Дзярждэпартамэнт ЗША ўвёў санкцыі супраць некалькіх прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу Расеі.
У чорны сьпіс, у прыватнасьці, трапілі Канструктарскае бюро прыборабудаваньня імя акадэміка Шыпунова ў Туле, якое займаецца распрацоўкай зэнітна-ракетных комплексаў «Панцирь-С», і маскоўскі завод «Авангард», які ўваходзіць у канцэрн «Алмаз-Антэй», — ён, у сваю чаргу, ёсьць адзіным вытворцам ракет для зэнітных сыстэм С-300 і С-400.
Згодна з дакумэнтам, амэрыканскім кампаніям і вайсковым ведамствам забараняецца ўступаць у гандлёвыя адносіны з вышэйназванымі расейскімі кампаніямі. Таксама адмяняюцца ўсе ўжо заключаныя зь імі ўгоды.
Санкцыі ўведзеныя за парушэньне закону аб нераспаўсюджваньні зброі масавага зьнішчэньня ў дачыненьні Ірану, КНДР і Сырыі. Яны набудуць моц з 22 траўня і будуць дзейнічаць два гады з магчымасьцю падаўжэньня.