У Сьледчым камітэце Беларусі заявілі, што асноўная вэрсія сьмерці супрацоўніка ДАІ ў Магілёўскай вобласьці — суіцыд.
«Асноўная вэрсія сьмерці — суіцыд», — заявіў начальнік галоўнага сьледчага ўпраўленьня СК Яўген Архірэеў на брыфінгу ў панядзелак у Мінску.
Сьледзтва «напэўна пацьвердзіла» інфармацыю пра факт спробы супрацоўніка ДАІ Яўгена Патаповіча зьвесьці рахункі з жыцьцём у красавіку.
У выніку вывучэньня ноўтбука Яўгена Патаповіча апэратыўнікі ўстанавілі, што 1 красавіка ён падрыхтаваў шэраг паведамленьняў сваім супрацоўнікам і сваякам.
«Паведамленьні маюць зьвесткі пра яго суіцыдальныя намеры. Шэраг гэтых паведамленьняў ён накіраваў сваім знаёмым», — адзначылі на брыфінгу.
Інфармацыя пра выкраданьне на «Волзе» не пацьвердзілася
Інфармацыя аб тым, што інспэктара ДАІ скралі на чорнай «Волзе» і забілі, афіцыйнага пацьверджаньня не знайшла, заявілі ў Сьледчым камітэце.
Паводле сьледчых, згаданы аўтамабіль «у пэрыяд з 18 да 21 гадзіны 16 траўня на відэазапісах з камэр вонкавага назіраньня па вуліцах Першамайскай і Крупскай не зафікасаваны».
16 траўня а 20-й гадзіне ўсім пастам і супрацоўнікам міліцыі разаслалі інфармацыю, што афіцэра зьвезьлі на легкавым аўтамабілі ГАЗ («Волга») чорнага колеру з танаванымі вокнамі і расейскімі рэгістрацыйнымі нумарамі.
Патаповіч сапраўды напісаў пра сваё «выкраданьне» ў Viber
Ужо пасьля завяршэньня брыфінгу афіцыйны Telegram-канал СК удакладніў, што лейтэнант Патаповіч сапраўды адправіў паведамленьне калегам у Viber аб уласным «выкраданьні» (у ім згадвалася чорная «волга» і асобы цыганскай нацыянальнасьці). Гэта пацьвярджаецца вывучэньнем яго тэлефона, канфіскаванага з месца здарэньня.
«Улічваючы ўстаноўленыя на сапраўдны момант абставіны, сьледзтва прыходзіць да высновы, што яно было адпраўлена з месца здарэньня самім маладым чалавекам перад зьдзяйсьненьнем суіцыду для таго, каб яго хутчэй выявілі».
Ці былі рукі міліцыянта ў кайданках?
Раней Сьледчы камітэт заяўляў, што цела лейтэнанта міліцыі было знойдзена з «прыкметамі гвалтоўнай сьмерці». Tut.by паведамляў са спасылкай на ўласныя крыініцы, што ягоныя рукі былі ў кайданках.
Аднак падчас брыфінгу 20 траўня прадстаўнікі СК і МУС сказалі, што «на целе супрацоўніка ня знойдзена цялесных пашкоджаньняў, акрамя агнестрэльнага раненьня». Яны назвалі дэзынфармацыяй паведамленьні, што рукі супрацоўніка былі «далонямі вонкі».
Пры гэтым на відэа, якое прадэманстравалі на брыфінгу, відаць, што рукі міліцыянта сапраўды ў кайданках.
У СК акцэнтавалі ўвагу на тым, што ніякіх раненьняў у вобласьці пахвіны не было, кроў на ніжняй бялізьне апынулася там з-за позы цела.
«Дрэнная якасьць і ракурс фота дазваляюць раскручваць гэтую «вэрсію», бо іх аўтары разумеюць, што здымак буйным плянам ня будзе апублікаваны па этычных меркаваньнях», – адзначаецца ў дадатковай заяве СК пасьля брыфінгу.
Адсутнасьць на міліцыянце штаноў у СК патлумачылі тым, што яны згарэлі «з дапамогай вадкасьці для распальваньня». Па вэрсіі сьледзтва, загіблы зрабіў гэта наўмысна.
Купіў дровы і рыдлёўку
Паводле сьледчых, падчас агляду месца здарэньня знойдзены табэльны пісталет, два магазыны, 15 патронаў, тры пакеты дроў, вадкасьць для распальваньня, іншыя асабістыя рэчы. Каля 11 гадзін у адной з крамаў Магілёва Патаповіч купляў дровы, вадкасьць для распальваньня агню і рыдлёўку, пра што сьведчыць запіс з усталяванай у краме відэакамэры.
«Сьледзтва ўстанавіла ўсе дзеяньні Патаповіча ў дзень гібелі да 18 гадзін, калі ён на спадарожным аўтамабілі дабраўся да чыгуначнага пераезду ў раёне вуліцы Першамайскай і Вакзальнай. У гэты дзень супрацоўнік самастойна прыняў рашэньне выбыць ва ўказанае месца, праігнараваўшы ўказаньні апэратыўнага дзяжурнага выбыць для афармленьня дарожна-транспартнага здарэньня на завулку Арлоўскім», — сказаў прадстаўнік Сьледчага камітэту.
Як паведаміў намесьнік начальніка Крымінальнага вышуку МУС Беларусі Максім Сьвірыд, супрацоўнікі органаў унутраных спраў «праводзяць цяпер мерапрыемствы, накіраваныя на ўстанаўленьне аўтамабіля і асобы, якая з 18.23 гадзін магла давезьці Патаповіча фактычна да месца падзей, якія адбыліся».
Увечары 16 траўня зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ 22-гадовы Яўген Патаповіч. Міліцыю Магілёўскай вобласьці паднялі па трывозе, у рэгіёне ўвялі ў дзеяньне плян «Сырэна», на дарогах па ўсёй Беларусі выставілі блёкпасты. Пазьней стала вядома, што выкрадзенага міліцыянта знайшлі мёртвым у лесе за два кілямэтры ад Магілёва, у лесапаласе каля аўтадарогі Р123 (Прысна — Масток — Дрыбін — Горкі). Меркавалася, што супрацоўнік ДАІ адзін выехаў на выклік у магілёўскі мікрараён Чапаеўка і быў захоплены.
Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле арт. 362 КК — забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў пры выкананьні ім абавязкаў па ахове грамадзкага парадку.
Яўгену Патаповічу было 22 гады. Нарадзіўся ён у 1996 годзе ў Магілёве. У 2018 годзе скончыў Магілёўскі інстытут МУС Рэспублікі Беларусь. Працаваў інспэктарам дарожна-патрульнай службы 1-га ўзводу батальёну дарожна-патрульнай службы ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкаму.