На беларускія тэлеграм-каналы спасылаюцца, іх цытуюць, абвяргаюць, а аўтараў спрабуюць перасьледаваць. Аўдыторыя беларускага тэлеграму — каля 600 тысяч чалавек. Мы пачынаем складаць даведнік, каб вы не згубіліся. Першая тэма — палітыка. Свабода сабрала 10 самых папулярных палітычных каналаў.
NEXTA
Самы папулярны беларускі канал, калі лічыць па ахопе. У яго 84 тысячы падпісчыкаў — гэта як насельніцтва буйнога раённага цэнтру кшталту Полацку. Канал належыць блогеру Сьцяпану Пуцілу, 20-гадоваму хлопцу, які цяпер вучыцца ў Польшчы. Летась у адносінах да яго распачалі крымінальную справу «Абраза прэзыдэнта», якую ўгледзелі ў адным зь відэаролікаў.
У канале публікуюцца сьвежыя навіны, зьлівы, чуткі. Апошнім часам ён вельмі актыўна нарошчвае аўдыторыю. Гэта зьвязана з асьвятленьнем гучнай сьмерці супрацоўніка ДАІ пад Магілёвам.
«Беларусь головного мозга»
Другі па папулярнасьці канал, мае 54 тысячы падпісчыкаў. Аўтар каналу — Ігар Лосік, блогер з Баранавічаў. Ён пачынаў весьці свой блог у твітэры, пісаў пра палітычныя падзеі ў Беларусі, Расеі і ва Ўкраіне.
У сваім тэлеграм-канале піша на актуальныя палітычныя тэмы Беларусі. У канале актыўна асьвятлялася трагічнае здарэньне з супрацоўнікам ДАІ пад Магілёвам, што дадало яму падпісчыкаў.
«Работаем с Пушкиным»
Тэлеграм-канал маладога блогера Максіма Пушкіна на 22 тысячы падпісчыкаў, дзе ён посьціць сьвежыя навіны на палітычную і сацыяльную тэматыку. Ад гучных палітычных і міжнародных навінаў — да, напрыклад, анонсаў канцэртаў Макса Каржа.
Максім Пушкін зь Менску, працуе на Tut.by.
«Чай з малинавым варэннем»
Канал пазыцыянуе сабе як навінавы, але большасьць кантэнту — гэта палітычныя мэмы, карцінкі і фатаздымкі, усе зроблена з іроніяй і гумарам.
Аўтары каналу, які мае 19 тысяч падпісчыкаў, проста жартуюць з таго, што адбываецца ў Беларусі.
Гісторыя каналу пачынаецца з пабліку «Ўкантакце» з такой жа назвай. Вядома, што стваральніка клічуць Ігар Кот. Ён працаваў у самастойным расейскім праекце «Лентач», які зьявіўся пасьля расколу парталу Lenta.ru.
«Мая краіна Беларусь»
Патрыятычна-гістарычны канал з элемэнтамі забаваў — менавіта так пазыцыянуе сябе гэты тэлеграм-канал. На сёньня ў яго 17 тысяч падпісчыкаў, аўтары паведамляюць сьвежыя навіны, інсайты на актуальныя тэмы з ананімных крыніц, час ад часу жартуюць зь беларускай рэчаіснасьці ў мэмах і карцінках, пішуць на гістарычную тэматыку.
Стваральнікі тыя ж, што і ў аднайменнай групе «Ўкантакце», якая мае 135 тысяч падпісчыкаў. Групу стварыў Сяргей Бяспалаў, ён жа вядзе і тэлеграм-канал. Суполка, створаная ў 2013 годзе, мае сваю гісторыю перасьледу: у 2014-м да адміна прыходзілі прадстаўнікі спэцслужбаў.
«1863х»
Палітычная аналітыка, навіны, гістарычныя артыкулы — гэта ўсё пра тэлеграм-канал блогера Эдуарда Пальчыса. Цяпер на канал падпісана 15,6 тысячы чалавек. У канале больш тэксту і аналітыкі, менш карцінак і мэмаў.
Стваральнік, Эдуард Пальчыс, пачынаў з сайта 1863х.com, дзе публікаваў навіны, аналітыку і рэзанансныя расьсьледаваньні пад псэўданімам Джон Сільвэр. У 2016 годзе пры перасячэньні мяжы Расеі з Украінай быў затрыманы, некаторы час правёў у бранскай турме, пасьля ў беларускай (агулам адседзеў амаль 10 месяцаў). Суд прызнаў яго вінаватым у «распальваньні расавай ці нацыянальнай варажнечы» і «распаўсюдзе парнаграфіі», блогеру прысудзілі «хатнюю хімію».
Цяпер Эдуард Пальчыс ня толькі вядзе тэлеграм-канал і сайт, але і прымае актыўны ўдзел у арганізацыі сьвяткаваньняў на Дзень Волі.
«Отчислено»
Канал на 12 тысяч падпісчыкаў распавядае пра цяжкасьці, зь якімі беларускія студэнты сутыкаюцца падчас вучобы, пра загоны на афіцыйныя мерапрыемствы, праблемы ў студэнтаў з палітычных прычын. Хто аўтар каналу, невядома.
Shraibman
Палітычны аглядальнік Tut.by Арцём Шрайбман мае ў сваім канале больш за 5 тысяч падпісчыкаў. Ён тлумачыць, што адбываецца ў беларускай палітыцы, у адносінах з Расеяй ды іншымі краінамі. Асноўны кантэнт каналу — кароткія аналітычныя тэксты, якія можна прачытаць за некалькі хвілінаў і скласьці сваё ўражаньне пра падзею — напрыклад, пра апошняе пасланьне Лукашэнкі.
Арцём скончыў БДУ, мае дыплём бакаляўра міжнароднага права, магістар Лёнданскай школы эканомікі.
«Хромой Бес»
Прамы інсайт з урадавых кабінэтаў і зьлівы ад праваахоўнікаў — так сябе пазыцыянуе гэты тэлеграм-канал. Ён мае амаль 5 тысяч падпісчыкаў і вельмі дынамічна расьце. Хто аўтары каналу — невядома. Адны кажуць, што гэта сапраўды чыноўнікі, іншыя — што канал завялі журналісты, бо так можна публікаваць факты без праверкі. У апісаньні канала пазначана, што факты могуць быць неправераныя.
«Дунем, Марцінкевіч?»
Тэлеграм-канал на 725 падпісчыкаў, цікавы тым, што яго вядзе юрыст, экспэрт у беларускім праве. У сваім канале ён аналізуе палітычныя падзеі ня толькі як аглядальнік, але часам закранае і юрыдычны бок. Дагэтуль аўтар меў твітэр-акаунт, у якога цяпер 1,6 тысячы падпісчыкаў.
Telegram з кожным годам становіцца ўсё мацнейшым палітычным інструмэнтам. Напрыклад, самы вялікі апазыцыйны канал у Расеі «СталинГулаг» мае амаль 400 000 падпісчыкаў. Нядаўна стала вядома і імя яго аўтара — гэта 27-гадовы Аляксандар Гарбуноў родам з Махачкалы, хворы на сьпінальную атрафію цягліцаў.
У Расеі мэсэнджэр спрабавалі блякаваць, але гэта ня вельмі ўдалося. Тады ўлады пайшлі іншым шляхам, стварыўшы шэраг ананімных палітычных каналаў, якія зьліваюць кампрамат на канкурэнтаў і пачынаюць інфармацыйныя войны з цэлымі краінамі.
Яскравы прыклад — гісторыя з «інсультам Лукашэнкі», якую запусьціў канал «Незыгарь». Але і беларускім, і расейскім каналам яшчэ вельмі далёка да таго ж Ірану, дзе на каналы апазыцыі падпісаныя мільёны чалавек.