Кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Грыцак і міністар абароны краіны Сьцяпан Палтарак падалі ў адстаўку. Гэта адбылося пасьля інаўгурацыі прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага.
У сваёй першай прамове ў якасьці кіраўніка дзяржавы Зяленскі заявіў пра неабходнасьць адстаўкі кіраўнікоў СБУ, Мінабароны і Генпракуратуры. Пра пакіданьне пасады генпракурора Юрыем Луцэнкам пакуль не паведамляецца.
Раней пра свой сыход з пасадаў паведамлялі сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксандар Турчынаў і кіраўнік МЗС Паўло Клімкін.
Акрамя таго, прэзыдэнт заклікаў да адстаўкі ўрад і заявіў, што распускае Вярхоўную Раду. Віцэ-сьпікер парлямэнту Ірына Герашчанка назвала роспуск парлямэнту неканстытуцыйным.
Пазьней стала вядома, што пра сваё рашэньне падаць у адстаўку абвясьціў прэмʼер-міністар Уладзімір Гройсман. Адпаведную заяву ён зрабіў на спэцыяльна скліканым брыфінгу. Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, Гройсман падкрэсьліў, што прыняў рашэньне яшчэ ў сераду, пасьля чарговага пасяджэньня ўраду. Афіцыйную заяву аб адстаўцы ён падасьць 22 траўня.
Пры гэтым кіраўнік Кабміна Украіны адзначыў, што яму ня сорамна за ўсё, што было зроблена за тыя тры гады, пакуль ён займаў сваю пасаду. Таксама ён выказаў упэўненасьць, што ў новым складзе рады зможа сфармаваць каманду разам са сваімі аднадумцамі.
Згодна зь дзейным заканадаўствам Украіны, адстаўка прэмʼер-міністра цягне за сабой адстаўку ўсяго кабінэта міністраў, але чальцы ўраду павінны працягваць выконваць свае абавязкі да моманту фармаваньня новага складу Кабінэта міністраў. Ён, у сваю чаргу, павінен быць сфарміраваны Вярхоўнай Радай.
Для таго каб рашэньне Зяленскі аб роспуску парлямэнту ўступіла ў законную сілу, патрэбен прэзыдэнцкі ўказ. Ужо заўтра Зяленскі сустрэнецца з гэтай нагоды з прадстаўнікамі фракцый. Некаторыя зь іх — у прыватнасьці, «Народны фронт» — зьбіраюцца аспрэчыць рашэньне прэзыдэнта. Папярэдне вядома, што датэрміновыя выбары ў парлямэнт могуць прайсьці 14 ліпеня. Да гэтага дня дэпутаты будуць захоўваць свае паўнамоцтвы.
У Эўразьвязе чакаюць, што роспуск Вярхоўнай Рады ва Ўкраіне пройдзе ў адпаведнасьці з законам, а датэрміновыя выбары будуць свабоднымі, справядлівымі і вартымі даверу.
Дзейная Вярхоўная Рада была абраная восеньню 2014 году. У яе складзе ў Зяленскага няма сваёй фракцыі. Паводле апытаньняў, яго партыя «Слуга народу» магла б прэтэндаваць на перамогу, калі б парлямэнцкія выбары прайшлі сёньня.
Сацыёлягі таксама адзначаюць, што, калі б выбары прайшлі па новай партыйнай сыстэме, а не па дзейнай зьмяшанай (палова складу Рады выбіраецца ў акругах, а яшчэ палова — паводле партыйных сьпісаў на прапарцыйнай аснове. — РС), Зяленскі мог бы атрымаць падкантрольныя яму кааліцыю і ўрад. Для рэалізацыі такога сцэнару неабходна, каб цяперашняя Рада зацьвердзіла партыйную сыстэму выбараў.