Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбагацейшы ў сьвеце чалавек паказаў праект апарата калянізаваць Месяц


Джэф Бэзас на прэзэнтацыі апарата Blue Moon
Джэф Бэзас на прэзэнтацыі апарата Blue Moon

Найбагацейшы​ чалавек у сьвеце Джэф Бэзас прадставіў праект месяцовага пасадачнага модуля, распрацаванага ягонай прыватнай касьмічнай кампаніяй Blue Origin. Апарат Blue Moon мае дастаўляць людзей і грузы​ на паверхню спадарожніка Зямлі. «Надышоў час вярнуцца на Месяц. Цяпер — каб застацца», — заявіў Бэзас на прэзэнтацыі.

Бэзас, вядомы як энтузіяст заваяваньня космасу, сам прадставіў свой месяцовы модуль. Паводле яго ацэнкі, касьмічны апарат зможа зьдзейсьніць першую камэрцыйную пасадку на Месяц ужо да 2024 году. Да таго часу яго кампанія плянуе наладзіць рэгулярныя запускі ракеты-носьбіта, здольнай выводзіць апарат на арбіту Месяца. У Blue Origin лічаць рэальнай пэрспэктывай заснаваць пастаянную базу на спадарожніку Зямлі, апошні раз чалавек быў на ім у 1972 годзе.

У кастрычніку летась кампанія заключыла пагадненьне з НАСА на распрацоўку пасадачнага месяцовага модуля. Прадстаўленая вэрсія Blue Moon здольная дастаўляць на Месяц грузы масай да 3,6 тоны. На прэзэнтацыі абвешчана, што распрацаваная і пасажырская вэрсію модуля, здольная дастаўляць грузы масай да 6,5 тон. Паводле Бэзаса, апарат зможа дастаўляць на Месяц да чатырох усюдыходаў або ўзьлётную прыступку, якая дазваляе вяртаць астранаўтаў на арбіту.

Кампанія Бэзаса разьлічвае забясьпечыць пілятаваныя палёты на Месяц да 2024 году. На гэты час НАСА заплянавала вяртаньне амэрыканскіх астранаўтаў на Месяц. Падрадчык для палёту яшчэ не абраны — на пілятаваныя палёты да Месяца прэтэндуюць SpaceX Ілона Маска і яшчэ некалькі прыватных амэрыканскіх кампаній.

Месяцовы модуль — не адзіны праект Бэзаса ў космасе. Заснавальнік Amazon, чыё багацьце ацэньваецца часопісам Forbes у 131 мільярд даляраў, стварыў Blue Origin у 2000 годзе. Кампанія распрацоўвае шматразовую ракету New Shepard з капсулай для касьмічнага турызму (праводзіць тэставыя палёты) і цяжкую ракету-носьбіт New Glenn з шматразовай першай ступеньню.

У новай месяцовай гонцы ўдзельнічаюць тры краіны. У 2017 годзе прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў «Дырэктыву па касьмічнай палітыцы», згодна зь якой НАСА плянуе адправіць пілятаваную місію на Месяц не пазьней за 2023 год (пазьней тэрмін быў перанесены на 2024-й). Не пазьней за 2030 накіраваць чалавека на Месяц плянуе Кітай, да 2031 году — Расея.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG