У Магілёве сёньня разьвітваюцца з 22-гадовым Яўгенам Патаповічам — супрацоўнікам міліцыі, якога забілі ў чацьвер, 16 траўня.
Разьвітаньне пачалося а 9-й гадзіне і працягнецца да 12-й. Яно праходзіць у будынку абласной філярмоніі ў цэнтры Магілёва.
Рух па вуліцы Першамайскай вуліцы часткова перакрыты, каб там маглі паркавацца супрацоўнікі міліцыі, якія прыяжджаюць на разьвітаньне.
«Чакаецца вельмі шмат людзей. Сёньня прыедуць міліцыянты з усёй краіны», — сказаў адзін зь міліцыянтаў.
Каля 10-й гадзіны да труны зь целам Яўгена пачалі па чарзе падыходзіць дэлегацыі розных структур сілавых ведамстваў. Былі прадстаўнікі дарожна-паставой і патрульна-паставой службаў, Сьледчага камітэту. Выдзяляецца формай кіраўніцтва магілёўскага АМАПу.
Каля 10:30 пачалося адпяваньне з праваслаўным сьвятаром. У невялікім фае філярмоніі не зьмяшчаюцца ўсе людзі, таму шмат хто стаіць ля ўваходу.
Прыехала кіраўніцтва МУС зь Менску.
На разьвітаньне прыйшло вельмі шмат супрацоўнікаў міліцыі. Самая вялікая група – супрацоўнікі дарожна-паставой службы. Менавіта ў гэтай структуры працаваў Яўген Патаповіч.
Прыйшлі школьныя сябры, шмат вучняў розных клясаў зь 7-й школы, дзе вучыўся Яўген.
«У іх была дружная кампанія, звычайна пасьля школы людзі разыходзяцца, а яны добра сябравалі. Жыцьцялюб. Такім быў Жэня», — сказала Алена Громава, якая добра ведала Яўгена.
На разьвітаньне зь Яўгенам прыйшлі ня толькі сваякі і калегі, але і шмат шараговых магілёўцаў.
«Не магу прыйсьці ў сябе пасьля гэтага дзікага выпадку. Я прыйшла аддаць даніну пашаны гэтаму хлопцу», — сказала Вольга Мікалаеўна, чый унук навучаецца на міліцыянта зараз.
Яўгена Патаповіча пахавалі ў вёсцы Вішоў у 30 кілямэтрах ад Магілёва. Адсюль праходзіць ягоная бабуля Ніна, разам зь якой малады міліцыянт жыў у Магілёве.
Увечары 16 траўня зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ Яўген Патаповіч. Меркавана, ён адзін выехаў на выклік у магілёўскі мікрараён Чапаеўка і быў захоплены. Пазьней Патаповіча знайшлі мёртвым.