт падняцца,
Размахнуцца, разагнацца,
Як у момант хвост падмяла,
Пад калёсы падабрала,
Пакрышыла чорту ногі,
Паламала спіну й рогі.
Тут і выпусьціў злыдух
Свой нячысты чортаў дух»
(1953 г.)13.
Выкарыстаная літаратура
1. Адам Русак. Засьцілайце сталы. Мінск, 1984 г.
2. Ірына Сьвірко. Дружа Ісак! Піша твой дружа Русак // Рэспубліка. 24 мая 2014, № 93.
3. Іван Цішчанка. Жыцьцё песьні // Маладосць. 1977, № 9.
4. Людміла Русак. «Бывайце здаровы!..» або Жыцьцё пражыта па законах песьні // Культура. 24 мая 2014, № 21.
5. Тацьцяна Мушынская. «Тую песьню я вечна сьпяваю...» Штрыхі да партрэта Адама Русака з нагоды яго 100-гадовага юбілею // Мастацтва. 2004, № 7–8.
6. Генадзь Цітовіч. Зь песьняю ў жыцьцё // Полымя. 1974, № 5.
7. Р. Бярозкін. Запісана ад народа // Літаратура і мастацтва. 22 мая 1964, № 41.
8. Алена Клімовіч. «Ваш дружбак, Адам Русак» // Сельская газета. 24 мая 2014.
9. Васіль Макарэвіч. Падданы яе вялікасьці песьні // Полымя. 2014, № 5.
10. Рыгор Шкраба. У палоне ўплываў (рэцэнзія на кнігу «На родных палетках») // Полымя. 1947, № 4.
11. Піліп Пестрак. Паэзія ці стылізацыя? // Беларусь. 1947, № 5.
12. І. Скапараў. Гучы, песьня! // Беларусь. 1960, № 3.
13. Як дзяўчына чорта задушыла / Адам Русак. Толькі з табою. Мінск, 1960.
📷 Усе фатаздымкі ўзятыя зь беларускіх газэт, часопісаў і кніг 1930–1970-х гг. (Нацыянальная бібліятэка Беларусі).